Общество
Аліна Таранік

«Хацелася далучыцца да чагосьці, што звязана з гісторыяй» (фотарэпартаж)

Карэспандэнт «Салідарнасці» адправілася ў вёску Сынкавічы, дзе пад кіраўніцтвам мастака Алеся Пушкіна валанцёры змываюць са сценаў алейную фарбу. У надзеі знайсці старажытны роспіс фрэскамі ў царкве-крэпасці ХV стагоддзя.

Вёска Сынкавічы знаходзіцца ў пятнадцаці кіламетрах ад Слоніма. Жыве ў ёй крыху больш за трыццаць чалавек. Царква Святога Міхала Арханёла стаіць проста ў кукурузным полі, аднак гэта не спыняе паломнікаў і турыстаў з розных гарадоў, краінаў і нават кантынентаў – яны наведваюцца ў храм на набажэнствы, вянчанні, хрышчэнне. Нягледзячы на добры вонкавы стан царквы-крэпасці, унутры яе сцены пафарбаваныя звычайнымі блакітнай і сіняй алейнымі фарбамі…

Сынкавіцкая царква, як адлюстраванне палітычнага рэжыму

– Яшчэ ў ХІ стагоддзі тут было сяленне, як мяркуецца, з драўлянай царквой і драўлянай крэпасцю. Пасля другога паўстання супраць тэўтонцаў у Прусіі ў 1276 годзе, некаторыя яго ўдзельнікі вымушаны былі бегчы, а ВКЛ дала ім прытулак. Частка з іх пасялілася ў Гародні, а частка – у Сынкавічах і ваколіцах. Можа таму будынак і падобны архітэктурай да прускіх цэркваў-крэпасцей, – разважае айцец Арсені Ананка, які працуе тут ужо не першы год і пры якім храм пачаў актыўна аднаўляцца.

Царква, па яго словах, была пабудаваная праваслаўнай, аднак была і ўніяцкай, потым некалькі разоў пераходзіла каталікам. У 1939 годзе храм быў зачынены, але змог папрацаваць яшчэ ў перыяд з 1942 па 1959 гады. А ў 1959 годзе царква была зачыненая ў сувязі з тым, што, згодна з дакументамі, «знаходзілася ў аварыйным стане» і магла разваліцца. Што не перашкодзіла ёй выконваць ролю сховішча гародніны на працягу трыццаці год.

– Побач з царквой зрабілі калгасны агарод, да таго ж у будынку царквы заўсёды прахалодна, – патлумачыў айцец Арсені.

Яшчэ нядаўна сынкавіцкая царква не толькі стаяла сярод калгаснага поля, але па два бакі ад яе месцліся фермы. Тры гады таму адна з іх развалілася і, па словах айца Арсенія, «была зруйнаваная, на яе месцы выкапалі яму і ўсё зраўнялі з зямлёй». Другая ферма, што знаходзіцца побач са святыняй, таксама дажывае – будынкаў у ёй ужо паменела.

Рэстаўрацыйныя працы

– У 1990-ыя людзі, атрымаўшы храм пасля занядбання, купілі алейнай фарбы, пры гэтым патраціўшы немалыя грошы, і сумленна пафарбавалі. Яны ж не ведалі, што нельга распісаныя ў XV стагоддзі сцены размалёўваць алейнай фарбай, – расказвае пра ініцыятыву вернікаў беларускі мастак Алесь Пушкін.

Пад слоем алейнай фарбы канца ХХ стагоддзя ляжыць слой фарбы канца ХІХ стагоддзя – тады царкву спрабаваў адрэстаўраваць святар Еўстафі Міхайлоўскі. (У тыя ж часы перад храмам з'явілася зусім іншая па стылі будовы званіца . Не з цэглы, а з каменю, «упрыгожаная» пазалочанай ужо ў нашыя дні макаўкай).

У мінулым годзе ў двух месцах на сценах храма ўскрыліся графіці на грэчаскай мове. Навуковец Генадзь Лаўрэцкі расшыфраваў іх.

«Смотрите, братия, чтобы кто не увлек вас философией и пустым обольщением по преданию человеческому, по стихиям мира, а не по Христу»

Нядаўна, атрымаўшы дазвол у Міністэрстве культуры, мастак Алесь Пушкін набраў брыгаду валанцёраў, якія прыступілі да змывання фарбы. У надзеі, што дзе-нідзе на сценах праявяцца старадаўнія фрэскі.

