Хадановіч: «Мне б хацелася, каб мы не згубілі маральных заваёваў лета і восені 2020-га»

Паэт і перакладчык — пра рускую культуру і тэму вайны ў беларускай сучаснай літаратуры.

Андрэй Хадановіч

— Мы наскрозь каланізаваныя і жывем у рускім культурным полі. Нам проста нельга заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што гэтага няма, — кажа Андрэй Хадановіч у эфіры «Е*рарадыё».

Праз некалькі дзён нашыя дзеткі прыйдуць у школу, і ім будуць выкладаць рускую літаратуру разам з мовай. У тым ліку імперскія тэксты, дзе «бацылы» рускай культуры незаўважна хаваюцца.

Казачка, мама ў знакамітай «Казачьей колыбельной песне» гайдае дзіця ў калысцы, і ўсё, што яна можа сказаць свайму младзенцу: «Спи, младенец мой прекрасный». А потым раптам страфой ніжэй: «Злой чечен ползет на берег, точит свой кинжал». Што гэта, як не праграма, скіраваная ў нейкі бок агрэсіі і забойстваў?

І дзіцёнак ужо не мае выбару пасля такой калыханкі, ён таксама мусіць як і яго стары тата ўзяцца за кінжал і рэзаць чачэнцаў на іх зямлі, куды іх ніхто не запрашаў.

Хадановіч таксама сказаў, што заўважыў у сучаснай ваеннай беларускай літаратуры не ідэю перамагчы ў якой-небудзь справядлівай вайне ці даць адпор несправядлівым агрэсарам.

Беларуская тэма вайны — застацца чалавекам насуперак усяму. Альбо паказаць пад мікраскопам, як легка згубіць чалавечае аблічча, але ёсць шлях і застацца чалавекам. Тое, што пішуць беларусы, мне хутчэй здаецца вершамі падтрымкі і салідарнасці.

— Мы здорава наступілі на граблі пасля 2020 году, калі шлі ў выгнанне, турмы ці ўцякалі ад турмаў, але з высока паднятай галавой. А потым паляцелі ракеты, і гэтая галава ўнурылася ў плечы. Мне б хацелася, каб мы не згубілі маральных заваёваў лета і восені 2020-га.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)