Общество
Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў”

Вынікі конкурснай часткі “Басовішча-2007”

Конкурсныя жарсьці “Басовішча-2007” скончаныя — журы ў складзе чатырнаццаці музыкаў, музычных журналістаў, прадусараў і мастакоў назвала тры беларускія гурты, якія сёлета аказаліся лепшымі. Па выніку галасаваньня журы першы прыз “Басовішча” атрымаў наваполацкі гурт “Фляўс і Кляйнн”, другім ляўрэатам названыя экстрэмальныя менчукі “SOK”, трэцюю ўзнагароду з фэстывалю ў Менск вязе зусім новы фольк-гурт “Unia”.

Ацэньваць сёлетніх канкурсантаў “Басовішча” ва ўрочышча Борэк зь Беларусі прыехалі музычная журналістка “БелГазэты” Тацяна Заміроўская, прадстаўнік слушнага музычнага парталу “Тузін Гітоў” RWD, прадусарка “Крамабамбулі” Ганна Вольская, прадусар Віталь Супрановіч, Вольга Кузьміч ад “Generation.by”, мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў, чый варыянт лягатыпу “Басовішча” красуецца сёлета на фірмовай прадукцыі фэстывалю, музычны журналіст Зьміцер Падбярэcкі.

Польскую частку журы склалі вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч, журналіст і музыка Лукаш “Стэп” Стэпанюк, музыка гурту “ZERO-85” Багуслаў Каспэрук, журналіст інтэрнэт-часопісу “Pro-Rock” Марцін Полэць, кіраўнічка тэлебачаньня “БелСат” Агнешка Рамашэўская, музычны журналіст Славамір Сакалоўскі і вакалістка гурту “5set5” і прадстаўніца “БАС” Ілона Карпюк.

Па меркаваньні журы лепшы беларускі гурт сёлетняга конкурсу — навапалачане “Фляўс і Кляйнн”. Пераможца атрымаў адмысловы прыз “БелСат” — статуэтку і грашовую ўзнагароду ў 5000 польскіх злотых, прыз ад Польскага Радыё для замежжа — 1360 польскіх злотых і 20 гадзінаў запісу з гукарэжысэрам на студыі “Рэмбрант” ад Радыё “Беласток”.

Ляўрэатам другой ступені “Басовішча” стаў гурт зь Менску “SOK”. Музыкі атрымалі магчымасьць 40 гадзінаў запісу без гукарэжысэра на Apollo Records, грашовую ўзнагароду ад тыднёвіку “Ніва” — 1200 польскіх злотых і 1800 ад “БАС”.

Зусім новы фолькавы гурт “Unia” вяртаецца ў Менск з падарункам у 1000 злотых ад войта Гарадоцкай гміны і адмысловым прызом беларускага Радыё “Рацыя” — 1100 польскіх злотых. Акрамя таго “Unia” атрымлівае ад “Рацыі” гарачую падтрымку і прамоцыю на сайце і гадавую ратацыю ў этэры радыё.

Усе тры пераможцы “Басовішча-2007” атрымаюць прадукцыю кліпаў ад тэлевізіі “БелСат”. Віншуем пераможцаў, а таксама ўсіх удзельнікаў і гасьцей “Басовішча” з гэтым вялікім музычным сьвятам!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)