– Пакуль такую працу можна назваць мазнёй. Хочам спачатку змыць фарбу, якая не дае храму дыхаць, – кажа айцец Арсені. – Ідэя адрэстаўраваць царкву, зняць слой алейнай фарбы і паглядзець, ці праявяцца старажытныя фрэскі, была заўсёды. Хочацца захаваць царкву для нашчадкаў, захаваць гэты вялікі цуд, які падарыў нам Гасподзь, і які столькі часу стаіць з дапамогай Госпада.

Пушкін дэманструе план стратаграфіі сцяны XV стагоддзя цэнтральнай алтарнай апсіды

Цяпер працы вядуцца ў Святой Святых – алтары храма, таму жанчын і дзяўчат да рэстаўрацыйнага працэсу не дапускаюць. Ды і праца даволі цяжкая фізічна. Са 120 квадратных метраў сцяны, якую трэба адмыць, валанцёры пачысцілі 25 метраў. За кожны змыты метр фарбы працаўнікі атрымліваюць 80 тысяч. Працуюць звычайна з 9 да 19.00, але з перапынкамі на набажэнствы, вянчанні і іншыя праваслаўныя абрады, бо храм дзеючы. Напярэдадні праваслаўнага свята Іллі, у царкву-крэпасць прыехала дзве экскурсіі, і адна пара з Расіі здзейсніла тут абрад вянчання.

Валанцёры кажуць, што пакуль праявіўся толькі маленькі кавалачак фрэскі. У месцы, дзе добра замаляваць яго алейнай фарбай проста не атрымалася.

Рэстаўрацыя па тэхналогіі Пушкіна

Каб адрэстаўраваць царкву, Пушкін распрацаваў уласную тэхналогію:

– Накладваем растваральнік Б 52 прыкладна на палову кавадратныя метры, засцілаем цэлафанам, заклейваем лентай – ствараем лазню, каб пайшла рэакцыя. Праз 45 хвілін сашкабліваем, потым прамываем содавым растворам – гэта другі этап. Такім чынам змываем другі слой алейнай фарбы, бо ў 1870-1890 гады яна была арганічная, не такая моцная.

Паводле яго, гэты слой не мае ніякай каштоўнасці. Жоўтага колеру сцяну ХV стагоддзя валанцёры ўзмацняюць спецыяльным растворам слабай канцэнтрацыі.

Валанцёры

Карэспандэнт «Салідарнасці», наведаўшыся ў вёску напярэдадні праваслаўнага свята Іллі, застала на месцы двух валанцёраў: 75-гадовага Генадзя Аляксандравіча і 16-гадовага Ігната. Увогуле брыгадзір Пушкін адабраў сабе дзесяць самых надзейных працаўнікоў, якія працягнуць змыванне фарбы ў алтары пасля праваслаўнага свята.

– Валанцёры вельмі розныя. Ёсць і каталікі, і атэісты, але найбольш сярод іх праваслаўных. Тут і падлеткі, і людзі старэйшага ўзросту, – распавядае суразмоўца.

Генадзь Аляксандравіч быў лекарам-пульманолагам, потым працаваў у выдавецтве рэдактарам медыцынскай літаратуры, дзе ў часы перабудовы яму параілі дадаткова скончыць факультэт этыкі і эстэтыкі. Таму нешта пра рэстаўрацыю яму было вядома. Валанцёр узгадвае, як ўпершыню быў у Сынкавічах у 80-ыя, калі «будынак царквы быў шэрым, а ў самім храме аккурат клалі падлогу».

– Было ўражанне, што ткнеш пальцам – і царква разваліцца, – кажа Генадзь Аляксандравіч.

Валанцёр прыехаў сюды, бо дома ў яго зараз няма ніякіх справаў.

16-гадовы Ігнат, які вучыцца ў Варшаве, кажа, што да падобнай фізічнай працы прызвычаены, бо не раз дапамагаў рабіць рамонт.

– Хацелася далучыцца да чагосці, што звязана з гісторыяй. У нас вялікая гісторыя, але дзяржаве, на жаль, не трэба яе захаванне, – кажа Ігнат.

Жывуць валанцёры ў бабуляў, з якімі дамовіўся святар.

***

Мiж тым 22 жніўня будзе засядаць навукова-метадычная рада ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, якая вызначыць, ці размалюе і падыме колернасць магчымых фрэсак у царкве Алесь Пушкін.

Варта заўважыць, што Сынкавіцкай царкве – гэтак жа як Мірскаму і Нясвіжскаму замкам – прызначана найвышэйшая (нулявая) катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)