Выйшаў на волю Зьміцер Дашкевіч

23 студзеня са Шклоўскай калоніі вызвалілі палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Навіна пра вызваленьне для яго была поўная нечаканасьць.

Нібыта прыйшла пастанова, што тэрмін зьняволеньня - паўтара году - зьменшылі да году, і такім чынам Зьміцер пераседзеў чатыры месяцы.

Нагадаем, што ў лістападзе 2006 г. (ад верасьня 2006 г. ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары) Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. На волю ён меўся выйсьці 15 сакавіка 2008 г.

Увечары Зьміцер знаходзіўся ў Воршы, дзе яго сустрэлі мясцовыя актывісты.

Бацькі Дашкевіча: Вызваленьне Зьмітра стала для нас поўнай нечаканасьцю

Як расказаў бацька Зьмітра, Вячаслаў Дашкевіч, 10 дзён таму яны адправілі сыну бандэроль, але пазаўчора яе вярнулі безь ніякіх тлумачэньняў. Але бацькі ўспрынялі гэта як нейкія бюракратычныя перашкоды, а ня сьведчаньне хуткага вызваленьня.

«Калі мы ездзілі да сына ў калёнію, ён прынёс нам дзьве вялікія торбы ягонай турэмнай перапіскі. Але ён ня думаў, што выйдзе на волю, ён чакаў чагосьці горшага. Зьміцер быў упэўнены, што сядзець яшчэ доўга. І мы таксама ня думалі, што ён так хутка будзе з намі», — кажа бацька.

Маці Зьмітра плача ад радасьці, хаця хвалюецца за тое, як сын даедзе дадому. «Дзякуй Богу, і дзякуй ўсім добрым людзям, што нас падтрымлівалі. Ўсё будзе добра, я ведаю. Хоць бы хутчэй ён прыехаў».

Бацькі кажуць, што праглядалі турэмную перапіску сына, і ўбачылі там шмат лістоў з розных краін і розных гарадоў Беларусі. Яны шчыра дзякуюць усім, хто дапамагаў Зьмітру ў гэты цяжкі час.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі: “Магчыма, паўплывала цьвёрдая пазыцыя Эўропы”

«Абсалютна нечаканае вызваленьне! Тым больш на фоне апошніх затрыманьняў і «справы Зьдзьвіжкова». Хаця тыдзень таму быў вызвалены Аўтуховіч, ніхто ня думаў, што зараз вызваляць і Дашкевіча.

Няпроста зразумець, чаму гэта адбылося, можна толькі меркаваць, што паўплывала цьвёрдая пазыцыя Эўропы па палітычных вязьнях Беларусі. Магчыма, гэта новая спроба рэжыму залагодзіць Захад і зьняць напружанасьць сытуацыі».

Цімох Дранчук, кіраўнік аргкамітэту «Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных»: “Гэта канкрэтныя крокі”

«Я бачу пазытыўную тэндэнцыю ў тым, як нечакана вызвалілі Зьмітра. Магчыма, улады зразумелі, што недастаткова ўзяць крэдыт у Расеі, каб захавацца. Вызваленьні Аўтуховіча і Дашкевіча — першы крок на шляху выкананьня 12-ці ўмоваў Эўразьвязу. Нельга сказаць, што тут толькі палітычная гульня, гэта канкрэтныя крокі.

Ня гледзячы на ўсе палітычныя моманты, віншую Зьмітра! Галоўнае, што ён на свабодзе».

Станіслаў Шушкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня парлямэнту ў 1991-1994 гг.: “Улада вымушаная прадэманстраваць нейкую людзкасьць”

«Пра вызваленьне Зьмітра чую ўпершыню, ад вас, і гэта выдатная навіна. Зьміцер Дашкевіч — цудоўны малады чалавек, не было за што яго саджаць. Ягоны арышт — гэта ганьба ўладзе.

Я лічу, яны вымушаныя былі паказаць нешта прыстойнае са свайго боку пасьля падзей з прадпрымальнікамі, прадэманстраваць нейкую людзкасьць. Хаця насамрэч ні ў гэтай уладзе, ні ў юрыдычнай сыстэме, ні ў заканадаўстве нічога людзкага няма. Чалавека могуць асудзіць ні за што, пасадзіць у турму. Гэта чыстыя нелюдзі».

Запісваў Яраслаў Сьцешык

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)