Генадзь БУРАЎКIН
Выпрабаванне прыніжэннем

Такое не забываецца. Дрыготкімі рукамі ён збіраў у папку рассыпаныя на стале паперкі і баяўся ўзняць ад іх свае вочы, поўныя неўразумення і пякучай крыўды. У вушах перакочваліся, грымелі словы пра ягонае няўмельства і лайдацтва, незаслужаныя і абразлівыя.

А побач, за спіной, ужо стаялі маладыя маўклівыя мацакі, каб дапамагчы яму выйсці з залы пасяджэнняў, і ўчарашнія калегі палахліва пазіралі на яго — хто са спачуваннем, хто з іроніяй, а хто з няўцямным здзіўленнем. Ён ішоў да дзвярэй, нібы ў сне, механічна перастаўляючы непаслухмяныя ногі, і ў скроні з шумам стукала неадступнае пытанне: “За што? Чаму?”. Ніхто (і ён сам) не кінуў нават папроку “гаспадару” галоўнага крэсла за ягоную жорсткасць, за бязлітаснае прыніжэнне, якое здымалася на відэастужку і ўвечары было паказана на ўсю краіну.

Так, здавалася, назаўсёды зламалася бліскучая кар’ера стараннага і дысцыплі-наванага “вертыкальшчыка”, які служыў сумленна і аддана і не думаў не тое што пра апазіцыйнасць, а нават пра нейкае сумненне ў пра-вільнасці вызначанай і акрэсленай харызматычным лідэрам палітыкі. Яго пасля часта можна было сустрэць сярод мінакоў на вуліцах з глыбокім смуткам у вачах, разгубленага і пастарэлага, бязвольнага і агароджанага ўласнай трагедыяй ад усяго свету. Што ён перажыў і перадумаў пасля сваёй скандальнай “адстаўкі”, можа, не памятае ўжо і ён сам. Але аднойчы воляю свайго ўсемагутнага крыўдзіцеля ён зноў “усплыў” у высокіх кабінетах і да яго пачалі вяртацца і ўпэўненая хада, і пераможны бляск у вачах, і начальніцкія ноткі ў голасе. Ніхто не ведаў, што адбылося: ці то павініўся перад ім “гаспадар”, ці то ён сам прыпоўз да таго з мальбою аб ласцы, ці то нехта ўплывовы пахадайнічаў за яго. Але, “пабіты і апляваны”, ён зноў стаў караскацца па хісткай службовай лесвіцы, пераадольваючы адну прыступку за другой. Ён нідзе не “вытыркаўся”, на нарадах сядзеў ціха і толькі згодна ківаў палыселаю галавою. І паперкі з ягоных рук ужо не сыпаліся, і твар ягоны прыкметна гладчэў, а ягоныя гарнітуры рабіліся ўсё больш моднымі і дарагімі. Выпрабаванне прыніжанасцю ён прайшоў паспяхова — і перапоўненымі адданасцю і ўдзячнасцю вачамі з захапленнем глядзеў на свайго дабрадзея...

Ён быў такі не адзіны, на каго абрынуўся знішчальны найвышэйшы гнеў, а потым раптам сыходзіла вялікадушнае дараванне і нават свое-асаблівая “панская” любоў. Многія памятаюць вайскоўца, якога на ўсё наваколле аб’явілі горкім п’яніцай. З ганьбай вытурылі ў суседнюю краіну, а пасля паклікалі назад і нават дабавілі зорку на пагоны. Яму таксама, напэўна, прыбавілася сівізны ў густую чупрыну, а можа, і балючага рубца на сэрца, аднак ён сёння на парадак, як ніхто іншы, самазабыўна адбівае “гусіны крок” перад галоўнаю трыбунай. Ён прайшоў праз езуіцкае выпрабаванне прыніжэннем — і “праглынуў” абразу, і зга-дзіўся пакорліва падпарад-коўвацца крыўдзіцелю, і, магчыма, стаў ягоным аднадумцам і паплечнікам. Можа, сам сабе растлумачыў усё неабходнасцю верна служыць Айчыне. Можа, палічыў усё божай карай ці непазбежным паваротам лёсу. А можа, захаваў глыбока ў душы сваю пакуту і вырашыў дачакацца лепшых часоў, каб выкласці ў споведны дзень увесь свой боль і ўвесь свой горкі і павучальны досвед...

