Лица
Дзьмітры Падбярэскі, Радыё Свабода

Вядомыя пераможцы "Басовішча" сярод маладых выканаўцаў

Пад вечар 22 ліпеня на фэстывалі Басовішча-2006 журы прышло да наступных высноваў: грашовы прыз гміны Гарадок дастаецца менскаму гурту "Людзі сьвятла". Прыз "Радыё Палёнія" дастаецца магілёўскай камандзе, якая называецца "Нэўма". Прыз студыі "Апола" з Гарадка на запіс матэрыялу атрымаў менскі гурт "Парасон", гэты ж гурт атрымае грашовую ўзнагароду Беларускага аб'яднаньня студэнтаў. Прызам-запісам на "Радыё Беласток" адзначаны менскі гурт "СДМ", гэты ж калектыў атрымае ўзнагароду Саюзу беларусаў у Польшчы. І нарэшце, магілёўскі гурт "Водар Сусьвет" атрымае ў якасьці вызначэньня за ўдзел у гэтым конкурсе гітару.

Сёлета, адрозна ад мінулага году, у конкурсе прадстаўлены толькі беларускія каманды. Іх усяго 10. Прычым адна была адабраная паводле галасаваньня на сайце "Тузін гітоў", а 9 былі адабраныя журы цягам двух канцэртаў папярэдняга этапу фэсту, так званага "Адборышча". 8 калектываў прадстаўляюць Менск і 2 калектывы — Магілёў.

Пасьля конкурсу адбылася гасьцявая частка — гэта таксама традыцыя "Басовішча", і тут адразу варта адзначыць, што ў параўнаньні зь мінулым годам пашырылася прадстаўніцтва калектываў, якія прыехалі на фэстываль у якасьці гасьцей. То бок, да беларускіх, польскіх і італьянскіх музыкаў дадаліся сёлета літоўскія музыканты — гэта група "Іры", якая выступала першай у гасьцявой частцы і ўразіла публіку высокім майстэрствам.

Канечне, вялізнае ўражаньне зрабіў выступ італьянскіх музыкаў з аркестру Артура П'яцца. Артура П'яцца некалькі разоў прывітаў публіку па-беларуску, сказаўшы "Жыве Беларусь!" Таксама вельмі ўразіла выступленьне этна-трыё "Троіца", якое ўпершыню ўдзельнічала ў "Басовішчы" — усё гэта азначае пашырэньне стылёвых рамак фэстывалю, і выступленьне "Троіцы" паказала, што менавіта варта ісьці ў гэтым напрамку і не абмяжоўвацца толькі цяжкой музыкай. Скончыўся канцэрт ужо пасьля 4-й гадзіны ночы вельмі эмацыйным выступам групы "НРМ".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)