Беседка

Вячаслаў Сіўчык: «Здрада не ў народзе, здрада — у штабах»

На сайце Радыё Свабода адбылася анлайн-канфэрэнцыя з Вячаславам Сіўчыкам. Прапануем Вашай увазе найбольш цiкавыя пытаннi ды адказы.

Сіўчык Вячаслаў Вадзімавіч.

Нарадзіўся 18 сьнежня 1962 году ў Менску. Па адукацыі геоляг. У 1995—1998 гадох адказны сакратар управы БНФ, пасьля сакратар управы БНФ, старшыня камісіі Сойму БНФ па сувязях з рабочым рухам. 30 кастрычніка 1999 г. быў абраны намесьнікам старшыні БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ. 11 студзеня 2003 году рашэньнем Сойму БНФ выключаны з партыі БНФ “за дэструктыўную дзейнасьць... і непадпарадкаваньне рашэньням Сойму”. Ініцыятар стварэньня шэрагу грамадзкіх арганізацыяў ("Малады фронт", Беларускі жаночы рух "За адраджэньне Айчыны", іншых).

Пасьля "Чарнобыльскага шляху" ў 1996 годзе, у якім узялі ўдзел звыш 50 тысячаў чалавек, ягоныя арганізатары — Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык — былі затрыманыя. Яны адразу ж абвясьцілі галадоўку ў сьледчым ізалятары на Валадарцы. Галадоўка, што цягнулася 23 дні, скончылася перамогай — Хадыка і Сіўчык былі вызваленыя з-пад варты.

Пасьля сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў Вячаслаў Сіўчык быў адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 23 сакавіка ён быў жорстка зьбіты спэцназаўцамі і патрапіў у трэці менскі шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай. Аднак яму ўдалося пазьбегнуць суду, калі пасьля выпіскі з шпіталю ён з дапамогай паплечнікаў уцёк на аўтамабілі ад супрацоўнікаў МУС. Цяпер Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца ва Ўкраіне.

— Што далей? Я бачу дзьве вялікія праблемы. 1. Захаваць еднасьць апазыцыі (напрыклад, Лябедзька ўжо дае сыгналы, што ня хоча быць разам зь Мілінкевічам) і актывізаваць апазыцыю. 2. Не згубіць грамадзкі патэнцыял, які выявіўся ў выніку "выбараў" і стварыць нейкі сымбіёз з гэтым спантанным і неарганізаваным грамадзкім пратэстным рухам... Што вы можаце прапанаваць па гэтых двух пунктах? Андрэй

— Перад тым, як адказваць на гэтае пытаньне, хачу падзякваць усім людзям у Беларусі, якія маліліся за мяне, якія мяне падтрымлівалі. Вы падымаеце вельмі важныя праблемы. Але найважнейшай праблемай на сёньня для Беларусі зьяўляецца недапушчэньне злачыннага рэфэрэндуму, які можа адбыцца ў гэтым годзе, бо існуе праблема 2008 году і Ўладзімера Пуціна. Сыходзячы з гэтага, беларускаму народу трэба зараз аб'яднацца дзеля вырашэньня гэтага палітычнага пытаньня. І быць такім жа мужным і арганізаваным, як на плошчы Каліноўскага ў Менску, у сакавіку. На плошчы практычнага нічога не было спантаннага. Беларусы заўсёды былі моцнай і мужнай нацыяй. Яны гэта чарговы раз прадэманстравалі. Шкада, што апазыцыя рэальна не змагла падтрымаць тых людзей, якія выйшлі на плошчу Каліноўскага. Сыходзячы з таго, што было, цяпер усіх тых людзей, якія называюць сябе лідэрамі апазыцыі, трэба прымусіць працаваць на Беларусь, на беларускую ідэю, на беларускія інтарэсы.

— Якi колер будзе у нашай Рэвалюцыi?

— Натуральна, бел-чырвона-белы. Гэта Беларусь, і толькі беларускі сьцяг можа быць сымбалем беларускай рэвалюцыі. Як на плошчы Каліноўскага.

— Ці ёсьць у Мілінкевіча супярэчнасьці зь Лябедзькам ці іншымі палітыкамі?

