Скандалы
Яўген Валошын, «Звязда»

«Выходжу з дому – пальцам на мяне паказваюць, смяюцца. З мяне зрабілі вар`ята, алкаголіка»

Ці праўда, што Андрэя Арамнава ў трэці раз затрымалі нецвярозым за рулём? Няўжо лепшы штангіст свету ўжывае марыхуану і з-за гэтага не паедзе на Алімпіяду ў Лондан?

Такімі загалоўкамі ў верасні стрэлілі першыя палосы газет і папулярныя інтэрнэт-сайты.

Сам Андрэй пакрыўдзіўся на газеты і аб'явіў байкот. Але днямі ўсё ж пагадзіўся распавесці сваю праўду журналісту «Звязды».

Даўно цікаўлюся лёсам Андрэя Арамнава і рабіў з ім не адно інтэрв'ю. Таму калі інтэрнэт выбухнуў сенсацыяй «Арамнаў паліць марыхуану», папросту не мог у гэта паверыць...

І вось нарэшце сустракаемся з атлетам у алімпійскім комплексе «Стайкі» (сюды яго на машыне прывёз барысаўскі сябар Саша).

— Прычоска — усё, што ад мяне засталося без штангі, — ці то жартуе, ці то проста кажа Андрэй, пакуль мы падымаемся ў трэнажорную залу цяжкаатлетычнага корпуса. Заўважаю, што штангіст і сапраўды страціў вагу. Уключаю дыктафон і папярэджваю Андрэя Арамнава, што размова будзе жорсткай.

«Прэзідэнт міжнароднай федэрацыі сказаў, што я выступлю на Алімпіядзе»

— Учора ў Барысаве ў роднай спартшколе знялі мой плакат. Пажарныя спецыяльна прыехалі, сказалі, што загадаў «горад». Я паехаў туды. Чаму там, не паразмаўляўшы са мной, паверылі ў газетныя плёткі? — абураецца штангіст. — У прыёмнай мяне спынілі... Прыйшлі ахоўнікі і вывелі. Рукі ім больш не падам, так і напішыце. У газетах нахлусілі, што Арамнаў — п'яніца. З мяне пасмешышча зрабілі. Выходжу з дому на трэніроўку — пальцам на мяне паказваюць, смяюцца. На машыне ззаду напісалі: «Няўдачнік». З мяне зрабілі вар'ята, алкаголіка.

— Допінг-проба на чэмпіянаце Еўропы паказала наяўнасць у крыві сінтэтычных канабіноідаў, якія ўтрымліваюцца ў наркатычных мікстах спайс. Як такое магло здарыцца?

— Чаму ўсе пра гэта пішуць, не ведаючы абставін? Спачатку нахлусілі, што я курыў марыхуану. Я што, на наркамана падобны?

Адкуль мне было ведаць, што ў гэтым каляровым пакеціку — небяспечнае рэчыва? На той момант яно было дазволена і свабодна прадавалася. На пакеціку што было напісана? Духмяныя травы. Што гэта за бардак, калі такое без праблем прадаюць? (Тут Андрэй Арамнаў мае рацыю. З-за някемлівасці кампетэнтных ведамстваў большасць наркатычных курыльных мікстаў дагэтуль не ўнесеныя ў пералік псіхатропных сродкаў. — "Звязда").

Сказалі, што я ўвогуле першы спартсмен, якога дыскваліфікавалі за ўжыванне такога рэчыва. Пасля гэтага мне пра спайсы ўвогуле думаць страшна. А з мяне зрабілі наркамана. Пасля кожнага такога артыкула ў мяне страшэнны стрэс.

— Ніхто не ведае дакладна, але пішуць, што з-за дыскваліфікацыі твой удзел у лонданскай Алімпіядзе 2012 года пад пытаннем.

— Нядаўна зборная прыехала з чэмпіянату свету. Старшыня Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамаш Аян сказаў, што я ў любым разе выступлю на Алімпіядзе ў Лондане. Шостага снежня скончыцца мая дыскваліфікацыя. У красавіку — першынство Еўропы. Паеду забіраць свой тытул. Потым — чэмпіянат свету, дзе я павінен зарабіць алімпійскую ліцэнзію.

— Навошта ты ўжываў духмяныя травы? Няхай сабе яны былі дазволеныя і свабодна прадаваліся?

— На чэмпіянаце Еўропы я выступаў на нервах. Для таго, каб паказаць вынік, я павінен адчуваць ураўнаважанасць і супакаенне. А я ўвесь час думаў пра нейкую лухту. Не мог заснуць, не мог знайсці адказы, ледзь не траўмаваўся.

— У чым была праблема?

