Общество

Вяскоўцы абураныя «арабскай» будоўляй: «Паставілі трохмэтровую агароджу»

Жыхары лагойскіх вёсак Кроква і Цна ня могуць хадзіць у лес і на раку, бо тут агароджваецца вялізны ўчастак, аддадзены ў арэнду на 99 гадоў Аб’яднаным Арабскім Эміратам, пiша Радыё Свабода.

Фота Uladz Hrydzin (RFE/RL)

Тут будуецца рэзыдэнцыя, паляўнічыя вальеры, штучныя вадаёмы, паляўнічыя дамкі і аб’екты для іх абслугоўваньня, а таксама аб’екты інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры. Тут жа будзе помпавая станцыя, якая ўваходзіць у комплекс гідратэхнічных збудаваньняў штучнага вадаёма.

Заказчыкамі будаўніцтва пазначаная ТАА «КПІ Спэшл Проджэктс». Таксама да будаўніцтва мае дачыненьне інжынэрная арганізацыя ТАА «Мэйс».

Будаўніцтва пачалося ў студзені 2018 году і павінна было скончыцца ў траўні 2019-га. Аднак на пляцоўцы яшчэ кіпіць праца. Таксама рабочыя разьбіраюць ранейшы глухі плот вакол самой будаўнічай пляцоўкі. Новая сеткавая агароджа ўзводзіцца значна далей ад яе.

На ўваходах сустракаюць шыльды «Праход закрыты, прыватная тэрыторыя».

Як адгароджваюць вёскі

Агароджа арабскага ўчастку з рэзыдэнцыяй праходзіць ля вёскі Цна і перасякае раку. З абодвух бакоў высякаюцца дрэвы. Пакуль яшчэ можна выйсьці на пагорак і пабачыць вадаём, а за ім пабудовы.

Паводле адной з крыніц, участак з рэзыдэнцыяй агарадзілі, каб да яе «не падыходзілі зьвяры і людзі».

«Вёска Цна адсякаецца. А далей ужо вонкавы пэрымэтар, далей агароджа пяройдзе за Цну, вузкакалейку, праз Барысаўскі раён; яна выходзіць у Лагойскі раён і паварочвае на вёску Малінаўку, закальцоўваецца ўсё».

Жыхары Цны будуць мець доступ да аднаго берага ракі на пэўным адрэзку. Але калі пяройдуць па мастку на другі бераг, ім перакрые дарогу «сетка».

Жыхары Кроквы могуць прайсьці ў лес мэтраў трыста, далей тэрыторыя будзе закрытая.

«Я грамадзянка Беларусі, гэта мая зямля»

Жыхары Кроквы не задаволеныя тым, што цяпер ня змогуць хадзіць у ягады і грыбы, а таксама купацца на раку Цну, бо «пад носам плот стаіць».

— Усе пакрыўджаныя людзі. Там напісана, што гэта прыватная тэрыторыя. Загароджваюць найлепшую тэрыторыю, дзе ягады і грыбы бралі. Будоўля там, Бог ведае што там робіцца. Яны ж ужо амаль да асфальту агароджваюць. Поле было харошае, дык загадзілі, забудавалі, — кажа адна зь мясцовых жанчын. — Я пайшла ў бярэзьнічак за агароджу, дык падышоў вартаўнік і мяне выганяе. Я кажу: «Паспрабуй выгані. Я грамадзянка Беларусі, гэта мая зямля. Чаму я ня маю права ў дзяржаўны лес зайсьці». Адказваюць: «Не, ужо прыватны». Здалі ў арэнду шэйху, арабам. Загарадзілі сеткай высокай. Нам гэта непрыемна, мы не разумеем палітыкі. Нельга схадзіць туды, куды мы ўвесь час хадзілі.

«Гэта ж народны здабытак, як можна ім аддаваць?»

Лявон Колас, жыхар Кроквы: «Я ня ведаю, што тут творыцца. Арабы выкупілі лес на 99 гадоў. Гэта ж народны здабытак, як можна ім аддаваць?

Паставілі трохмэтровыя агароджы, высеклі лес. Чаму так зрабілі? Чым яны там займаюцца? Дарогу ля хаты грузавыя машыны разьбілі, дождж пройдзе — не праехаць. Там Лукашэнка прэзыдэнт, трэба ж думаць, што атрымліваецца.

Для мясцовых жыхароў гэта вельмі кепска. Яны выкапалі два возеры, дамкі будуюць. Там жа да агароджы падыдзеш — ахоўнікі кажуць: „Ідзіце адгэтуль“. За мэтраў трыста лес — гэта ўжо іхныя ўладаньні. Раней плот быў далей, дарогу пашырылі. Мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца. Дык яны праз вароты прапускалі, але трэба было запалкі пакінуць ці нож, і ты мусіў абавязкова вяртацца ў гэтыя вароты. А калі чалавек заблудзіў? Што рабіць? У мясцовых жыхароў незадаволенасьць ёсьць, але людзі баяцца выказацца».

«І нарадзіўся і жыў тут, а ў лес ня зойдзеш»

Жыхарка Кроквы: «У лес ня зойдзеш, усюды абгарадзілі. А што людзі зробяць? Нічога. Машыны тут езьдзяць, лес вывозяць. Там агароджа вышэйшая за чалавека. Шкада: і нарадзілася тут, і бацькі мае тут памерлі. А што рабіць, вайной жа ня пойдзеш. І нарадзіўся і жыў тут, а ў лес ня зойдзеш».

Дакумэнты «для службовага карыстаньня»

На будоўлі прараб Аляксандар патлумачыў, што ня можа даваць інфармацыю пра аб’ект.

Галоўная лясьнічая Лагойскага лясгасу Ірына Фадзеева сказала карэспандэнту Свабоды, што агароджваецца «арэндная тэрыторыя на 99 гадоў».

— Гэта землі прамысловасьці, яны ўжо ня маюць дачыненьня да лясгасу. Гэтыя землі выведзеныя зь ляснога фонду Лагойскага лясгасу.

У лясгасе паведамілі, што інфармацыя пра тое, хто арандуе землі і якая іх плошча, «канфідэнцыйная»:

— Гэта ўсе для службовага карыстаньня. Зьвяртайцеся ў кампэтэнтныя органы.

Не патлумачылі, хто арандуе землі, і ў Менскім аблвыканкаме. У Лагойскім райвыканкаме сказалі, што пра арандатараў «інфармацыю не распаўсюджваюць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(36)