Общество

Выйшла эфірная версія праекта «Апошні золак»

10 кастрычніка, у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, у Інтэрнэце з’явілася эфірная версія музычнага праекта «Апошні золак».

У ім свае новыя творы прадставілі Лявон Вольскі, Наста Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Ганна Хітрык, Віктар Рудэнка, Алесь Дзянісаў і Зміцер Вайцюшкевіч.

"Апошні золак" працягвае традыцыі такіх супольных музычных праектаў, як "Народны альбом", "Я нарадзіўся тут", "Святы вечар". Пры гэтым яго адметнасць у тым, што ён быў створаны ў рэжыме рэальнага часу і акрамя музыкі змяшчае багатую візуальную частку, за якую адказвала мастачка Наста Шастак і рэжысёр Павел Бандзіч.

Рэалізацыяй праекта займалася творчая каманда Tuzin.fm, а ініцыятарам выступіў праваабарончы цэнтр "Вясна".

– Гэта праект выканаўцаў розных музычных плыняў і розных жыццёвых поглядаў, якія аб’ядналіся вакол адной тэмы, што яскрава сведчыць пра яе важнасць для грамадства, – адзначае прадстаўнік цэнтра "Вясна" Андрэй Палуда. – Мы вельмі хваляваліся, бо для нас гэта першы творчы праект такога масштабу, але выніковы прадукт і медыйны розгалас сведчаць пра яго поспех. Вялікі дзякуй творчай групе праекта і ўсім яго ўдзельнікам за іх унёсак у нашу агульную справу.

Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было здзейснена каля 400 расстрэлаў і быў толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне. Праект адбыўся ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Фінальная версія праекта выйдзе паздней на DVD і ў выглядзе аўдыё-альбома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)