— Перад чэмпіянатам Еўропы я прасіў у людзей падтрымкі. Каб дрэнна пра мяне не казалі. Гэта самае важнае для мяне. Здавалася, што ўсе праблемы ў мінулым. Але за тыдзень да старту прыйшлі з міністэрства спорту і сказалі, што я сябе дрэнна паводжу, і падтрымка будзе толькі ў выпадку перамогі. Такі псіхалагічны ціск мяне ўзрушыў, не хацелася падымаць штангу. Усе паганыя думкі зноў абрынуліся на мяне. Быў моцны стрэс. Я павінен быў нейкім чынам супакоіцца перад стартам, вось і параілі купіць гэтыя духмяныя травы...

«Ён так пакрыўдзіўся, што пайшоў супраць... »

— І сапраўды, пасля трэцяга затрымання нецвярозым за рулём людзі думаюць, што ты рэгулярна закладаеш за каўнер. Раскажы, як здарылася, што ты папаўся на алкаголі?

— Мяне спынілі, хоць правілаў я не парушаў. Я нармальна, культурна з імі (інспектарамі ДАІ, — «Звязда») пагаварыў. Пасадзілі мяне ў сваю машыну. Быў пік спякоты, кандыцыянера ў іх няма. Папрасіў падняцца, другі даішнік упёрся пузам і не пусціў. Узялі маю машыну, завалаклі на эвакуатар, дротам падрапалі бампер. Павезлі на экспертызу. Апарат паказаў 0,52 праміле, а потым 0,57 праміле алкаголю ў крыві (зусім нязначнае перавышэнне магчымай нормы, якая складае 0,44 праміле, — "Звязда"). І кожны раз у мяне было вось такое мінімальнае перавышэнне. Сам не разумею... Можа, я і праўда няўдачнік? Больш за паўтара літра піва я не выпіваю, а арганізм успрымае яго так, што апарат паказвае перавышэнне нормы.

— Навошта кіраваць аўтамабілем пасля таго, як выпіў?

— Я за трэніроўку магу падняць трыццаць тон. І канкрэтна мне піва дапамагае аднаўляцца. Я — прафесійны спартсмен і ведаю ўсе асаблівасці майго арганізма. П'ю я толькі піва. Бутэлечку раніцай, у абед, пазней яшчэ адну. Не болей за паўтара літра. Гэтага хапала, каб перавысіць норму. Але гэта не робіць з мяне п'яніцу.

Як, па-вашаму, можна перамагчы на чэмпіянаце Еўропы? П'яным, ці што? Я ўжываю толькі піва, да гарэлкі не дакранаюся.

Заўважу, што ў сваім жыцці я не меў ніводнай аварыі. Ніколі такога не здаралася, што з машыны выпадаў. Увогуле лічу сябе асцярожным і разважлівым кіроўцам.

— Андрэй, у мяне ў галаве не ўкладаецца, чаму ты раз за разам наступаеш на тыя ж граблі? Не кожны ўмудрыцца тройчы папасціся нецвярозым падчас кіравання аўтамабілем.

— Ведаеце, калі я папёр супраць законаў і навязванняў? Упершыню мяне злавілі, калі я пасля Алімпіяды атрымліваў кватэру ў Мінску. Самі ж частавалі шампанскім. Там прапанавалі, а на дварэ ўжо даішнікі чакаюць...

Калі б пасля гэтага мяне шчыра выбачылі, падтрымалі, я ніколі б не пераступіў парог аўто нецвярозым. І цяпер я піва п'ю, а яны мяне душаць! Калісьці я пайшоў супраць усіх правілаў. А як інакш, калі аднялі магчымасць нармальна трэніравацца? Я пратэставаў!

Саша, сябар Андрэя Арамнава, які прывёз атлета ў Стайкі, зрабіў сваю рэмарку да слоў атлета: "Ён так пакрыўдзіўся на тую першую сітуацыю, што пайшоў супраць... Андрэй — як непарушная сцяна. І паўплываць на яго ў гэтым пытанні складана. Малады яшчэ".

