Вызначаны галоўны беларускі хіт сезону

Высілкамі прыхільнікаў беларускай музыкі і экспертнай рады з беларускіх тэлепрадусараў быў вызначаны галоўны беларускі хіт сезону. Ім стаў твор «Краіна 2.0» у выкананні каманды «Глюкі», запісанай пры ўдзеле яшчэ двух магілёўскіх выканаўцаў MAUZER і Green Che.

Цягам месяца на галоўным музычным інтэрнэт-партале краіны – «Тузін Гітоў» праходзіў выбар самых годных беларускамоўных твораў. У прэтэндэнтаў было 72 кампазіцыі выканаўцаў абсалютна розных жанраў, якія ўдзельнічалі ў хіт-парадзе цягам музычнага сезону 2009-2010. Шорт-ліст твораў было даручана скласці прадусарам тэлеканалаў, якія працуюць у Беларусі.

Кожны з экспертаў меў свае ўпадабанні.

– Мне падабаецца мэлодыка, гэта адна з прычынаў, чаму цяжкія гурты ў маім хіт-парадзе адсутнічаюць, – зазначыў дырэктар дырэкцыі музычных і забаўляльных праграмаў Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў.

Шмат адкрыццяў для сябе зрабіў генеральны прадусар СТВ Павал Каранеўскі. Асаблівы рэспект ён выказаў Юры Дземідовічу з беларускай версіяй «Чароўнага кроліка» і вакалістцы гурта Naka Насце Шпакоўскай.

– Я разам з ёй паміраю ды зноў нараджаюся, дзякуючы голасу і моцы пачуццяў», – прызнаўся прадусар. Музычны дырэктар тэлеканалу Белсат Вераніка Самолінская і дырэктар каналу A-ONE у Беларусі Алег Скарабагаты звярнулі ўвагу найперш на беларускі андэграўнд, а генеральны прадусар MTV-Беларусь Валянцін Грышко на патэнцыйную камерцыйнасць выканаўцаў.

Далейшы выбар быў за наведнікамі парталу «Тузін Гітоў». У змаганні на званне галоўнага беларускага хіта сышліся дзве каманды, якія прыпынілі дзейнасць, таму і падтрымка з боку іх прыхільнікаў была найбольш адчувальная. У выніку перамогу атрымаў гурт «Глюкі» з песняй «Краіна 2.0», запісанай пры ўдзеле гуртоў MAUZER і Green Che. Яна ўсяго на некалькі галасоў апярэдзіла гурт «Дзецідзяцей» з песняй «Раптам»

Восьмы па ліку сезон на «Тузіне Гітоў» стартуе 17 верасня. Па задумцы рэдакцыі хіт-параду, сёлета галасаванне стартуе з ПОП-тура, у якім возьмуць удзел як прызнаныя выканаўцы, так і тыя, якія толькі пачынаюць сваю музычную кар’еру.

Тузін лепшых беларускіх песень музычнага сезону 2009-2010 па версіі інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў»:

1. Глюкі feat. MAUZER і Green Che – Краіна 2.0

2. Дзецідзяцей – Раптам

3. Akute – Адзіноцтва

4. :B:N: feat. Vinsent – Развага

5. MAUZER – Я люблю боль

6. Neuro Dubel – Касманаўты

7. Рокаш – Дзеці паўночнага ветру

8. Naka – Бяжы

9. esprit – Да сініх скалаў

10. J:морс – Маё сонца (канцэрт у тэатры)

11. Спрат – Казачныя сны

12. Rahis – Чароўныя ноты

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)