— На мой погляд, няма. Але палітычная апазыцыя мае меншае дачыненьне да плошчы Каліноўскага, чым, напрыклад, нават менская міліцыя. Наша задача не ўвязвацца ў бессэнсоўныя спрэчкі наконт асобаў, а прымусіць гэтых асобаў адлюстроўваць у сьвеце беларускія інтарэсы, не дапускаць, каб зьяўляліся ад іх пустыя і бессэнсоўныя заявы. Наконт звароту да заходніх краінаў не прызнаваць вынікі верагоднага рэфэрэндуму, нагадаю, савецкая акупацыя краінаў Прыбалтыкі ніколі de jure не прызнавалася заходнім сьветам, але літоўцам, латышам, эстонцаў, якіх расстралялі ці вывезьлі ў Сыбір, ад гэтага не было лягчэй. Трэба прымушаць апазыцыю працаваць на Беларусь.

— У адным артыкуле Зянон Пазьняк напісаў, што калі Сіўчык і Хадыка сядзелі за кратамі, ён з Сяргеем Навумчыкам выйшлі на Ельцына, здаецца праз Яўлінскага ці Гайдара. і тады Ельцын пазваніў Лукашэнку і "парэкамендаваў" вас вызваліць. У адказ на гэта Хадыка не ўпускае выпадку паліваць Пазьняка. Ці гэта маральна? Якая Вашая пазіцыя, ці падтрымліваеце Вы кантакты з Пазьнякм і Навумчыкам? Увогуле, тая гісторыя рэальная?

— Гэта гісторыя рэальная. Наколькі я ведаю, Ельцын не рэкамэндаваў Лукашэнку вызваліць нас, а загадаў яму гэта зрабіць. Я быў выпушчаны гэтак жа незаконна, як і арыштаваны. Наконт маральнасьці Хадыкі, хай ён сам адказвае на гэтыя пытаньні. Адзначу толькі, што мы не павінны паддавацца гэбісцкай лёгіцы і псыхалёгіі. Усе спробы допытаў мяне (а я не даваў паказаньні) пачыналіся з расповедаў пра Зянона Пазьняка. Але ж у мяне беларуская лёгіка. Я разумеў, калі б Зянон Станіслававіч пакутваў бы ў суседняй камэры, лячгэй бы мне ад гэтага не было. Было б наадварот горш. І таму я сьмяяўся сьледчым у твар, калі яны расказвалі свае казкі. На вялікі жаль, па нашым грамадзтве запушчаны вялікія інфармацыйныя хвалі дзеля таго, каб дыскрэдытаваць і беларускую нацыянальную ідэю, і яе носьбітаў. Але я спадзяюся, што ўсё ўрэшце рэшт будзе не па-іхнаму, а па-беларуску.

— Добры дзень, Вячаслаў. Найперш, як вашае самаадчуваньне? І па-другое, якія, на ваш погляд, недапушчальныя памылкі былі зроблены апазыцыяй падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Міхал.

— Добры дзень, Міхал. Памылка — нельга было хлусіць беларускаму народу. Нельга было гаварыць "хлопцы і дзяўчаты, цярпіце, мы ідзем на перамогу". За гэтыя словы асобы, якія іх пісалі і агучвалі, мусяць публічна прасіць прабачэньня ў людзей, якія ім паверылі. Калі яны ня здольныя прынесьці прабачэньні, ім няма месца ў прыстойным грамадзтве.

— Рассматриваете ли вы возможность возвращения в Беларусь?

— Я вырываўся зь менскага падпольля толькі дзеля таго, каб агучыць беларускую пазыцыю. У мяне ёсьць толькі адзін народ, інтарэс якога я ўсё жыцьцё спрабаваў адстойваць. Я і ва Ўкраіне змагаюся за Беларусь. Але гэта толькі этап майго жыцьця. Я вярнуся.

— Добры дзень,спадар Вячаслаў.Наколькі рэальна па-вашаму наогул дамагчыся зыходу Лукашэнкі.Паколькі большасць людзей упэўнена,што аппазіцыя лічыць народ быдлам,ці не варта перастаць енчыць перад гэтай большасцю і не апеляваць да гэтых людзей наогул,паколькі гэтыя людзі знаходзяцца проста на іншай ступені развіцця,а вы ,атрымліваецца, "кідаеце бісер перад свіннямі".Народ заўсёды заслугоўвае сваёго кіраўніка.І "каб не называлі быдлам—не трэба ім быць".Ці не варта больш пераключыцца на культурніцка -асветніцкую працу для захавання парасткаў беларускасці у нашай краіне.Ідучы на ражон дамагаемся толькі турмаў ды эміграцыі для лепшых прадстаўнікоў нашай нацыі.Дзякуй.Андрэй.

