Общество
Сяргей Макарэвіч, фота Сяргей Гудзілін, «Наша Ніва»

Вёска, якая абвергла Марксa

Вёска Альшаны ў Столінскім раёне — самая вялікая ў Беларусі. У ёй жыве каля 8000 чалавек. «Агурковая сталіца» — кажуць пра яе.

Вёска вядома яшчэ і вялікай пратэстанцкай грамадой. Палова Альшан — пяцідзясятнікі, ці, правільней кажучы, хрысціяне веры евангельскай. Яны адрозніваюцца і ад каталікоў, і ад праваслаўных. Не прызнаюць іконаў, не пакланяюцца мошчам, але строга выконваюць усе прыказанні Бібліі. Яны ствараюць пры цэрквах дружныя грамады. І прынцыпова не п’юць.

«Беларусь за дзень завалім»

— Гадоў 35 таму з’явіліся першыя цяпліцы ў Альшанах. Цяпер гэта асноўная крыніца прыбытку, — расказвае 40-гадовы Юрый Логвінка, які рыхтуецца стаць пратэстанцкім дыяканам. Яго да такой працы далучылі яшчэ падлеткам у савецкі час. — Мяне дзед браў, і мы ездзілі ў Латвію: збіраеш тыдзень 8—10 мяхоў агуркоў па 80 кг, іх яшчэ называлі «кітайцамі» (невысокія і шырокія). Прадавалі на рынках. А цяпер оптам усё забіраюць.

Галоўныя скупшчыкі — з Расіі.

— У асноўным расіяне скупляюць. А Беларусь мы за адзін дзень завалім. Вы не ўяўляеце аб’ёмаў. У разгар сезона ў сярэднім — каля 1000 тон у дзень! Гэта 25 фур і дзясяткі мікрааўтобусаў.

На выездзе з Альшанаў ёсць рынак, які адкрыў мясцовы фермер. Прыязджаюць туды не толькі на фурах, але і меншым транспартам: загрузілі 3—5 тон — і паехалі.

Вагі на аптовым рынку Альшан.

Сезон агуркоў — вясна і лета. Пасля да маразоў — капуста. «А зімой жа дровы трэба прывезці — цяпліцы ацяпляюцца буржуйкамі». Газам тапіць нявыгадна.

Яшчэ восень, а альшанцы ўжо рамантуюць парнікі.

Працаваць у Альшаны прыязджаюць нават з суседніх раёнаў. У вёсцы з’явілася свая «біржа працы»: каля крамы збіраюцца людзі. Праўда, добрыя работнікі на вагу золата.

— Чужыя выпіваюць, — тлумачыць Юрый. — Асабліва прыезджыя: ім бы да вечара зарабіць, каб выпіць.

Ёсць у Альшанах і СВК, колішні калгас, — спецыялізуецца на малацэ, ялавічыне, зерні, цукровых бураках.

Абяцанкі-цацанкі

На пад’ездзе да Альшанаў стаяць яблыневыя сады. Гэта гаспадаркі фермераў. Адзін з іх — Якаў Грыб. Ён таксама прыхаджанін пратэстанцкай царквы.

Фермерствам ён займаецца з 1999. Тады яму толькі-толькі споўнілася 30 гадоў. Да таго зарабляў грузавымі перавозкамі. Была і свая цяпліца з агуркамі. А як выйшаў закон аб зямлі, узяў 12 га. Потым яшчэ. На сёння мае 70 га.

Якаў Грыб

Грыб атрымаў зямлю пад Давыд-Гарадком — за 10 км ад Альшан. Зямля была непрыдатная. Грыб яе акультурыў. Цяпер у яго там 25 га яблыневага саду. Першыя 3 га засадзіў 7 гадоў таму. Сартоў некалькі: «Чэмпіён», «Лігол», ананасавы «Голдэн»… Яшчэ вырошчвае капусту, буракі, моркву, агуркі, памідоры. Кавуноў у Альшанах не садзяць.

Пасля сезона агуркоў праца не заканчваецца. Да маразоў вяскоўцы займаюцца капустай.

Яблыкі раней ішлі на Мінск. Але пасля ўвядзення Расіяй эмбарга на садавіну з Еўрасаюза тэлефон фермера разрываўся ад званкоў з Расіі.

Праўда, як пачалі збіраць ураджай, Беларусь ператварылася ў «перавалачную базу» для яблыкаў з Малдовы, Украіны, Польшчы, кажа фермер. Іх садавіна таннейшая, бо ўкладанні ў іх меншыя. А свой ураджай даводзіцца прадаваць за бясцэнак.

