«Хацеў у францускі Замежны легіён — трапіў на Данбас»

Як загінулі магілёўцы, што ваявалі на баку так званай ДНР.

У вёсцы Навасёлкі, што пад Магілёвам, цягам аднаго году загінулі два жыхары, якія ваявалі на баку так званай ДНР.

Уладзімер Ястрабаў, які ваяваў на баку самаабвешчанай ДНР. Фотаздымак зь ягонай старонкі «УКантакце»

Пра сьмерць Уладзімера Ястрабава паведаміў Цэнтар дасьледаваньня прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны «Міратворца». На сайце няўрадавай арганізацыі адзначана, што «беларускі найміт ліквідаваны ў лютым 2016 году».

​Годам раней на Данбансе загінуў жыхар Навасёлак Аляксандар Мельнікаў. Пра ягоны лёс расказалі аднавяскоўцы.

Ястрабаў рваўся ў бой

Уладзімер Ястрабаў і Аляксандар Мельнікаў пахаваныя на Навасёлкаўскіх могілках. На мармуровых помніках высечаныя партрэты маладых мужчын, якія не пражылі і трыццаці гадоў.

Помнік на магіле Ўладзімера Ястрабава. Навасёлкі, Магілёўская вобласьць

Старэйшаму Ўладзімеру было дваццаць дзевяць. Яму пашчасьціла ацалець на Данбасе, але, вяртаючыся з вайны, ён таямніча загінуў у лесе між Масквой і Санкт-Пецярбургам. Аляксандр згарэў у танку на фронце, не дажыўшы да дваццаці сямі гадоў месяц. Абодва сваіх сем'яў ня мелі.

— Уладзімер быў няўрымсьлівым чалавекам. Ён ірваўся ў бой. Ягоная натура патрабавала, каб у руках была зброя і каб ваяваць, — расказвалі пра Ястрабава дарогаю на могілкі два ягоныя сябры.

Апошні фотаздымак, які зьявіўся на старонцы Ўладзімера Ястрабава «Укантакце»

— Грошы Ўладзімера не асабліва цікавілі, — гаварылі яны, — хоць, як кажуць, на Данбасе ў яго нібыта праблемы з заробкамі былі. Пра тое, у чым ён там удзельнічаў, не гаварыў. Адтуль болей у Беларусь не вяртаўся. Толькі тэлефанаваў ды рэгулярна выкладаў фоткі на сваю старонку «УКантакце». Цяпер іх там значна меней.

Уладзімер Ястрабаў служыў у спэцназе ўнутраных войск МУС «Аколіца» у вайсковай частцы 3310 пад Менскам. Паводле ягоных сяброў, пасьля войска працаваў у магілёўскіх начных клюбах ахоўнікам. На помніку датай сьмерці Ястрабава пазначана 20 студзеня 2016 году.

У зону баявых дзеяньняў, казалі суразмоўцы, спасылаючыся на самога Ястрабава, ахвотныя ваяваць на баку ДНР траплялі праз Варонеж. У гэтым горадзе іх рыхтавалі і пасьля перакідвалі на Данбас. Зь іх слоў, у Ястрабава на Данбасе быў знаёмец, зь якім ён перамаўляўся, як туды выправіцца.

Хацеў у францускі Замежны легіён — трапіў на Данбас

— Як дэмабілізаваўся, дык часьцяком згадваў францускі легіён. Нібыта і дакумэнты падаў, і заяўляў, што яго туды ўжо і звалі. Але чамусьці, як усё роўна адным днём, вырашыў падацца на Данбас. Разам зь ім паехаў і Мельнікаў, — казалі сябры пра Ўладзімера Ястрабава.

Апынуцца сярод вайскоўцаў гэтага падразьдзяленьня ўзброеных сілаў Францыі, куды набіраюць найперш іншаземцаў, для былога спэцназаўца было марай.

Цяпер у Навасёлках распавядаюць, што Ястрабава знайшлі ў лесе ў Расеі падвешаным на бандане яго знаёмца, зь якім нібыта разам былі на Данбасе.

Дом у Навасёлках, у якім жыў Уладзімер Ястрабаў

— Пальцы на руках у Лабуса (вясковая мянушка Ястрабава. — РС) былі панявечаныя, — казалі хлопцы. — Галава была ў гузаках. І на нагах таксама нешта было з пальцамі. Што зь ім рабілі, невядома. З Расеі яго прывезьлі не адразу. Ён яшчэ 21 дзень ляжаў у замарозцы.

Бацькі Ўладзімера Ястрабава, сказалі суразмоўцы, за Савецкім Саюзам жылі ў Літве, таму і маюць мянушку «лабусы». У Беларусь Ястрабавы перабраліся незадоўга да развалу Саюзу.

