Общество

«Вясёлы» суд: «Працэс над Алесем Пушкіным – гэта проста бясплатнае шоў»

Цяпер мастака будуць судзіць «міжсабойчыкам».

Журналiст Ігар Карней пiша:

– На жаль, адкрыты фармат пратрымаўся толькі пару гадзін, у другой палове дня паседжаньне зрабілі закрытым ад публікі. 

Фота з Facebook Iгара Карнея

Эпатажны мастак, якога за аўтарскія працы вінавацяць ў «рэабілітацыі нацызму», раз за разам прымушаў судзьдзю і народных засядальнікаў выдаляцца ў «савяшчацельны пакой». Ну а сілавікі, якіх набілася з дзясятак, тым часам выдваралі наведнікаў у калідор. 

Спачатку можна было падумаць, што пагоньнікі ахоўваюць пустую клетку, але «фігурант» у белым камбезе з надпісам «Белрэстаўрацыя» разьлёгся на лаўцы і не падаваў прыкметы жыцьця. Толькі на пытаньне судзьдзі пра «дэмарш» запатрабаваў зьняць кайданкі і паставіць на ногі. Пазьней аказалася, што ў будынак яго таксама занесьлі ў гарызантальным стане, сам на «судзілішча» ісьці адмовіўся. 

Калі пасьля першага перапынку «выпраміўся», заявіў, што справіцца без адваката, бо цяпер гэта дэкаратыўны «фігавы лісток» і сказаў, што не давярае суду, акрамя сакратаркі – маўляў, хай сабе сядзіць ды запісвае, нікому не замінае.

«Толькі яе люблю, пракурора і судзьдзю – не», – павесяліў прысутных Алесь, хоць санкцыя артыкулу і прадугледжвае да 12 гадоў турмы. На гэты конт дадаў, што ня мае ніякіх ілюзій адносна людзей, прызначаных рэжымам.   

Пакуль служкі Фэміды бясконца раіліся, Пушкін расказваў з таго боку байкі пра турэмны побыт і даваў настаўленьні свайму спадкаемцу – сыну Міколку. Спробы рэагаваць кароткімі рэплікамі ці сьмехам заканчваліся дыскваліфікацыяй. За пару слоў на пытаньне мужа выдалілі нават ягоную жонку Яніну.

Меры засьцярогі, без перабольшаньня, былі надзвычайныя. Ня верылася, што судзяць не гвалтаўніка ці забойцу, а мастака.

Мала таго, што запісваюць дадзеныя пашпарту на ўваходзе, дык яшчэ перад заляй «рамка» і татальнае абмацваньне ўручную. Адзін з ахвотных там і застаўся – на нейкім дакумэнце была налепка з «Пагоняй», магчыма, ужо сам з пратаколам.

У вэрхале, калі міліцыі і судовых клеркаў было ледзь ня больш за ўдзельнікаў, здарыўся казус. Канвойны нечакана дазволіў паздымаць у перапынку паміж чарговым «кансіліюмам», за што атрымаў за самадзейнасьць ад нейкай жэншчыны з шырокімі паўнамоцтвамі.

Натуральна, такі «вясёлы» суд мусіў скончыцца тым, што ўрэшце і здарылася. Цяпер Алеся Пушціна будуць судзіць «міжсабойчыкам». Ня выключана, што акрамя судзьдзі ды абвінаваўцы яшчэ далучыцца які-небудзь «экспэрт па нацызьме»...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)