Комментарии
Уладзімір Някляеў, «Народная воля»

«Вызваленне палітвязняў — пазбаўленне ад нацыянальнай ганьбы!»

Дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам я жыву з пакутлівым адчуваннем віны. Пасля падзей 19 снежня, пасля Плошчы, пасля ўсіх расследаванняў і судоў, апынуўшыся няхай на аднойснай, але ўсё ж на волі, не магу пазбавіцца ад думкі, што нехта ў турме замест мяне.

Мае сябры, мае паплечнікі, кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2010 года. Разам з імі ў турмах тыя, хто галасаваў за нас, хто выйшаў, каб адстаяць права выбару, на Плошчу.

Мяне пераконваюць: яны выйшлі не праз твае заклікі, а праз поклічы свайго сумлення, праз адчуванне грамадзянскага абавязку. Так, але гэта ніяк не супакойвае. Не можа супакоіць, пакуль усе палітвязні, ні ў чым не вінаватыя людзі не займеюць свабоду. І яны займеюць яе, бо яны і ёсць людзі свабоды. Нават за кратамі яны вальнейшыя за тых, хто іх за краты кінуў.

Але чаму адчуваннем віны мучаюся я -- і не мучаюцца следчыя, пракуроры, суддзі? Міністры, старшыні ўсялякіх камітэтаў, вялікіх і малых саветаў? Кіраўнікі прэзідэнцкай Адміністрацыі? Улада, якая накінулася на мірных грамадзян, як на ўзброеных ворагаў? Ці нехта ў гэтай уладзе мучаецца, але моўчкі? Сам у сабе, у анучку? Тады што толку?.. Ці яна, гэтая дзіўная ўлада, хірургічна пазбаўленая пачуцця віны, сораму і ўсіх астатніх пачуццяў, апрача вернападданых? Але нават у гэтым выпадку ў ёй, калі яна ўлада, павінна быць пачуццё адказнасці за будучыню краіны. А значыць, разуменне таго, што склалася сітуацыя, у якой лёс палітвязняў -- гэта лёс народа.

Па звестках з турмаў і калоній, палітвязняў змушаюць пісаць просьбы аб памілаванні. Толькі ніхто з іх не хоча прасіць міласці, усе патрабуюць справядлівасці. Улада ж сілай напірае, каб папрасіліся. Значыць, разуменне неабходнасці вырашэння праблемы ёсць. Але якое? Не праз безумоўнае і неадкладнае вызваленне, як таго патрабуе сусветная дэмакратычная супольнасць, а праз катаванні, здзекі, прыніжэнне чалавечай годнасці. Усё больш звестак пра здзекі над Андрэем Саннікавым, Міколам Статкевічам, Зміцерам Усам, Мікітам Ліхавідам, Зміцерам Дашкевічам, Эдуардам Лобавым, Зміцерам Новікам, іншымі палітвязнямі. А над Зміцерам Бандарэнкам, над якім чынілі патайныя здзекі ў вязніцы і якому неабходна тэрміновая медыцынская дапамога, цынічна ўчынілі яшчэ і публічны здзек, прывёзшы яго ў шпіталь -- і тут жа забраўшы зноў у турму. З небяспечнай для жыцця хваробай знаходзіцца ў вязніцы Зміцер Буланаў. Ні за што адняўшы волю, у вязняў яшчэ могуць адняць і здароўе, жыццё. Калі такое станецца, вінаватым у гэтым не будзе даравання. Не даруе ім ніхто і ніколі.

Я па-чалавечы звяртаюся да начальнікаў, супрацоўнікаў турмаў і калоній: не паддавайцеся ціску ўлад, не здзекуйцеся з людзей, не ідзіце на злачынствы! Калі настане час суда, усе, хто вамі камандуе, хто стаіць над вамі, вымыюць рукі -- і адказваць давядзецца вам. А час гэты, час суда над тымі, хто забыўся на сумленне і сорам, дайце мне веры, не за гарамі.

Без неадкладнага вызвалення палітвязняў немагчыма вырашэнне ніякіх неадкладных праблем -- найперш эканамічных. Я хачу, каб усе зразумелі: каўбаса робіцца з палітыкі. Любая і ўсялякая. Крамная і пханая пальцам. Толькі ў адрозненне ад пханай пальцам каўбасы, якая самая лепшая, пханая пальцам палітыка -- самая кепская. А яна якраз у нас пхаецца і пхаецца. Адным і тым жа пальцам у адну і тую ж кішку.

Дэвальвацыя, інфляцыя, падзенне зарплат і пенсій, рост цэн -- гэта ўсё кепская палітыка. Усё гэта існуе не асобна ад палітзняволеных, а ў звязку з імі, у адным ланцугу. Ходзіць у адных кайданках. Чым даўжэй будуць знаходзіцца палітзняволеныя ў турмах, тым глыбейшым будзе крызіс у краіне. Пераадоленне інерцыі палітычнага мыслення -- ёсць галоўная ўмова пераадолення крызісу.

Вызваленне палітзняволеных -- гэта таксама неадменная ўмова дапамогі Беларусі з боку Еўрасаюза, ЗША. Дый з боку Расіі, якая выказалася наконт гэтага зусім недвухсэнсоўна. Вызваленне палітзняволеных -- гэта пазбаўленне ад міжнароднай ізаляцыі, ад нішчымнага, якое ўжо дыхае ў патыліцу, жабрацтва. У рэшце рэшт -- ад нацыянальнай ганьбы, калі раптам акажацца, што за кепскую палітыку, ці проста за бяздзеянне напярэдадні катастрофы давядзецца плаціць не толькі дабром, што нажытае на беларускай зямлі, але і самой беларускай зямлёй. Незалежнасцю. Свабодай, якую сёння павінны займець палітвязні, каб заўтра яе не згубілі ўсе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)