Выборы-2020

«Хачу паказваць узор нармальных паводзін». Цапкала адказаў на абразу Лукашэнкi

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Горадні на Савецкай плошчы 5 чэрвеня. Ён адказаў на пытаньні гарадзенцаў пра АЭС, беларускую мову і войска, піша Радыё Свабода.

На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты прыйшло больш за сотню чалавек.На пытаньне, як ён ставіцца да беларускай мовы, Цапкала ў адказе ўжыў толькі адзін выраз па-беларуску — «матчына мова», астатняе было па-расейску. Ён адзначыў, што ў школе па беларускай мове меў «5» па 5-бальнай сыстэме, а па расейскай мове — «4».

«Я, канечне, абяцаю, што буду падцягваць. Я крышку саромеюся пакуль размаўляць, але мне трэба гэты недахоп... Я ўрачыста абяцаю, што я яго вельмі-вельмі хутка ліквідую. Проста не было неабходнасьці ў працы. Я цяпер разумею, што неабходна будзе ў будучыні паказваць прыклад выкарыстоўваньня нацыянальнай мовы», — паабяцаў вылучэнец у кандыдаты ў прэзыдэнты.

На пытаньне, чаму ён не адказаў, калі яго абразіў Аляксандар Лукашэнка, Цапкала сказаў, што ня хоча карыстацца такімі мэтадамі дыскусіі.

«Я хачу паказваць узор нармальных паводзін, нармальнай дыскусіі. Я не хачу скочвацца да такога ж узроўню і адказваць такім жа чынам», — падкрэсьліў ён.

Цапкала лічыць, што войска павінна быць прафэсійным.

«Павінен быць конкурс у войска. Сёньня, я ўпэўнены, чалавек, які кіруе дронам, больш эфэктыўны за 10 тысяч чалавек з аўтаматам Калашнікава», — сказаў Цапкала.

На ягоную думку, мужчынам варта прысьвяціць некалькі дзён, каб навучыцца зьбіраць і разьбіраць аўтамат, страляць па мішэнях на палігоне — і гэтага дастаткова ў пляне вайсковай падрыхтоўкі.

На думку Цапкалы, Беларусь ня здолее супрацьстаяць NATO або Расеі, нават калі б аддавала ўсе сродкі на ўзбраеньне.

БелАЭС Цапкала назваў сур’ёзнай праблемай.

«Я мяркую, гэта было калясальнай памылкай — пазычаць грошы ў Расеі, дзе ў нас няма ні тэхналёгій, ні сыравіны», — сказаў выступоўца.

Ён гатовы яе закрыць, калі выдаткі возьме на сябе Эўразьвяз.

«Калі гэта сур’ёзная заклапочанасьць з боку Літвы, краін Эўразьвязу... Хлопцы, дайце нам 10 мільярдаў, мы закрыем атамную электрастанцыю, мы расплацімся з Расеяй і закрыем гэтую атамную электрастанцыю», — заявіў Цапкала і выклікаў воплескі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(63)