Закладка саду патрабуе да 20 тысяч даляраў інвестыцый на гектар: саджанцы, бамбук альбо калкі, дрот, слупы… Сёлета засталося гектараў 6 непадвязаных яблынь, дык дрэўцы былі паўляжачыя. Фермер і рады б укласці грошы, але няма лішніх. Якаў кажа, што холдынгам з большымі садамі дапамагае дзяржава, меншым — не.

— А калі ён загубіў той сад — яму зноў дапамогуць. У выніку і саду няма, і грошы ўкладзены.

Залатыя часы для фермера Грыба былі да фінансавага крызісу — дзяржава дапамагала тэхнікай, угнаеннямі. А сёлета скарацілі ўгнаенні па льготных цэнах, менш субсідзіруюць. Перад фермерам востра стаіць і пытанне пра сховішча. Кажа, што атрымаць ільготны крэдыт пад яго фактычна немагчыма.

70-гектаравая фермерская гаспадарка — гэта ўжо не малое, а сярэдняе прадпрыемства. У Грыба пастаянна працуюць 15 чалавек плюс наймаюць падзёншчыкаў — скажам, на праполку, на ўборку капусты. Працаваць прыязджаюць людзі са Століна, з Мікашэвіч, з-пад Пінска, нават за 100 км, з мясцовасцяў, у якіх няма добрай працы.

Наймічка можа зарабіць 150—200 тысяч у дзень, а то і больш. Але іншы і 50 тысяч не заробіць, прызнае Грыб. Гаспадар стараецца сам працаваць разам з найманымі работнікамі: «тады на працэнтаў трыццаць эфектыўней работа пойдзе».

Галоўная праблема фермераў Альшан — зямельны голад. Грыбу частку зямлі далі за 60 км ад дому. Калі літр паліва — даляр, гэта істотна павышае расходы. У цэлым асноўная частка зямлі застаецца ў калгасе.

У красавіку 2012, калі сюды прыязджаў Лукашэнка, фермеры хацелі расказаць яму пра некалькі «мёртвых» калгасаў у ваколіцах, якія неэфектыўна карыстаюцца зямлёй. І прасіць гэтую зямлю ў прыватную ўласнасць. Не выйшла. Перад прылётам фермераў сабралі ў кавярні і выставілі ахову. Паабяцалі паклікаць пазней. Так яны і прасядзелі, пакуль Лукашэнка не адляцеў. У той паездцы ён, між іншым, даў даручэнне пабудаваць у Альшанах лагістычны цэнтр. Праўда, цэнтра няма і да сёння.

Пачалі адпачываць

Альшаны не ведаюць дэмаграфічнай праблемы. У пратэстанцкіх сем’ях вялікая нараджальнасць. У адзінай школе нейкі час даводзілася вучыцца ў тры змены. Школу рэканструявалі і вучняў развялі на дзве змены. І вырашылі пабудаваць яшчэ і пачатковую школу. Праўда, пакуль яе будавалі, узнікла патрэба не ў пачатковай, а ў сярэдняй — перад самым адкрыццём у 2011 яе перапрафілявалі. Цяпер тут дзве сярэднія школы.

У Альшанах няма дэмаграфічнай праблемы.

Моладзь у Альшанах застаецца. Да 18 гадоў, працуючы з бацькамі, можна назбіраць на ўласны аўтамабіль.

— Хаця пытанне заробку — пытанне цяжкае. Камусьці здаецца, што грошы з неба сыплюцца. А хто з намі пажыве месяц, той разумее, што ўсё не так проста, — заўважае Логвінка.

На што трацяць грошы? На сябе. Юрый адзначае, што апошнімі гадамі пачалі выязджаць на адпачынак — у Турцыю, Егіпет.

— Калі ёсць лішняя капейка. Бо калі сям’я вялікая, аддаць такія грошы за 10—14 дзён… Гэтая капейка мае месца для іншага: дзяцей трэба абуць, апрануць, адправіць у школу.

Але тут хто працуе — той і мае.

Альшаны растуць. Новыя дамы паўстаюць у розных канцах вёскі. Маладыя ўзводзяць сапраўдныя палацы. Купляюць дарагія машыны. З’язджаць з Беларусі і не думаюць.