На старонцы «УКантакце», створанай да Данбасу, Ястрабаў свае палітычныя погляды адзначаў як памяркоўныя. У разьдзеле «сьветапогляд» выбранае праваслаўе. Уладзімер захапляўся боксам ды ўсходнімі адзінаборствамі. Прыватных зьвестак на старонцы няма. На ёй засталіся фатаздымкі Ястрабава ў вайсковай форме і са зброяй. Адзін з апошніх — з кулямётам і прыкрытым тварам — выстаўлены 18 сьнежня 2015 году. Праз два месяцы, 26 лютага 2016 году, на старонцы поўна жалобных камэнтароў.

Ястрабава дамоў цягнула, але ён баяўся перасьледу ўладаў

Праз сацыяльныя сеткі ўдалося скантактавацца са знаёмым Уладзімера Ястрабава, які ведаў яго па ўдзеле ў баявых дзеяньнях на Данбасе. Ён ня хоча, каб ягонае імя было згаданае, але расказаў, што на Данбас Ястрабаў прыехаў у кампаніі яшчэ трох мужчын. Адзін зь іх загінуў пад Дэбальцавым. Другі вярнуўся ў Беларусь і меў праблемы з спэцслужбамі. Ястрабаў таксама хацеў вярнуцца, але асьцерагаўся перасьледу ўлады.

— Дамоў яго цягнула, але ён баяўся ўладаў — не за сябе, а за родных, — кажа крыніца. — Да іх прыходзілі, ціснулі, каб Уладзімер вярнуўся. Пра перасьлед ён ведаў.

Кажа, што на Данбас яны прыбылі прыкладна ў адзін час і трапілі ў адно падразьдзяленьне. Былы найміт, аднак, пакінуў зону баявых дзеяньняў раней за беларуса. Што сталася прычынай ад’езду, не сказаў, заўважыў толькі, што «хутка туды вернецца».

Паводле яго, беларусы, якія ваююць на баку так званай ДНР, альбо асядаюць на Данбасе альбо шукаюць паратунку ў Расеі. Ястрабаў быў «ідэйным змагаром», а на рашэньне выправіцца ў зону баявых дзеяньняў паўплываў «ня столькі інтэрнэт, колькі тэлевізар».

На пытаньне, як ставіўся Ястрабаў да Лукашэнкі, суразмоўца адказаў:

— «Бацьку» ён ня ганіў. Ставіўся нармальна.

Мельнікава бацюшка не хацеў адпяваць

Непадалёк ад магілы Ястрабава ляжыць Аляксандар Мельнікаў. Сябры завуць яго «Мелам». Паводле іх, Аляксандар прабыў на Данбасе ня болей за месяц. За гэты час ні разу адтуль не азваўся. На помніку пазначана, што Аляксандар загінуў 16 лютага 2015 году.

Фотаздымак Аляксандр Мельнікава на яго магіле ў Навасёлках, Магілёўская вобласьць

Сяброў дзівіць, як яго маглі ўзяць у танкісты, бо адпаведных навыкаў той ня меў. На Данбас жа выправіўся за кампанію зь Ястрабавым. Разам яны там нібыта і ваявалі, няўпэўнена выказваюцца суразмоўцы.

— Хавалі Мельнікава ў закрытай труне. Па цела езьдзілі на Данбас сваякі, — казалі яны. — Праваслаўны сьвятар не хацеў адпяваць Аляксандра, дык давялося дужа прасіць. Бацюшка казаў, што яму вядома, каго хаваюць і дзе загінуў хлопец.

Пра Ўладзімера і Аляксандра сябры нічога кепскага ня кажуць. Адзначаюць, што былі таварыскімі. Дапамагалі тым, хто меў патрэбу ў дапамозе. Але матывы, якія змусілі іх паехаць на Данбас, застаюцца для суразмоўцаў незразумелымі.

Крыж на магіле Аляксандра Мельнікава. Навасёлкі, Магілёўская вобласьць

— Яны былі наймітамі і забівалі, напэўна, цывільнае насельніцтва. Войны розныя ж бываюць, але яны былі не на той..., — сказаў на магіле Ястрабава адзін зь ягоных сяброў.— Трэба было табе туды ехаць, Лабус неразумны, — прамовіў, гледзячы на высечаны на помніку партрэт, хлопец.

— Калі б «бацька» плаціў троху, то ніхто туды і ня ехаў бы, — пасьля паўзы кажуць хлопцы. — Але ён скнара. Пра свайго «князька» дбае толькі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)