Адной з акалічнасцяў быў перадсмяротны верш, які Міхась Чарот, спрабуючы дакрычацца пра сваю невінаватасць надрапаў у «амерыканцы» на сценах камеры, у якой праз два гады Мікола Хведаровіч знайшоў гэты надпіс.
Хадановіч: «Катаў, забойцаў і тэрарыстаў мы, безумоўна, пераможам»
«Вяртайма памяць пра адно з найцікавейшых беларускіх пакаленняў у літаратуры, бо гэта справа нашага культурнага багацця, і гэта справа нашай самапавагі» – заклікае ў новай лекцыі на сваім ютуб канале паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч.
– «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ» – гэтыя словы паэта Тодара Кляшторнага трапна характарызуюць лёс аднаго з найяскравейшых і старанна з дапамогай улады забытага пакалення беларускіх літаратараў. Чаму так здарылася? Можа быць, таму што гісторыя НКВД, ГПУ не скончылася і да сёння? – задаецца пытаннем Хадановіч.
Усе гэтыя творцы, з аднаго боку, былі ў свой час рэабілітаваны. Для частцы з іх былі выдадзены кніжкі, але кніжкі з недагаворкамі ў біяграфіях і цэнзурнымі купюрамі ў тэкстах…
Напрыклад, усе ў школе чыталі беларускага паэта Міхася Чарота, але там нам ніколі не казалі пра акалічнасць ягонай смерці.
Так, Хведаровіч пісаў: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камеру, уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісу і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкулупаны нечым вострым на сцяне».
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!» (1937)
Хадановіч прыводзіць яшчэ адзін прыклад таямніцы біяграфіі Міхася Чарота. Дакладней, самыя вядомыя яго радкі, пра якія мала хто ведае, што жыццё ім даў менавіта паэт.
Хаця ж на вуліцах падчас маршаў і пратэстаў у 2020 годзе безабаронныя, апранутыя ў белым дзяўчаты, жанчыны, бабулі, хлопцы, мужчыны спявалі словы гэтай песні, якая дзесяцігоддзямі лічылася безыменнай і фальклорнай, а насамрэч да яе стварэння прыклаў руку Міхась Чарот.
Для сваёй п’есы на Купалле Чарот, апрацаваўшы фальклорныя матывы, напісаў словы песні «Купалінка». А песняй яе зрабіў, вядома ж, кампазітар Уладзімір Тэраўскі.
«Купалачка, дзе твая дачка? А ў гародзе на пагодзе красачкі рвець, вяночкі ўець» – так яшчэ ў 1846-м годзе Ян Чачот запісаў фальклорную песню на Падзьвінні. Што зрабіў з яе потым Міхась Чарот вы ўсе добра ведаеце.
Апроч Міхася Чарота, Андрэй Хадановіч узгадвае таксама Алеся Дудара, Юлія Таўбіна, Тодара Кляшторнага і Мойшэ Кульбака, збор твораў якога нядаўна быў выдадзены ў Празе на ідышы і па-беларуску.
Хадановіч заклікае цікавіцца беларускай літаратурай і надае аптымізму ў змрочную сучаснасць:
Мы не перакрочым у шчаслівую будучыню не разабраўшыся належным чынам з нашым трагічным мінулым, – кажа ён. – Болей увагі да гэтага пакалення і, магчыма, мы дамо рады з сённяшнімі выпрабаваннямі і з сённяшнімі нашчадкамі катаў, забойцаў і тэрарыстаў, якіх мы безумоўна пераможам.
Читайте еще
Избранное