Политика

Вячорка: «Лукашэнка ў абложаным стане, ён чапляецца за гвалт, каб проста выйграць для сябе час»

Дарадца Ціханоўскай патлумачыў, якія працэсы ідуць унутры сістэмы, як чыноўнікі камунікуюць са штабам і адказаў на крытыку наконт таго, што Лукашэнка ніколі не пойдзе на перамовы.

Фото Ганны Красулінай

Прапануем асобныя ўрывкі з інтэрв’ю Франака Вячоркі TUT.BY.

«Мы не заклікаем людзей сыходзіць з сістэмы, мы просім камунікаваць і супрацоўнічаць з намі»

Так, на пытанне ці выходзіла каманды Ціханоўскай на сувязь з Сяргеем Румасам дарадца адзначыў:

— Я не магу пра гэта гаварыць у дэталях, сувязі прамой не было, мы кантактуем з рознымі людзьмі па розных пытаннях. Я маю, шчыра кажучы, вялікі аптымізм, я бачу, што ў нас пазіцыя на вуліцы можа і слабейшая зараз, але пазіцыя палітычная, дыпламатычная, у плане рэсурсаў — нашмат большая, чым у Лукашэнкі. Ён сядзіць у сваім бункеры з парай чалавек, якім давярае, але ўсё, што адбываецца вакол — гэта страта лаяльнасці, і ён спрабуе гэта вырашаць прызначэннем новых людзей, ператасоўкамі ў сілавым блоку — а гэта ўжо недарма. Таму што гэтыя сілавыя ведамствы таксама камунікуюць альбо з заходнікамі, альбо з намі, альбо з рускімі. І Лукашэнка ў абложаным стане, ён чапляецца за гвалт, за заявы, за самых лаяльных сваіх людзей, каб проста выйграць для сябе час.

Назваць канкрэтныя прозвішчы Вячорка адмовіўся, але адзначыў:

— Я, на жаль, не магу сказаць, але гэтых людзей становіцца больш. Гэта не сотні, гэта дзясяткі чалавек, плюс гэта тыя, хто самі ўжо апублічыліся і здолелі з’ехаць з краіны. Увосень людзі ўцякалі з сістэмы, звальняліся перад ультыматумам, вывозілі свае сем'і альбо ціхарыліся і проста выходзілі з палітыкі. Зараз нашая тактыка змянілася, мы не заклікаем гэтых людзей сыходзіць з сістэмы, мы просім камунікаваць і супрацоўнічаць з намі. І аказалася, што гэта больш эфектыўна. Магчыма, была памылка забіраць іх адтуль, магчыма, трэба было нарошчваць іх уплыў там — тое, што мы робім зараз. Проста ў нейкі момант гэтая маса стане крытычнай. І яны, паверце, хочуць пераменаў нават больш, чым многія людзі ў апазіцыі.

На пытанне, у чым заключаецца супрацоўніцтва, Вячорка адзначыў:

— Гэта залежыць ад таго, хто гэта. Адна рэч, калі гэта нейкі участковы, былы чыноўнік ці начальнікі цэхоў дзяржпрадпрыемстваў — тады гэта сапраўды зліў нейкай інфы, нейкіх дакументаў. А частка проста падтрымлівае кантакт з намі.

Я не буду казаць хто, магу сказаць, што вышэйшых чыноўнікаў не так шмат, але вельмі шмат людзей з уплывам. І адчуваецца раскол, ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за крывавыя пабоішчы. Гэта новы такі фактар, што армію спрабуюць замазаць, і мне здаецца, што гэта можа быць ракавой памылкай Лукашэнкі. Думаю, гэта вельмі моцна паўплывала на негатыўны настрой да Лукашэнкі. Армейцы — вялікія патрыёты, я не кажу тут пра генералітэт, генштаб, начальнікаў і камандаванне, я кажу пра трошкі ніжэйшыя рангі, ім не падабаецца ўдзельнічаць ва ўнутраных працэсах, нават тым, хто падтрымлівае Лукашэнку. Вось гэтая спроба зрабіць усіх датычнымі да дзеянняў Лукашэнкі — гэта вельмі моцны трыгер супраць яго. Думаю, што ў прынцыпе гэта тое, на што мы не можам паўплываць, але гэта можа стаць апошняй кропляй, гэты крызіс лаяльнасці ўнутры сістемы. Гэтага не было ні ў 2010-м, ні ў 2006 годзе. Лукашэнка рэальна кантралюе толькі некалькі ведамстваў, толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Здрада любога з іх можа стаць крытычнай для яго.

