Беседка
Максім ЖБАНКОЎ

Хадановіч in love: вершы на «мыла»

Паэт Хадановіч — вершнік вершаў, джэдай роднай літаратуры, шоўмэн ад паэзіі, прывід Леанарда Коэна, што самотна плыве над палескімі балотамі. Сам сабе мэнэджэр, прадусар і рэклямны агент. Самы эўрапэйскі з паэтаў генэрацыі трыццацігадовых 18 студзеня а 18.00 у Палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41) прэзэнтуе сваю новую кніжку «Сто лі100оў на tut.by». Пра што з энтузіязмам распавёў «Салідарнасці».

— Імпрэза носіць назоў «Размова з рэхам» і гэта невыпадкова. Па-першае, акцыя будзе пабудавана як паэтычна-музычны пэрформанс, у якім возьме ўдзел літаратар Хадановіч, які будзе чытаць тэксты, і гурт з назваю «Рэха», які будзе сьпяваць свае песьні. Па -другое, сярод вершаў Хадановіча адзін з найбольш хуліганскіх носіць назву «Размова з рэхам». Гэтыя супадзеньні падаліся мне невыпадковымі. Ёсьць яшчэ некалькі сэнсаў. Ну што такое рэха дзесьці адзначыў Бродзкі, як не рыфма ў традыцыйнай паэзіі, будаваная на паўторы? Акрамя таго, для мяне істотна, каб тэкст ня толькі чытаўся вачыма на паперы, але і прамаўляўся ў пэўным месцы ў пэўны час, а значыць меў розгалас, пэўнае водгульле. Рэха — гэта, безумоўна, і тое, што ўзьнікне ў галаве прысутных слухачоў і гледачоў.

Я не называю ўсіх меркаваных удзельнікаў акцыі, баючыся сурочыць, так што будуць сюрпрызы — і што датычыць гасьцей, і што датычыць маіх паводзінаў.

— Вось гляджу я на авантурную назву «Сто лі100оў на tut.by» і думаю, ці ёсьць тут пэўны канцэптуальны сэнс?

— Канцэптуальнага сэнсу тут, відаць, няшмат. Ужываньне брэнда tut.by канцэптуальнае настолькі, наколькі першыя адрэсаты — чаго граху таіць, адрэсаткі — гэтых тэкстаў карысталіся гэтай службай. А потым я падумаў: добры ці дрэнны — ён наш у пэўным сэнсе. Тut.by выклікае ў мяне пэўную гаму асацыяцыяў кшталту «я нарадзіўся тут».

Хацелася ня столькі камэрцыйны брэнд скарыстаць, колькі выразіць штосьці патрыятычнае. З «соткаю» ў слове — так яно напісалася. Ня ведаю, ці таму «Наша ніва» зацікавілася маёй падтрымкай, але ў пэўны момант яны пайшлі маім шляхам і стырылі ў мяне слёган, калі напісалі «За100емся» на юбілейных цішотках;) Быць можа, формай аддаваньня доўгу было выданьне маёй кніжкі ў «Кнігарні «Нашай нівы». Я рады, што так склалася.

— Наколькі новая складанка адпавядае наяўнаму стану літаратара Хадановіча?

— Для мяне гэтая кніжка вельмі знакавая зь некалькіх прычынаў. Перш за ўсё, гэта самая сэнтымэнтальная, самая юная, самая чалавечная, на што — падкрэсьліваю — я аказаўся здольны: камусьці, можа, гэтай чалавечнасьці і ня хопіць. Альбо, наадварот, будзе зашмат. Для мяне кніжка сымптаматычная тым, што раней я, як чорт ладану, баяўся пэўных тэмаў і інтанацыяў, хаваючыся ад лірыкі ў суцэльную іронію, цытатнасьць і г.д. Мне захацелася паэкспэрымэнтаваць, скінуць гэта ўсё і пагуляцца ў простыя наіўныя пачуцьці.

«Лісты» — самая беларуская, самая тутэйшая з усіх маіх кніжак, адрасаваная айчыннаму чытачу. Пераважная колькасьць ня будзе перакладзена на іншыя мовы. Хіба толькі спэцыяльна паставіць гэта мэтай. Далей — кніжка задумвалася і вынікала з рэальнага інтэрнэт-ліставаньня. І мне хацелася, каб сьляды гэтай love story (або «мыльнай опэры» ад слова «мыла», яно ж mail) тут прасочваліся. Пасьля мне падалося, што гэтага мала, і я паспрабаваў спалучыць наіўную лірыку з адвечным хуліганствам, якое на вокладцы мне інкрымінуе спадар Фядута. Па-мойму, гэта пайшло на карысьць тэкстам.

— А ці не запозна ты ў лірыку ўдарыўся? Звычайна падобнымі рэчамі забаўляюцца нэрвовыя тынэйджары. Ты, атрымліваецца, у зваротны бок рухаесься: пачаў з прафэсійна цынічнага постмадэрну, а зараз вяртаесься да юнацкіх эмоцыяў і, суадносна, стылю…

— У кожнага свій біялягічны календар. Памятаю, у 14 год меў сур’ёзную псыхалягічную праблему: ніяк ня мог выціснуць зь сябе любоўнае прызнаньне сваёй сымпатычнай равесьніцы — а трэба было. Мне здавалася, што кожнае слова наскрозь фальшывае ад шматлікай ужыванасьці.

У гэтым сэнсе мой філялягічны цынізм пяці-, сямі-, васьмігадовай даўніны, мне зараз здаецца, у тым ліку, і формай уцёкаў ад нашмат больш простых словаў і рэчаў (сьвядома цытую пэўныя брэнды). Якія, тым ня менш, інснуюць. Іх можна замоўчваць, але, мне здаецца, гэта не на карысьць культуры. Эфэктная паэзія лёгка робіцца з чарнухі і суіцыдальнасьці, але цяжка зрабіць тое самае з наіўных кветачак і першага каханьня, каб гэта не было суцэльным кічам і гідотаю. Пэўнай мэтай — калі можна казаць пра мэты такога іррацыянальнага занятку, як паэзія — я сабе, відаць, ставіў зьляпіць што-небудзь зь сымпатычных амурных досьведаў. Таму ў кнізе так шмат калядна-падарункавага, любоўнай перапіскі, калыханак на ноч...

— То бок да падобнага кшталту лірыкі трэба дарасьці?

— Індывідуальна. Для мяне гэта здаецца ростам, хоць кожны чытач мае права палічыць гэта і дэградацыяй, і чым заўгодна.

— Ты не думаеш, што пасьля гэтай кніжкі можаш страціць частку аўдыторыі, прызвычаенай якраз да баявога Хадановіча, прафэсійнага гульца са словам?

— Па-першае, у гэтай кніжцы ёсьць розныя тэксты: хто дасьць сабе сілы і працу дачытаць да канца, пабачыць і згаданага гульца. Па-другое, кожнай новай кніжкай пэўных чытачоў страчваеш, а пэўных знаходзіш. Зь іншага боку, можа быць, хтосьці ўпершыню зацікавіцца Хадановічам, які не цікавіў яго раней. Але нікуды мы не дзенемся і ад гульца, і ад цыніка: сьвет навокал правакуе столькі цынічных гульняў, што, думаю, зьявяцца яшчэ баявыя кніжкі. А гэтая хай будзе саплівай і сэнтымэнтальнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)