«Столькі людзей загубілі — і ўсё нармальна. Адзін Арамнаў вінаваты»

— Я ўвогуле магу адмовіцца ад ужывання піва. Ведаеце, у мяне вялізныя амбіцыі. Я хачу стаць наймацнейшым чалавекам планеты ў гісторыі. Хачу зафіксаваць такія вынікі, якія яшчэ ніхто не фіксаваў. Мая мара — пабіць рэкорд Юрыя Захарэвіча. Гэта 210 кг у рыўку і 250 кг у штуршку. Але Захарэвіч выступаў у катэгорыі 110 кг, а я — у 105 кг. Толькі магчымасці здзейсніць гэты план пакуль няма. У зборнай няма ўсіх неабходных умоў для трэніровак прафесійнага спартсмена. Амаль усе дарослыя хлопцы сышлі ці ім сказалі завязаць. Хачу ісці на сусветны рэкорд, а апроч штангі, нармальнага абсталявання няма. Вось зірніце на трэнажоры, імі ніхто не карыстаецца — ганяеш паветра такімі трэнажорамі ды і ўсё. Харчаванне такое, што ў мяне ўжо не лезе. Вітамінаў належных я не атрымліваю. Калі падымаю штангу, на мяне падае 200 кг. А масаж нармальны зрабіць не могуць. Трэніруюць часам без ведання справы. Калі б я дакладна выконваў план у зборнай, то не перамог бы на Алімпіядзе ў Пекіне. Таму што план быў зроблены пад Рыбакова, а я — атлет іншай катэгорыі. І з-за гэтага былі ўвесь час канфлікты.

Мне для дасягнення выніку неабходна развіццё — фізічнае, псіхалагічнае, маральнае. Мне трэба ўвесь час знаёміцца з людзьмі, развівацца, навучацца. А мяне запіхнулі ў гэтыя «Стайкі», дзе абсалютна няма ніякага развіцця. Пяць гадоў тут сяджу, у гэтым лесе. У нумары толькі тэлевізар з трыма каналамі — халадзільніка нават няма. У выніку я раблюся загружаным. Адзіная магчымасць разгрузіцца была — выпіць піва.

Пасля інтэрв'ю з Андрэем Арамнавым я звярнуўся да спецыялістаў у галіне медыцыны і біяхіміі з пытаннем: "Няўжо штангіст можа "разгрузіцца" півам?" Аказалася, што і сапраўды, ужыванне гэтага напою ў невялікай колькасці можа быць для штангіста карысным: вітамін В, рост мышцаў і гэтак далей... Увага! Пэўную карысць можа атрымаць толькі прафесійны атлет, які валодае самакантролем і дакладна адчувае патрэбы свайго арганізма. Для звычайнага мужчыны ўжыванне піва колькасцю большай за адзін кухаль — шкоднае.

— Няўжо ў зборнай няма трэнераў, якія маглі б табой займацца?

— Мой асабісты трэнер, Міхаіл Саладар, увесь час са мной, не прапускае ніводнага майго падыходу, кантралюе. Да яго прэтэнзій няма. Але ёсць трэнеры больш высокага статусу, якія, тым не менш, недастаткова ведаюць сваю справу. Зборная выступае ўсё горш і горш. У 2004 годзе ў нас пяць чалавек рыхтавалася ў катэгорыі 85 кг, у катэгорыі 94 кг — чатыры чалавекі, і ўсе былі дарослыя. У катэгорыі 105 кг рыхтаваліся тры чалавекі, у цяжах — два. Было вельмі шмат таленавітых спартсменаў. Але колькі хлопцаў "паламалася" з таго часу! Кагосьці проста спісваюць, у некаторых рвуцца калені, мышцы, плечы... І гэта — трэнерскія памылкі, папярэдзіць траўмы яны проста не могуць. Я сам падыходжу да маладых і кажу: тут трэба пацярпець, а тут — прытрымацца. Дык падыходзіць адзін трэнер і з насмешкай: «Ну што, паказаў майстар-клас?» Яшчэ ў 2007 годзе адзін з такіх «спецыялістаў» мне сказаў: «Калі ты, га...юк, будзеш выпендрывацца, я табе пакажу!» Але я стаяў на сваім і перамог на Алімпіядзе.

— А каго з перспектыўных атлетаў, ты лічыш, несправядліва спісалі з рахункаў?

— Напрыклад, таленавітага штангіста Мікалая Патоцкага. Ён і цяпер мог бы трэніравацца. Быў чэмпіёнам свету сярод юніёраў. Выступаючы ў катэгорыі 94 кг, рваў аж 200 кг, як я, уяўляеце? Але навучыць яго штурхаць ад грудзей папросту не змаглі, не хапала трэнерскай кваліфікацыі. І ў выніку такога таленавітага чалавека адправілі дадому. Перакананы, калі б у яго ўклалі душу, быў бы заўсёды прызёрам топ-спаборніцтваў. Але сёння гэты чалавек — звычайны рабочы. Такіх выпадкаў магу прывесці шмат. Столькі людзей загубілі — і ўсё нармальна, адзін Арамнаў ва ўсім вінаваты.

