Высокапастаўленага беларускага чыноўніка ўкусіў кажан
Гісторык Антон Астаповіч расказаў Нашай Ніве пра выпадак, які здарыўся днямі з яго прыяцелем.
Паколькі сябар — «высокапастаўлены чыноўнік», за яго пра здарэнне расказаў Астаповіч. Гісторыя здарылася ў Мінску, у кватэры, дзе няма ката.
«Сябра дастаў з гаўбца зімовыя чаравікі, якія стаялі там улетку і ўвосень, троху пагрэў у хаце і стаў абуваць. Нага лезці не хацела, і нешта кальнула ў палец. Палез, дастаў — кажан. Прабілі па інтэрнэце, што рабіць, і завезлі кажана ў пункт ратавання. А сябра патрапіў на поўны антырабічны курс», — кажа гісторык.
Рэч у тым, што кажаны — патэнцыйныя пераносчыкі шаленства.
Ілюстрацыйнае фота, з фэйсбука «КажанаПоліса»
У цэнтры ратавання рукакрылых «КажанаПоліс» памятаюць, як ім прывезлі таго кажана ў каробцы.
«Ён спіць, жывы-здаровы. Гэта быў двухколерны кажан, дзяўчынка», — расказаў супрацоўнік цэнтра Аляксей Шпак.
Ён дадаў, што прымаць рукакрылых на зімоўку пачалі толькі на мінулым тыдні, як тэмпература апусцілася ніжэй за нуль. Цяпер у цэнтры спіць сем кажаноў — шэсць двухколерных і адзін паўночны.
Читайте еще
Избранное