Общество
Анастасія Зелянкова, фота Яўгеніі Жуковіч

Вячорка-малодшы стаў Панам (фота)

Завяршаюцца здымкі новага тэлефільма “Тутэйшыя” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Стужку здымае беларускі рэжысёр Валер Мазынскі разам з польскім калегай Дарыюшам Шадай. Цікава, што ў адной з роляў гэтай карціны заняты актывіст моладзевага руху Франак Вячорка. Пра тое, як здымаліся “Тутэйшыя” і чым давялося ахвяраваць дзеля мастацтва, Вячорка-малодшы расказаў “Салідарнасці”.

У фільме, што здымае новы спадарожнікавы канал “Белсат”, новаспечанаму кінаакцёру даверылі граць ролю другога плана.

— Я прадстану ў вобразе Пана, — расказвае Франак Вячорка. — Гэта мой дэбют у кіно. Хаця, па шчырасці, досвед акцёрскага майстэрства ёсць — я граў яшчэ ў ліцэі. І вось нарэшце давялося працаваць разам з такімі майстрамі сцэны, як Павел Харланчук (у фільме ён грае Мікіту Зносака), Анатоль Кот (Янка Здольнік), Жэня Жуковіч (Алена). Падабралася вельмі моцная каманда. Цікавая людзі. Прычым не толькі ў прафесійным плане, але і ў жыцці. Было вельмі весела. Памятую, падчас эпізода, калі гер Спічыні у асобе Алега Гарбуза вучыў Зносака выступаць перад публікай, мы проста не маглі стрымаць смех.

Дарэчы, калі прыгадаць, у аднайменным спектаклі Гарбуз выконваў зусім іншую ролю — нямецкі і польскі афіцэры і начальнік патруля ў адной асобе. Але такое пераўвасабленне зусім не перашкодзіла карціне. А вось Павел Харланчук і Анатоль Кот, якія цяпер стала жывуць і працуюць у Расіі, дзеля здымкаў нават спецыяльна прыехалі ў Польшчу.

Усяго ў карціне прымаюць удзел каля 15 чалавек. Акцёру Валеру Шушкевічу дасталася роля Гарошкі, Алена Іваннікава грае Ганулю, Таццяна Папова — Даму. Большасць акцёраў так ці інакш звязаны з тэатрам “Вольная сцэна” Валера Мазынскага.

Аўтары падыйшлі да фільма вельмі сур’ёзна. Месца, якое б адпавядала Мінску 1920-х гадоў знайшлі непадалёк ад мяжы з Беларуссю, у польскім мястэчку Тыкоцін, што на Беласточчыне. Старая архітэктура і брукаваныя дарогі, на думку рэжысёраў вельмі ўдала перадаюць атмасферу тых часоў.

— Для здымкаў выкарыстоўвалася нават антыкварная мэбля, — распавядае Франак. — А што вы думалі: усё вельмі сур’ёзна. Гэта досыць дарагі праект па нашых мерках. “Беларусьфільму” да такога яшчэ расці і расці.

Франак распавёў, як літаральна некалькі дзён таму ахвяраў дзеля мастацтва ўласнымі рукамі.

— У нас была сцэна, дзе мы ўсе прыходзім у госці да Мікіты Зносака. Распачынаюцца танцы, якія, па задуме сцэнарыстаў, скончваюцца агульным падзеннем на зямлю. Гэты эпізод мы здымалі чатыры разы. У выніку я вельмі моцна разбіў сабе рукі. Але чаго не зробіш дзеля мастацтва!

Стужка павінна выйсці ў эфір ужо напрыканцы снежня. Ужо адзнятыя ўсё асноўныя сцэны, засталіся толькі дробныя дэталі. Таму да навагодніх святаў можна чакаць падарунка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)