Политика
Анастасія Зелянкова

“Выбіраючы паміж двума маімі канкурэнтамі, прагаласаваў бы за кагосьці трэцяга”

8-9 снежня пройдзе з’езд Партыі БНФ, на якім будзе абраны яе новы кіраўнік на наступныя гады. Выклік сённяшняму старшыні партыі Вінцуку Вячорку кінулі два ягоных намесніка Алесь Міхалевіч і Віктар Івашкевіч. Пра адносіны са сваімі канкурэнтамі, магчымасці расколу ў партыі, а таксама чаму не можа пакінуць сёння сваю пасаду, Вінцук Вячорка распавёў у інтэрв’ю “Салідарнасці”.

— Вы адчуваеце ў сабе дастаткова сілы, каб і далей узначальваць партыю?

— Сіла бярэцца з пачуцця абавязку. Наступны год будзе годам абароны незалежнасці. Мы ніколі не не здраджвалі нацыянальнай ідэі. Разумныя людзі цэняць паслядоўнасць. І я як чалавек, які здолеў вывесці Фронт з крызісу 1999 года, абавязаны гэты непахісны курс на абарону нацыянальных каштоўнасцяў павесці ў новых умовах.

— Вы неаднаразова казалі, што галоўная ваша мэта — вяртанне партыі яе ранейшага ўплыву. Але і іншыя прэтэндэнты кажуць пра гэта ж. У чым розніца?

— Па-першае, Беларускі Народны Фронт з’яднаны беларускай ідэяй. А не якойсці часовай кампаніяй ці прагматычным інтарэсам. Мы — за простыя вечныя рэчы: за незалежную еўрапейскую краіну Беларусь, за свабоду, за багатую беларускую культуру, за чалавечую годнасць і дабрабыт.

Дзякуючы нашай ідэі да нас, не да кагосьці, масава — апошнія пару гадоў — пайшла моладзь. Так з’явілася Моладзь БНФ, якой мы ганарымся. Я адчуваю адказнасць за тое, каб гэтыя хлопцы і дзяўчаты не расчараваліся ў Фронце.

Па-другое, я выступаю за тое, каб палітычныя рашэнні калектыўна прымаліся ў самім Фронце, а не аднаасобна ці дзесьці ў іншых месцах.

— А раней што перашкаджала вам гэта рабіць?

— Дык раней так і было, і цяпер так ёсць, і так будзе надалей, калі я буду старшынём. Але ёсць тыя, хто хацеў бы іначай.

Пра вяртанне ўплыву. Раней была іншая сітуацыя. Пачынаючы з 1999-2000 гадоў, мы аддалі шмат сілаў мадэрнізацыі нашага палітычнага мыслення, навучыліся заключаць паразуменні, працаваць з іншымі палітычнымі сіламі, у кааліцыях праводзіць сваю лінію, каб яна станавілася агульнапрынятай. У нас атрымалася. Нагадаю, што ў 2005-м мы вылучалі Аляксандра Мілінкевіча на адзінага дэмакратычнага кандыдата — і яго вылучылі. У 2006-м мы прапанавалі Аб’яднаным дэмакратычным сілам Антыкрызісную стратэгію — і яна ў асноўных рысах была ўхваленая апошнім Кангрэсам.

Але з’яўляюцца новыя шанцы. Тое, за што нас калісьці ярлыкавалі — наша незалежніцтва, — становіцца агульнапрынятым палітычным выбарам. Пра незалежнасць гаворыць нават А.Лукашэнка. Старыя ярлыкі рассыпаюцца ў порах. І тое, што раней, магчыма, успрымалася як наша слабасць, цяпер ёсць наша сіла ўваччу грамадства.

Таму зараз я раблю акцэнт на самастойную ініцыятыву БНФ —выкарыстоўваючы і кааліцыйныя магчымасці.

— Вашыя апаненты зыходзяцца на думцы, што вы як кіраўнік занадта асцярожны і таму часам бяздзейсны — маўляў, зараз трэба дзейнічаць напорам. Вы лічыце сваю тактыку апраўданай?

— Я не згодны. Мая дзейнасць навідавоку, яна пастаянна асвятляецца мас-медыямі. Думаю, якраз не мяне трэба вінаваціць у бяздзейнасці.

Што да выверанасці прыняцця рашэнняў — так, усе рашэнні павінны быць калектыўнымі і выверанымі. Пры гэтым трэба дзейнічаць напорыста, але ж не бяздумна. Мой прынцып — супраць інтрыжных кулуараў і танных піараў.

— Якія недахопы вы бачаце ў сённяшніх прэтэндэнтах?

