Профсоюзы
Анастасiя ЗЕЛЯНКОВА

Выгналi за Францыю

У сераду, 30 лістапада, студэнтка Таццяна Хома, выключаная з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, накіравала скаргу ў Міністэрства адукацыі. У гэты ж дзень на сайце БДЭУ быў змешчаны афіцыйны адказ рэктара Уладзіміра Шымава на шматлікія пратэсты міжнародных грамадскіх арганізацый з нагоды выключэння Таццяны Хома.

Кіраўнік універсітэта лічыць, што адлiчэнне студэнткі 4-га курса факультэта міжнародных эканамічных адносін адбывалася ў адпаведнасці “з нормамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь”. У віну Таццяне Хома было пастаўлена тое, што яна “адправілася ў Францыю без дазволу і заставалася там 11-14 лістапада 2005 года”.

— Я дагэтуль не разумею, чаму павінна была пытацца ва універсітэце дазволу на выезд у Францыю, — кажа Таццяна Хома. — Я сапраўды не паспела папярэдзіць кіраўніцтва, што вымушаная прапусціць заняткі. Але мяне адлічылі якраз не за пропуск, а за “самавольны выезд за мяжу”. Мне было сказана, што я парушыла прэзі-дэнцкі Дэкрэт №3, паколькі не прайшла пэўную працэдуру для выезду. Але я накіроў-валася ў Францыю не на працу, і не на вучобу, а для ўдзелу ў з’ездзе Звязу нацыянальных студэнцкіх аб’яднанняў Еўропы.

Дарэчы, падчас з’езду Таццяна была абраная ў кіраўніцтва гэтай міжнароднай арганізацыі. Між тым у апублікаваным на сайце лісце рэктар БДЭУ выказаў занепакоенасць тым, што знаходжанне Таццяны Хома ў “перыяд напружанай палітычнай сітуацыі... у французскіх гарадах... магло прывесці да нечаканых трагічных вынікаў”. Аднак разам з тым ён абураўся, што “ні адна з міжнародных арганізацый не звярнулася да яго загадзя з запытам накіраваць Хома ў афіцыйную паездку”. Напэўна, наяўнасць такога звароту павінна была карэнным чынам змяніць становішча ў Францыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)