Общество
Мікола Бянько, ”Радыё Рацыя”

Вярхоўны суд апраўдаў Сяргея Сямёнава, які папрасіў беларускамоўную дэкларацыю

У судовай пастанове Вярхоўнага суда пазначаецца, што папярэднія рашэнні суда Цэнтральнага раёна Гомеля “нельга прызнаць законнымі”.

Нагадаем, пры канцы лета Сяргей Сямёнаў перасякаў беларуска-украінскую мяжу. Супрацоўнікі мытні прапанавалі маладзёну запоўніць дэкларацыйны бланк. Той адказаў, што гатовы выканаць патрабаванне мытнікаў, калі тыя знойдуць беларускамоўную версію дакумента. У выніку на хлопца быў складзены пратакол аб непадпарадкаванні законным дзеянням супрацоўнікам мытні.

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка вынесла абвінаваўчы прысуд, абавязаўшы Сямёнава выплаціць штраф у памеры 930 000 рублёў. Менавіта гэтае рашэнне актывіст абскардзіў у Вярхоўным судзе, які прызнаў згаданы прыгавор незаконным.

Сам Сяргей Сямёнаў лічыць вялікім поспехам такое рашэнне Вярхоўнага суда, аднак спыняцца на дасягнутым не збіраецца. У бліжэйшы час ён плануе звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі, паколькі ставіць пад сумнеў прафесійную кампетэнцыю гомельскай суддзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)