— Я не думаю, што мушу гэта публічна выкладаць. Я буду выкладаць пазітыўную праграму.

— Спадар Івашкевіч зарэкамендаваў сябе як палітык, схільны да рэзкіх заяў. Як вы ставіцеся да такой тактыкі?

— Рэзкія заявы спадара Івашкевіча ёсць ягонай адметнасцю. У кожнага чалавека — свае асаблівасці.

— А што б вы маглі сказаць наконт пазіцыі спадара Міхалевіча?

—Шчыра кажучы, не ведаю, у чым палягае партыйная пазіцыя спадара Міхалевіча.

— Міхалевіч неаднойчы дэклараваў, што хацеў бы бачыць у якасці сцяга партыі і ўсёй беларускай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча? Ці згодны вы з гэтым меркаваннем?

— У партыі мае быць свой сцяг — партыйны. Народны Фронт павінен весці сваю палітыку, вылучаць сваіх прэтэндэнтаў, у тым ліку і на адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. І з гэтых пазіцыяў заключаць пагадненні з усімі партнёрамі — як роўныя з роўнымі. У тым ліку і з Аляксандрам Мілінкевічам, чыя папулярнасць у вялікай ступені сфармавалася дзякуючы працы БНФ і маёй у тым ліку. Калі Партыя БНФ моцная, гэта мацуе ўсіх, хто з ёй супрацоўнічае.

— Як можна ахарактарызаваць міжасабовыя адносіны паміж вамі і вашымі сённяшнімі канкурэнтамі? І ці змяніліся яны пасля вылучэння вашымі намеснікамі сваіх кандыдатур?

(пасля паузы)

— Ёсць палітычнае спаборніцтва, а ёсць міжасабовыя адносіны. Адно на другое не павінна ўплываць.

— Дык усё ж такі, ці застанецеся вы ў кіраўніцтве партыі ў выпадку перамогі Міхалевіча?

— Я не ведаю ні палітычнай мінуўшчыны Міхалевіча (нагадаю, што я быў супраць выбрання яго маім намеснікам), ні сённяшняй яго дзейнасці ў партыі. За чатыры гады яго намесніцтва я гэтага так і не даведаўся. І адпаведна, не магу падзяляць адказнасці за палітыку і лінію, якой я не ведаю.

— А калі пераможа спадар Івашкевіч?

— Паглядзім.

— Ходзяць чуткі, што сваю кандыдатуру спадар Івашкевіч вылучыў дзеля таго, каб адцягнуь галасы ў Міхалевіча і тым самым не даць яму стаць старшынёй партыі...

— Чуткі не каментую. Пытайцеся Івашкевіча.

— Ці ёсць пагроза, што пасля абрання старшыні, у партыі адбудзецца раскол?

— Я б не хацеў, каб ён адбыўся. Таму і балатуюся.

— Ва он-лайн дэбатах, што адбыліся на сайце “Нашай Нівы” вы неяк абмовіліся, што хвалюецеся, паколькі “той-сёй хацеў бы перакупіць Партыю БНФ” і для таго, каб гэтага не адбылося, вам зараз проста нельга сыходзіць з пасады кіраўніка. Вы намякалі на тое, што цяперашнія прэтэндэнты (ці хтосьці з іх адзін) мараць прадаць партыю?

— Я не намякаю. Я ясна кажу, што апошнімі гадамі да сяброў Партыі БНФ у Менску і асабліва ў рэгіёнах безупынна звяртаюцца ўсялякія “купцы”— заснавальнікі розных ініцыятываў, рухаў, іншых структураў. Я маю цвёрдую пазіцыю наконт гэтага, са мной нельга “договориться”. І гэта каляпалітычныя бізнэсмэны добра ведаюць. Менавіта таму я балатуюся. І магу гарантаваць, што пры мне Партыя БНФ не будзе нейкім пунктам пракату жывой сілы.

— Наколькі вы ўпэўнены ў сваёй перамозе?

— Натуральна, упэўнены. Упэўнены, што людзі падтрымаюць ясную пазіцыю БНФ і ў ідэйных пытаннях, і ў пытаннях нашай уласнай незалежнасці.

— Калі б вам патрэбна было выбіраць паміж Івашкевічам і Міхалевічам, за каго б вы прагаласавалі?

— На з’ездзе буду галасаваць за сваю праграму.

— А выбіраючы сярод гэтых двух вашых канкурэнтаў?

— Прагаласаваў бы за кагосьці трэцяга.

Таксама па тэме:

Міхалевіч кінуў выклік Вячорку

Віктар Івашкевіч: “Балатавацца на пасаду старшыні я прыдумаў не проста, прачнуўшыся неяк зраніцы”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)