«Поспех нараджае зайздрасць»

— Пратэстанты — пяцідзясятнікі — тут з’явіліся ў 1927. А сёння мы маем каля 1700 дарослых, якія прынялі хрост. У нас гэта дазволена з 18 гадоў, калі чалавек усведамляе, што ён робіць. Дзяцей у нядзельнай школе ў нас каля тысячы: іх вучаць Бібліі, — расказвае Юрый Логвінка.

Пратэстанцкая царква ў Альшанах — нібы сталічны тэатр.

Пратэстанцкая царква ў Альшанах уражвае сваёй веліччу. Пабудавалі яе ў 1990-х вернікі за свае грошы — да гэтага маліліся ў будынку, які паўстаў яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Нядаўна да царквы зрабілі яшчэ і прыбудову — усе не змяшчаліся падчас службы. Побач выкупілі і два надзелы зямлі для паркоўкі.

Тут не існуе дзесяціны, калі дзясятую частку прыбытку ты мусіш аддаць на патрэбы царквы. Людзі ахвяруюць самі, хто колькі зможа. І гэтага хапае. Дапамагае грамада Альшан і іншым, меншым цэрквам.

Як ужываюцца пратэстанты з астатнімі? Па-рознаму, не абыходзіцца і без зайздрасці.

— Трэба часам ператрываць, дараваць, не заўважыць. Ёсць людзі з пачуццём зайздрасці. Адкуль яно? У Бібліі напісана: поспех паміж людзьмі нараджае зайздрасць. Добра, калі яна на ўзроўні сэрца, бо яна ж можа нейкім чынам сябе і праявіць…

Чаму там не тут?

Калі б ва ўсёй Беларусі было столькі евангелістаў, была б яна такой багатай, як Альшаны, уся краіна? Відаць, так.

Альшаны такія ж, як любая іншая вёска Беларусі. Тая ж зямля, балоты ды супесак. Тыя ж хлопцы, таксама служаць у войску, таксама любяць машыны. Тыя ж дзяўчаты, тыя ж бабулькі.

Але такая квітнеючая эканоміка — толькі ў Альшанах. Такая заможнасць. Такія дамы багатыя толькі ў Альшанах. Такая аптымістычная дэмаграфія — толькі тут. Тут і ў іншых пратэстанцкіх вёсках Палесся.

Вось так Альшаны, Столінскі раён, абверглі Карла Маркса. Не быццё вызначае свядомасць, а свядомасць вызначае быццё.

***

Фенаменальныя Альшаны

На сёння Альшаны — адзін з самых паспяховых у краіне населеных пунктаў. Высокі ўзровень жыцця, сацыяльная стабільнасць і прырост насельніцтва ствараюць «альшанскі феномен». Працавітасць, стабільнасць у сямейным жыцці, адсутнасць міграцыі моладзі ў гарады, нізкі ўзровень злачыннасці — усё гэта мае рэлігійны падмурак.

У адрозненне ад беларускіх праваслаўных і каталікоў, пяцідзясятнікі ствараюць асаблівую суполку са сваім сацыяльным парадкам, які грунтуецца на рэлігійных прынцыпах.

Вучэнне хрысціян веры евангельскай пачало распаўсюджвацца ў Беларусі ў 1920-я. Яго прынеслі беларусы, што выязджалі на заробкі ў Амерыку і там прынялі хрышчэнне. Яны і пачалі прапаведаваць.

Як расказвае пастар Уладзімір Чынікайла, праваслаўная царква ў Альшанах у 1920—30-я цалкам страціла свой уплыў. Гэта было звязана з тым, што прысланы на службу бацюшка, расійскі афіцэр, не здолеў паразумецца з вяскоўцамі.

У савецкі час вернікі ўладкоўвалі жыццё згодна з евангельскімі прынцыпамі светаўспрымання. Яны імкнуліся максімальна адмежаваць сваіх дзяцей ад свецкай адукацыі. Па рэлігійных перакананнях яны не ўступалі ў камсамол, а таму пытанне пра вышэйшую адукацыю не стаяла, і моладзь не выязджала з вёскі.

Так у Альшанах утварылася самая шматлікая ў Беларусі грамада кансерватыўных пяцідзясятнікаў. Актыўныя вернікі ствараюць рэлігійную большасць у вёсцы, дзе налічваецца каля 8000 жыхароў. У кожнай пратэстанцкай сям’і выхоўваецца ад 3 да 15 дзяцей.

Настасся Даманска, даследчыца рэлігіі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)