Думаючы над вычварнай практыкай выпрабавання людзей прыніжэннем, я стараўся хаця б з большага зразумець абодва бакі — і тых, хто прыніжае, і тых, каго прыніжаюць. Калі паводзіны першых яшчэ магу так-сяк растлумачыць, дык з другімі — загадка няпростая.

Тыя, хто — дзеяннем, словам, загадам — прыніжае падначаленых і залежных ад сябе, відаць, лічаць гэта натуральным паказчыкам сваёй сілы і ўлады, даравальным эмацыянальным “пераборам”, прадыктаваным імкненнем да строгай патрабавальнасці і бязлітаснай шчырасці. Яны, пэўна, успрымаюць сябе бясспрэчнымі і адзінымі ўладальнікамі народнай волі і ледзь не месіямі, закліканымі праз рэпрэсіі ўратаваць краіну. І таму не збіраюцца доўга шукаць адэкватныя ацэнкі і фармулёўкі — нікуды не падзенуцца “шараговыя грамадзяне”, паморшчацца, але “з’ядуць” і будуць паслухмяна і дакладна выконваць усё, што ім скажуць. Не атрымаўшы ніякага супраціўлення, у глумленні над іншымі яны ўжо бачаць нават нейкую асалоду, прызнанне сваёй вышэйшасці і выключнасці. І пачынаюць прыдумляць усё новыя спосабы сваёй “гульні” — напрыклад, возьмуць ды прызначаць закаранелага чыноўніка кіраўніком вучоных, адначасова абразіўшы і сівагаловых акадэмікаў, і адданага кабінетнага служку: хай высакалобыя спецыялісты залішне высока не думаюць пра сябе, а порсткі службовец хай кожны дзень адчувае сваю непатрэбнасць у навуковым асяродку... Груба, прымітыўна, але, як кажуць, у межах д’ябальскага жанру...

А вось з другім бокам складаней. Тыя, на каго выліваецца рака амаль базарных абвінавачанняў, нярэдка людзі і адукаваныя, і спрактыкаваныя, і добра выхаваныя. Да прапанаванага ім узроўню “дыялогу” яны проста не падрыхтаваныя — і адразу ж губляюцца, выглядаюць для абывацеля вінаватымі і нават вартымі жалю. У іх перад нахабствам і дэмагогіяй грозных “суддзяў” прападае і самае неабходнае для ўсіх грамадзян — адчуванне чалавечай годнасці. Яны не могуць у адказ “разявіць пашчу” і грымнуць кулаком, як аднойчы асмеліўся зрабіць вядомы мінскі начальнік (і, дарэчы, без сумных наступстваў для сябе), і разгублена “глытаюць жаб”, выціраюць успацелы лоб і хапаюцца за сэрца. Неяк непрыкметна і хутка робяцца яны “адміністрацыйнымі рабамі”, дысцыплі-наванымі вінцікамі жалезнай дзяржаўнай машыны, якую напралом вядзе рашучы кіроўца. Іхнія веды адціскаюцца некуды на задні план, іхняя ініцыятыва паступова згасае, як затаптанае вогнішча, а іхнія душэўныя перажыванні нікога не цікавяць.

Быццам бы ўсё ясна. Але чаму відавочнае парушэнне законаў узаемадачыненняў у цывілізаваным грамадстве праходзіць так беспакарана? Чаму тысячы, а то і мільёны людзей яго церпяць? Што — яны лічаць, калі гэта абмінае іх асабіста, дык можна не надаваць яму сур’ёзнага значэння? І не задумваюцца, што нішчымнае і бяспраўнае жыццё — гэта таксама прыніжэнне, агульнанароднае і небяспечнае, што ніколі і нідзе прыніжэнне, якое б яно ні было, не прыводзіла ні да эканамічных поспехаў, ні да маральнага прагрэсу, бо, стоячы на каленях, з прыгнутаю крыўдамі і несправядлівасцю спіной, далёка не рушыш...

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)