Аднаго нашага кадэта, 16-гадовага хлопца, злавілі на допінгу. Як вынік — чатырохгадовая дыскваліфікацыя. А гэта былі б стабільныя медалі. Колькі людзей папаліся на допінгу! І гэта — памылкі ў трэніровачным працэсе. Каманда імкліва ідзе ўніз. І па выніках, і па кантынгенце спартсменаў. Хутка мы станем зборнай юніёраў. А раней у нас была такая каманда, што магла прыносіць больш медалёў, чым уся лёгкая атлетыка — усе 18 відаў.

У гэты ж час сапраўды добрыя трэнеры жывуць на здымных кватэрах. Напрыклад, Уладзімір Барздакоў, які трэніруе мяне, калі я знаходжуся ў Барысаве. А гэта ён знайшоў мяне і вывеў на міжнародную арэну.

— Блукаюць чуткі, што цябе пераманьваюць у ЗША...

— Я не хачу ад'язджаць, хачу жыць тут. Мару ажаніцца, дзяцей хачу, набыць дом. Але калі такое стаўленне будзе працягвацца пасля Лондана, вазьму ды і сыду са спорту.

— Хацелася б, Андрэй, каб твае праблемы мінулі, каб ты зноў быў у найлепшай форме. Але твой упарты характар — гэта жах!!!

— Хачу, каб да мяне пачалі нармальна, па-чалавечы, ставіцца. І я тут жа змяню сваё меркаванне наконт пэўных рэчаў. Я прафесійны спартсмен, але мой талент увогуле не запатрабаваны. Няма ніякай увагі. Такое адчуванне, што вось-вось пра цябе ўвогуле забудуцца. Журналісты ўзгадваюць толькі тады, калі здараецца нешта дрэннае. Вось у апошні раз мяне даймала адна карэспандэнтка. Прыехала, падпільнавала маю маці, якая напрацавалася ў начную змену. Да ночы бегала і трэсла суседзяў, фатаграфавала машыны. Пільнавала мяне, разоў дваццаць патэлефанавала, хоць я сказаў, што інтэрв'ю даваць не буду, што сам яшчэ не ведаю, як мае справы...

Сёння людзі выцягваюць з мяне зарад важных эмоцый. Як у такім стане выходзіць на памост? Хацелася б, вядома, каб людзі зразумелі, што я не такі, як пра мяне кажуць.

— Ты згодны, што часам робіш істотныя памылкі, што нешта трэба мяняць у жыцці?

— Я гэта разумею. Хацелася б, каб наступнае пакаленне не паўтарала маіх памылак. Паверце, больш за ўсё ў жыцці мне б хацелася прынесці карысць нашай краіне, нашым дзецям. Я перакананы, што магу так трэніраваць людзей, што яны будуць падымаць штангу правільна і не застануцца пры гэтым інвалідамі. Будуць пры гэтым нармальнымі, разумнымі і годнымі людзьмі.

У чым унікальнасць Андрэя Арамнава?

Наш штангіст узрушыў увесь спартовы свет сенсацыяй на Алімпіядзе 2008 года ў Пекіне (тады яму было 20, сёння — 22). Зафіксаваў сусветны рэкорд у рыўку (200 кг) і сусветны рэкорд па суме рыўка і штуршка (436 кг). Цікава, што сам Арамнаў не вылучаецца грэнадзёрскай камплекцыяй: значна ніжэйшы за сваіх супернікаў (рост каля 174 см). Па так званай табліцы Сінклера (улічваецца вынік атлета і яго асабістая вага) Арамнава пасля Алімпіяды прызналі найлепшым штангістам свету.

Галоўныя спаборніцтвы чатырохгоддзя прайшлі, а імя Андрэя Арамнава працягвала грымець. Двойчы атлета спынялі супрацоўнікі ДАІ ў стане алкагольнага ап'янення. Забралі правы, прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, далі штраф. І вось у пачатку жніўня гэтага года — чарговая бомба, трэцяе затрыманне нецвярозым падчас кіравання аўто. На гэты раз Арамнаву далі 10,5 мільёна рублёў штрафу. Калі чытаеш пра гэта навіны ў інтэрнэце, падаецца што Арамнаў — самаўпэўнены хуліган, які мае зорную хваробу.

Распавяду вам толькі пра свае назіранні. Чалавек не лаецца мацюкамі. У дзверы ўваходзіць апошнім. У алімпійскім комплексе «Стайкі» вітаецца з усімі людзьмі. Жанчыны ўсе як адна называюць Арамнава Андрушам і спыняюцца паразмаўляць. Цягам гутаркі я знянацку задаў атлету пытанне: «Якую кніжку ты зараз чытаеш?» Андрэй адказаў: «Дыянэтыку» Рона Хабарта. Кніга пра методыку працы з розумам».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)