Скандалы
Кастусь Матушыч, Сяргей Гезгала, «Наша Нiва»

Выдаленая суполка Вконтакте, што заклікала на «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі

Як паведамляецца, суполку «Мы за вялікую Беларусь!» выдалілі з камп’ютара адміністратара Сяргея Паўлюкевіча супрацоўнікі спецслужб, якія ўварваліся да яго ў кватэру.

Сяргей Паўлюкевіч ствараў у Вконтакте суполкі за перамены ў Беларусі

Суполка рыхтавала «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Удзельнікі заклікалі распачаць яго 15 ліпеня на цэнтральнай плошчы Мінска. У суполцы «Мы за вялікую Беларусь!» было 120 000 удзельнікаў.

Пацверджання ці тлумачэнняў ад самога Паўлюкевіча пакуль няма.

Напярэдадні ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў ліст за подпісам Сяргея Паўлюкевіча. Малады чалавек заявіў пра ціск з боку спецслужб на яго сям’ю. Сяргей, якога пасля падзей на Плошчы спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ, паведаміў, што 2 чэрвеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі на працу да яго маці. Яны параілі, каб яе сын спыніў сваю працу ў якасці адміністратара шэрагу буйных суполак ў сацыяльных сетках. У процілеглым выпадку паабяцалі пасадзіць сына ў турму. І артыкул назвалі канкрэтны — 342 КК.

Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (да трох гадоў пазбаўлення волі).

«Звяртаюся да ўсіх свабодных і тых, хто чуе ў Беларусі: не маўчыце, не бойцеся! У супрацьлеглым выпадку гэты маразм трансфармуецца да таго, што хутка будуць за анекдоты саджаць у турмы». Асобна малады чалавек звярнуўся да сусветнай супольнасці: «Нас ужо не падмануць. І таму падумайце, калі дазваляеце дыктатуры ў цэнтры Еўропы таптаць правы чалавека, свабоду слова… Падумайце перад тым, як выдаваць крэдыты дыктататуры і ўсяляк яе падтрымліваць».

«Калі мяне зняволяць, спадзяюся, што гэта не будзе дарэмна, што абудзяцца яшчэ пару соцень тысяч чалавек, а пару дзясяткаў тысяч чалавек пачнуць рэальна нешта рабіць. Нам ужо асабліва губляць няма чаго. Што нам губляць, акрамя страху?».

Падобна, што напісаць такі ліст Сяргея змусіла бязвыхадная сітуацыя, у якой ён апынуўся. Але ў канцы ліста ён адзначыў, што «мяне яны не зламаюць і не нахіляць».

Сяргей Паўлюкевіч быў студэнтам прэстыжнага юрыдычнага факультэта БДУ. У Вконтакте ён стаў мадэратарам суполак «Мы за Вялікую Беларусь» (больш за 120 тысяч удзельнікаў), «Славяна-балтыйскі альянс», «Марш Мільёнаў — 19 дзён — нас 33.500» на сайце vkontakte.ru.

Паўлюкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у падзеях 19 снежня. Пасля адмовы працаваць з КДБ у яго на кватэры правялі ператрус. З самага ранку 25 сакавіка яго забралі на допыт, на якім пратрымалі да вечара, каб ён не ўзяў удзелу ў Дні Волі.

Вконтакте — гэта адна з самых папулярных сацыяльных сетак — інтэрнэт-платформаў, на якіх людзі камунікуюць. Калі на Захадзе самай папулярнай сеткай стаў Фэйсбук, то ў былым СССР найбольш карыстальнікаў на сёння мае акурат Вконтакте.

Учора тэлефон Паўлюкевіча быў адключаны, сёння ён не адказваў на тэлефанаванні. Адказу на электронны ліст ад яго таксама не маем.