Общество
Анастасія Зелянкова

Высяленне пісьменнікаў адзначаць фуршэтам

Заўтра Саюз беларускіх пісьменнікаў павінен з’ехаць з будынка Дома літаратара, які займаў на працягу трыццаці гадоў. А ў былой бібліятэцы Саюза на днях адбудзецца фуршэт з нагоды 12-годдзя Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта, дзякуючы якому пісьменнікі і апынуліся на вуліцы.

— Нягледзячы на тое, што мы абавязаліся сплаціць запазычанасць і рэгулярна аплочваць арэнду, нам усё роўна адмовілі ў заключэнні дамовы, — расказаў карэспандэнту “Салідарнасці” старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. — Нам так і не патлумачылі, чаму мы не можам арэндаваць памяшканне як звычайная арганізацыя. Думаю, рашэнне аб тым, каб не заключаць з намі дамову, прымалася ў зусім іншых кабінетах.

Нагадаем, паводле судовага рашэння, Саюз беларускіх пісьменнікаў павінен сплаціць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню 55 мільёнаў рублёў. Гэтая сума была налічана за некалькі год арэнды памяшканняў у будынку Дома літаратара, які некалі быў пабудаваны менавіта для Саюза пісьменнікаў. Цяпер жа новы гаспадар папрасіў творцаў вызваліць памяшканні.

Як расказаў Алесь Пашкевіч, сёння пісьменнікі пачалі выносіць рэчы з апошняга пакоя — кабінета Танка. Мэблю вырашылі пакінуць.

— Рука не падымаецца яе разбіраць, — кажа Пашкевіч. — Ну не выносіць жа нам на дождж стол, за якім сядзеў яшчэ Максім Танк. Гэта ж, па сутнасці, музейная каштоўнасць.

Між тым, як адзначае Алесь Пашкевіч, спадзявацца на тое, што сённяшнія гаспадары будынку будуць вадзіць у гэты пакой экскурсіі, асабліва не прыходзіцца.

— Красамоўнае пацверджанне таму — наша бібліятэка. Калі мы вызвалялі яе, то былі ўпэўненыя, што ў гэтым памяшканні, па крайней меры, будзе нешта прыстойнае. Зараз ужо дакладна вядома, што там адкрыюць рэстаран, — сказаў старшыня СБП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)