Высокапастаўлены чыноўнік з Адміністрацыі ў апошні момант пайшоў на выбары

Лідская акружная камісія №55 апублікавала дадзеныя прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата на парламенцкія выбары. Нечакана ў спісе аказаўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

Фота gs.by

Абсалютная большасць вылучэнцаў ад улады пайшлі на выбары шляхам збору подпісаў, у тым ліку, скажам, начальнік Генштаба Алег Белаконеў і іншыя чыноўнікі. Міцкевіч жа вылучаны працоўным калектывам, што падштурхоўвае да высновы: такое рашэнне магло прымацца ў апошні момант.

Валерыю Міцкевічу 55 гадоў, ён сам родам з Ліды. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў суддзёй у Заслаўі. Быў намеснікам міністра юстыцыі.

У Адміністрацыі прэзідэнта Міцкевіч працаваў рэкордныя 10 гадоў — ад 2009. У 2016 годзе, калі ў адстаўку былі адпраўленыя Аляксандр Косінец і Канстанцін Мартынецкі, нават пабыў выконваючым абавязкі кіраўніка АП.

У Міцкевіча двое сыноў, адзін з якіх працуе бармэнам. Жыве Міцкевіч у Раўбічах пад Мінскам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(12)