Политика
Міхась Шаўчук, zapraudu.info

«Высокі суд прыняў нізкае рашэнне!»

Такім воклічам адрэагавала зала на рашэнне суддзі Савецкага раёна Мінска Кірылы Палулеха, які не задаволіў хадайніцтва адваката аб змяненні меры стрымання актывісту кампаніі «Гавары праўду» Міхасю Башуру.

11 кастрычніка суд Савецкага раёна Мінска пад старшынёўствам суддзі Кірылы Палулеха пачаў разгляд крымінальнай справы адносна Міхася Башуры, які абвінавачваецца ў парушэнні частак 1 і 2 артыкула 380 Крымінальнага коэкса – падробка дакументаў.

Працэс распачаўся з таго, што суддзя забараніў журналістам весці ў зале суда відэа- і фотаздымкі. “Няма такой неабходнасці”, - сказала памочнік пракурора Савецкага раёна спн.Корнева.

Працэс распачаўся з допыту абвінавачваемага. Міхась Башура, якога, як мацёрага злачынцу, закавалі ў наручнікі і трымалі за кратамі ў зале суда, трымаўся бадзёра і ўсміхаўся.

Абвінавачваемы патлумачыў, што з верасня 2004 года ягоная сям’я (сам, жонка Наталля ды дачка Кацярына 2000 года нараджэння) стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. У канцы 2009 года сям’я пачала збіраць дакументы, каб узяць крэдыт на льготнае будаўніцтва жылля.

-Напачатку патрабавалася даведка, каб быць уключанымі ў спісы на льготнае будаўніцтва жылля, - расказаў на судзе намеснік дырэктара прыватнага выдавецтва “Галіяфы” Міхась Башура. – Дырэктар выдавецтва Дзмітрый Вішнёў у гэты час быў у ад’ездзе, бухгалтар Крайко разам з дзіцем знаходзілася ў бальніцы. Таму я вырашыў падрыхтаваць даведку самастойна. Скачаў з інтэрнету інструкцыю, падлічыў свае даходы. Я паехаў да бухгалтара ў інфекцыйную бальніцу, каб яна ўнесла звесткі ў бланк даведкі. Затым распісаўся за дырэктара, якога не было ў Мінску, перадаў даведку жонцы – каб яна перадала ў службу “адно вакно”.

Пры гэтым Міхась Башура ўдакладніў: у выдавецтве “Галіяфы” ён мае права першага подпісу.

М.Башура падкрэсліў, што не збіраўся наўмысна завышаць свой даход:

- Намеру падрабляць даведку не мелася. Я быў перакананы, што ўсе лічбы ўказаны правільна.

Адказваючы на пытанне адваката, ці атрымаў Міхась Башура нейкую выгаду з завышэння даходаў, абвінавачваемы адказаў:

-Чым меншы даход – тым лепш. Выгады і сэнсу павялічваць свой заробак у мяне не было. Атрыманне крэдыту на льготнае будаўніцтва – гэта права для малазабяспечаных сем’яў. Здаецца, такімі лічацца, калі даход на аднаго чалавека не перавышае 1 мільён 112 тысяч рублёў. Ніжэйшы памер не ўказаны. 95% беларускіх сем’яў малазабяспечаныя. А мы стаім у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў з верасня 2004 года, - дадаў М.Башура.

Больш за тое, у сярэдзіне ліпеня Міхась Башура даведаўся, што ўказаў у даведцы няправільныя лічбы – і тут жа жонка, якая афармляла дакументы на льготны крэдыт, змяніла паручыцеля. Гэта адбылося 23 ліпеня – яшчэ да ўзбуджэння крымінальнай справы.

Пад занавес судовага паседжання адвакат Тамара Сідарэнка заявіла хадайніцтва – змяніць меру стрымання Міхасю Башуру.

- Башура сваю пазіцыю выказаў, да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваўся, мае малалетняе дзіця, нічога заганнага за маім падабаронным, акрамя факта крымінальнай справы, няма. Таму няма ніякіх падстаў трымаць яго пад вартай. Дык чаму не змяніць меру стрымання з-пад утрымання пад вартай хоць бы на падпіску аб нявыездзе?

Калі хвілін праз 20 Кірыла Палулех выйшаў з пакоя для нарадаў, то ён адмовіўся задаволіць хадайнітва Тамары Сідарэнкі. Маўляў, адно з абвінавачанняў прадугледжвае пакаранне больш за два гады зняволення, таму ён можа схавацца ад следства.

Ігар Палулех нават не адрэагаваў на просьбу лідэра кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева перадаць Міхасю Башуру ягоную кнігу, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве “Галіяфы”.

Уладзімір Някляеў так пракаментаваў сітуацыю:

-Нічога добрага Міхася Башуру не чакае. Можа быць, сёння не асмеляцца засудзіць яго на нейкі доўгі тэрмін, але тое, што яго не адпусцяць - факт. Думаю, змусяць сядзець, пакуль ідзе выбарчая кампанія.

Судзяць яго не за тое, што нібыта падрабіў бухгалтарскія дакументы, каб атрымаць большы крэдыт. Па гэтай прычыне ў нашай краіне павінны сядзець усе, хто мае крэдыты, бо ўсе, дарэчы, па просьбе саміх банкаў, завышаюць даходы, інакш сумы дапамогі смешныя. Не, у гэтай канкрэтнай сітуацыі справа насамрэч у зусім іншым: Башура – актывіст кампаніі “Гавары праўду”, яе каардынатар па Мінску. І менавіта за гэта, а не па іншай прычыне,ён арыштаваны; і менавіта за гэта яго сёння судзяць.

Гэта палітычны суд – і ніякі іншы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)