«Лукашэнка думае пра свой сыход»

Дарадца Ціханоўскай таксама адказаў на крытыку наконт таго, што Лукашэнка ніколі не пойдзе на перамовы.

— Гэта самы галоўны аргумент, які мы чуем. Я тут трошкі вярнуся ў гісторыю. Лукашэнка ўжо ўдзельнічаў у перамовах, не сам, як удзельнік. Лукашэнку камфортна быць медыятарам, яму спадабалася гэтая роля ў 2014 годзе, яму вельмі камфортна ў гэтай ролі, таму што тады яму ніхто не пагражае. І менавіта гэта мы пачулі ад Меркель. Яна сказала: ну, як так вы хочаце, каб я была медыятарам для Лукашэнкі, які яшчэ нядаўна быў медыятарам для Расіі і Украіны? І гэта сапраўды аргумент, ён не хоча мяняць сваю ролю, яму вельмі камфортна ў гэтым «у нас асаблівы статус, асаблівы рэжым, асаблівая роля, і буду тут усіх мірыць».

Ён сам ніколі не пойдзе на саступкі, бо для яго самае важнае захаваць не ўладу ды грошы, а захаваць свой твар, і калі гэта будзе выглядаць нібыта ён праяўляе слабасць, то ён на гэта не пойдзе. Таму тут трэба зрабіць такім чынам, каб ён не баяўся гэтых перамоваў. Нават калі ён думае пра свой сыход, ён баіцца застацца ў гісторыі, як Януковіч, які ўцякаў на верталёце і тапіў паперы з доказамі яго карупцыі.

Лукашэнка думае пра свой сыход, ён пра гэта намякае, згадвае, і яму важна, каб гэты сыход адбыўся па ягонай волі і гатоўнасці. Таму важна, каб адной з тэм перагавораў была гэтая гарантыя бяспекі і сцэнар, пры якім ён захоўвае свой твар.

Але хачу вярнуцца да іншага гістарычнага моманту — 2008 год, калі перагаворы з рэжымам былі паспяховыя. Сядзяць палітвязні — восем дэмакратыных лідараў, у тым ліку экс-кандыдаты ў прэзідэнты, і Дэвід Крэймер — тады памочнік Дзяржсакратара ЗША, разам з паслом Карэн Сцюарт прыязджаюць на перагаворы ў Мінск, яны сустракаюцца з Наталляй Пяткевіч — тады кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта, і яны дамаўляюцца на вызваленне палітвязняў, на паслабленне рэжыму. Пры гэтым ні Амерыка, ні Еўразвяз тады не робяць нейкіх выразных саступак. Гэта быў момант, калі Лукашэнку стала вельмі дорага ўтрымліваць махавік рэпрэсій, на яго пачаўся ціск унутры краіны, эканоміка пачала барахліць, пачалася інфляцыя, Расія перастала фінансава падтрымліваць. І ён тады пагадзіўся і на лібералізацыю, якая, дарэчы, працягвалася амаль паўтары гады, і на вызваленне палітвязняў. Усё, што трэба было сказаць — гэта прыгразіць санкцыямі.

Тады ў нас не было інструментаў, якія ёсць сёння: большасці беларусаў, якія хочуць перамен, Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, кантактаў сярод чыноўнікаў, шматтысячных пратэстаў. І тады перамовы прывялі да зменаў.

Сітуацыя зараз адрозніваецца ад 2008 года тым, што цяпер мы хочам, каб народ быў бокам перамоваў, а не толькі каб амерыканцы дамаўляліся з Лукашэнкам, і мы хочам, каб вынікам перамоваў стала не вызваленне палітвязняў, а новыя выбары. Умовы памяняліся, нашы чаканні і патрабаваніі памяняліся.

Яшчэ раз кажу — Лукашэнка не пойдзе перамоўшчыкам, у ягонай галаве можа быць толькі win-lose падыход — перамог ці прайграў, ён не ўмее гуляць у win-win, каб і той, і той бок атрымаў нейкі бенефіт. Таму, хутчэй за ўсё, калі ён сам вымушаны будзе пагадзіцца на перагаворы з АБСЕ, ён будзе пасылаць перагаворшчыка. Хто гэта будзе — у бліжэйшыя паўтара месяца і належыць АБСЕ, міжнародным структурам, нам з вамі высветліць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(49)