Скандалы
Улад Швядовіч, Наша Ніва, фота Сяргея Гудзіліна

Выхавацелька садка замовіла збіццё каханкі свайго былога кавалера, а атрымала двайное забойства

Раніцай 16 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачалі разгляд гучнай справы: дзяўчына вырашыла пакараць свайго былога каханка і за некалькі мільёнаў «старых» рублёў замовіла яго збіццё двум знаёмым. А тыя забілі і хлопца, і яго новую дзяўчыну.

Больш за сотню ўдараў нажом

Рэзананснае забойства адбылося год таму, 16 снежня 2015 года. У кватэры па вуліцы Алібегава знайшлі целы двух маладых людзей: хлопца і дзяўчыну жорстка забілі нажом.

Неўзабаве следчыя знайшлі падазраваных. Высветлілася, што экс-сяброўка забітага наняла двух знаёмых, каб тыя «дапамаглі» ёй аднавіць зносіны з бойфрэндам.

Згодна з яе планам, мужчыны павінны былі збіць новую сяброўку хлопца, каб тая трапіла ў бальніцу. Пакуль тая б лячылася, дзяўчына збіралася вярнуць свайго былога каханка.

Але яе найміты зарэзалі і хлопца, і яго новую дзяўчыну.

Сёння ўсе трое на лаве падсудных.

27-гадовая Аліна Шульганава — тая самая дзяўчына, якая замовіла збіццё суперніцы — трымаецца бадзёра. Але «кілеры», 23-гадовы Вячаслаў Сухарка і 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, выглядаюць прыгнечанымі. Мужчыны сядзяць апусціўшы галовы і закрыўшы твары далонямі.

Суддзя Максім Лабко коратка запытвае біяграфіі абвінавачаных. Шульганава на момант затрымання паспела адпрацаваць два месяцы выхавацелькай у дзіцячым садку.

А да таго Аліна была галоўным спецыялістам раённага аддзела БРСМ.

Сухарка неафіцыйна працаваў на пілараме рабочым. Рос без бацькоў — з бабуляй і дзядуляй. Маці збіла машына ў 2004 годзе. Бацькі не было.

На пытанні суддзі хлопец адказвае з цяжкасцю — а пасля ўвогуле просіць выдаліць яго з залы суда.

Вячаслаў Сухарка

«Таму што мне сорамна, што я мог такое нарабіць», — кажа ён.

Суддзя адмаўляе.

Аляксандр Жыльнікаў родам з Расіі, з Тамбоўскай вобласці, але грамадзянства мае беларускае. У 1993 годзе быў судзімы за хуліганства, у 1996, па яго ўласных словах, «было яшчэ злачынства, няскончаны крадзеж». За крадзеж Жыльнікаў адседзеў трохі больш за 3 гады.

Аляксандр Жыльнікаў

Мужчына скончыў вучэльню па спецыяльнасці таваравед, але працаваў рабочым: рэзаў шкло, едзіў падзарабіць у Расію. З 2015 года працаваў разам з Сухаркам на пілараме, таксама неафіцыйна.

Замовіла збіццё, атрымала двайное забойства

Затым пракурор агучвае версію следства і абвінавачванне.

Раней Аліна Шульганава ўжо намагалася нашкодзіць Вікторыі — новай дзяўчыне свайго былога хлопца Вячаслава. Яшчэ восенню яна нават дамаўлялася з адным сваім знаёмым, што той за $ 1000 скрадзе Вікторыю, адвязе за горад і кіне звязанай у якім-небудзь пустым доме.

Аліна нават перадала таму знаёмаму грошы — агулам больш за 32 мільёны «старымі». Праўда, свае абяцанні патэнцыйны выкрадальнік так і не ажыццявіў.

Таму Аліна вырашыла знайсці новага выканаўцу.

Шульганава і Жыльнікаў былі суседзямі. 29 лістапада 2015 года мужчына завітаў да суседкі — тая распавяла яму пра свае праблемы ў прыватным жыцці. Таксама абмовілася, што шукае таго, хто б мог пакараць яе суперніцу.

Жыльнікаў пагадзіўся вырашыць праблему. Ад Шульганавай ён атрымаў запіску з кантактамі, месцам і часам працы Вікторыі. Таксама на паперцы быў адрас, дзе жыла пара і кантактныя нумары самой Шульганавай.

Праз пару дзён Жыльнікаў пазнаёміў Аліну з Сухаркам. Абмеркавалі лёс суперніцы. Сухарка паабяцаў, што Вікторыя трапіць у бальніцу. У выніку Шульганава сплаціла яму аванс — 2 мільёны рублёў.

8 снежня кампанія сустрэлася яшчэ раз. Шульганава на сваім мабільніку паказала мужчынам фотаздымкі Вікторыі.

Але «сябры» мелі і свой план — яны збіраліся яшчэ і абрабаваць кватэру. І па версіі следства, загадзя вырашылі дзейнічаць жорстка.

Позна вечарам 16 снежня п’яныя Сухарка і Жыльнікаў прыйшлі ў пад’езд, дзе жылі Вячаслаў і Вікторыя. Каб суседзі іх не пабачылі, мужчыны сарвалі электрычны патрон з лямпачкай у тамбуры. Вячаслаў адкрыў дзверы — яго адразу пачалі збіваць. Некалькі разоў ударылі кулаком у твар, затым пачалі біць нажом. Агулам хлопец атрымаў больш за 80 удараў.

Пасля забойства мужчыны пачалі выбіраць маёмасць, якую планавалі забраць з сабой. Але неўзабаве дамоў вярнулася Вікторыя. Яе ўцягнулі ў кватэру, заціснулі рот... Дзяўчына атрымала 63 ўдара нажом.

Пасля «кампаньёны» забралі курткі, некалькі каробак цукерак, пашпарт дзяўчыны... Агулам «падняліся» на 13 мільёнаў. Праз некалькі дзён Шульганава перадала Сухарку і Жыльнікаву яшчэ 1,5 мільёны.

Дабіў арматурай

Але ж, як высветлілася, за дзень да забойства маладзёнаў, Сухарка з Жыльнікавым забілі яшчэ аднаго чалавека. 15 снежня, ізноў жа нападпітку, яны абрабавалі і забілі 60-гадовага мужчыну ў Калодзішчах. Мужчына адмовіўся здаваць жыллё Сухарку, таму яны разлічвалі і адпомсціць яму, і «падняць» грошай. На іх думку, мужчына мусіў мець пры сабе $ 10 тысяч.

Жыльнікаў з Сухаркам моцна збілі мужчыну — не менш за 17 удараў па галаве, адзначыў пракурор. Збівалі яго ў тым ліку і кавалкам арматуры. Мужчына атрымаў цяжкія траўмы, гучна крычаў — пасля чаго Жыльнікаў загадаў Сухарку дабіць ахвяру арматурай. Той паслухаўся. Затым абвінавачаныя збеглі.

Мужчына сканаў на месцы.

* * *

Абодва абвіначаныя прызналі віну. Але Сухарка цалкам, а Жыльнікаў — часткова. Апошні сцвярджае, што сам не забіваў, а толькі дапамагаў Сухарку. Ім пагражае расстрэл.

Аліна Шульганава таксама прызнала віну часткова — дзяўчына адмаўляе, што замаўляла выкраданне сваёй суперніцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)