Общество

Вядзе Twitter, піша вершы па-беларуску. Пяць фактаў пра новага галоўнага ідэоляга Кунцевіча

Журналіст, былы ідэоляг Магілёўшчыны, Андрэй Кунцэвіч цяпер стаў галоўным ідэолягам Беларусі. 19 жніўня Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Кунцэвіч будзе курыраваць пытаньні ідэалёгіі, грамадзкія аб’яднаньні і СМІ. Радыё Свабода ўважліва паглядзела ягоную біяграфію.

Фото: Khotimsk.by

Вядзе Twitter

Андрэй Кунцевіч, у адрозьненьне ад іншых беларускіх чыноўнікаў мае актыўны акаўнт у твітары. У ім зьмяшчае навіны пра падзеі на Магілёўшчыне. Але відаць, што Кунцэвіч — актыўны заўзятар, бо паведамленьняў пра спорт найбольш. Цікава, што ўсе віншаваньні са сьвятамі ён піша па-беларуску. Але асабістай інфармацыі пра сябе ён не зьмяшчае.

Разьбіраецца ў сучаснай беларускай музыцы

У адным з допісаў у Twitter Андрэй Кунцэвіч пытаецца меркаваньня чытачоў наконт выступоўцаў на канцэрце ў Магілёве. Сярод пералічаных варыянтаў — сучасныя музыкі: Ціма Беларускіх, Naviband, Тео і Пётр Ялфімаў. Перамаглі ў галасавалцы Naviband.

Піша вершы на беларускай мове

Новы галоўны ідэоляг мае паэтычныя здольнасьці, ён піша вершы па-беларуску. Некаторыя зь іх друкаваліся ў зборніку твораў літаратараў прыдруцкага краю «Праменьчык сонца ў душы маёй». Вось адзін зь іх.

Пакідае наш край чарада журавоў,

Шэрым клінам пранізвае даль.

Адлятаюць ад нас да чужых берагоў,

Бо наладжвае восень свой баль.

Залатым канфеці раскідала лістоту,

Гучны джаз барабаняць дажджы.

Горкі кліч журавоў, што навеяў самоту,

Пакідае наш край аж да самай вясны.

Прыходзіў на беларускую дыктоўку, цытаваў Багушэвіча

У 2016 годзе ўжо на пасадзе начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму прыйшоў на беларускую дыктоўку ў Дзень роднай мовы. Праўда, сам не пісаў, але зьвярнуўся да людзей, падзякаваў суполцы ТБМ.

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі — гэты выраз клясыка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча яскрава сьведчыць пра вялізную значнасьць, якую адыгрывае мова ў жыцьці народу, — казаў Андрэй Кунцэвіч. — І не здарма выкарыстаньне ды пашырэньне роднай мовы — адна з найбольш важных задач у Год культуры, які абвешчаны сёлета ўказам прэзыдэнта нашай краіны».

Чыноўнік падзякаваў суполцы ТБМ і Палацу культуры вобласьці за арганізацыю дыктоўкі і магчымасьць прыйсьці на яе, каб адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы.

«Я ўпэўнены, што толькі разам праз кансалідацыю, і сумесныя намаганьні мы зможам паказаць усяму сьвету, што ёсьць такі народ беларусы», — казаў тады Андрэй Кунцэвіч.

Працаваў журналістам

Сваю кар’еру пасьля навучаньня ў БДУ на журналіста(скончыў у 2002) Андрэй Кунцэвіч пачынаў як карэспандэнт раёнкі «Зара над Друцьцю» (Бялынічы), пасьля — рэдактарам гэтага выданьня. З 2009 году сышоў у чыноўнікі, пачаў працаваць намесьнікам старшыні Шклоўскага райвыканкаму, з 2011 па 2013 год — начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму. Пасьля працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму і зноў аблвыканкаму. Займаўся пытаньнямі ідэалёгіі і культуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(19)