— Дзякуй, Андрэй. Гэта вельмі сур'ёзнае пытаньне. Бяда нашага беларускага грамадзтва, што нас вынішчаюць прафэсійна. Калі ласка, Андрэй, стаўцеся да беларускага народу гэтак жа, як вы ставіцеся да іншых народаў сьвету. Трагедыя сёньняшняй сытуацыі ў тым, што большасьць супраць Лукашэнкі, але гэтая большасьць яшчэ ня ведае, што яна ёсьць у большасьці. Растлумачыць свайму народу гэтую відавочную рэч нам з вамі і неабходна. І трэба стаць перад ім на калені за тое, што тры стагодзьдзі акупацыі не прымусілі наш народ называць сябе расейцамі. Калі б я не адчуваў, што існуе беларускі народ, я б ня здольны быў ані вытрымаць галадоўку, ані арганізаваць тыя сотні акцый у Менску, ня здольны быў бы стварыць плошчу Каліноўскага. Андрэй, запомніце, здрада не ў народзе, здрада — у штабах. І адказнасьць за народ ляжыць на ўсіх нас, тых, хто разумее, што цяпер адбываецца.

— Былыя ўдзельнікі намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў час травеньскай сустрэчы пад Менскам прынялі Дэклярацыю. Сярод мэтаў абазначана наступная — цытата — “Мы імкнемся да пашырэньня нашага кола, каб агульнымі намаганьнямі адхіліць дыктатарскі рэжым ад улады шляхам негвалтоўнага і мірнага супраціўленьня”. Ці трэба гэта разумець, як стварэньне самастойнай грамадзянскай ініцыятывы? Ці гэта будзе частка руху “За свабоду”, якую ініцыюе Мілінкевіч? Ці нейкі трэці варыянт? Дзякуй. Юнэля

— Мне вельмі цяжка вам растлумачыць, што наагул адбывалася пад Ратамкай, бо хлусіць я не хачу, а праўду вы можаце знайсьці і самі. Натуральна, нам трэба быць разам — усім, хто меў мужнасьць выйсьці з адкрытымі твару на плошчу Каліноўскага. Бо мы не перамаглі. Мы проста зрабілі першы крок. Дзеля будучай перамогі мы мусім зразумець, у якой краіне мы жывем. Менавіта рэальны супраціў, дзеяньні на ўзроўні рэальнага падпольля, а не пікнікі і сэмінарчыкі ёсьць наш лёс, калі мы паважаем свой беларускі народ і жадаем працаваць на яго карысьць.

— 1.Як Вы ставіцеся да грамадска-палітычнага руху на чале з А.Мілінкевічам? 2.Як Вы ацэньваеце дзеяньні менскіх палітыкаў-"прафесіяналаў",якія перакваліфікавалі абвешчаны 25 сакавіка рух "За свабоду" у "палітычную кампанію" за свабоду? Гародня

— Няма там ніякай палітычнай кампаніі і, у прынцыпе, няма і руху. На вялікі жаль, большасьць арганізацый, якія ствараліся пры Лукашэнку, ствараліся толькі дзеля раскруткі тых ці іншых асобаў. Давайце адарвёмся ад сёньняшніх падзей. Памятаеце, як стварылі міфічную арганізацыю "Рэгіянальная Беларусь"? З адной мэтай — раскруціць Сямёна Домаша. Ну дык раскруцілі. Нацыяналістам давялі, што гэта адзіны рэальны кандыдат. Пасьля частку змагароў за Беларусь прымусілі бегаць і зьбіраць подпісы за Домаша, агітаваць за яго, за яго класьціся... І прымусілі не за грошы, а нашая слабасьць, бо людзі не разумелі, што адбываецца ў краіне. Ну ахвяраваліся людзі за Домаша. Прайшоў пэўны час, і стаў Домаш дробным начальнікам, дырэктарам нейкага заводу пры Лукашэнкаўскім рэжыме. Нельга наступаць на адныя і тыя ж граблі двойчы. Трэба прымушаць тых людзей, якія называюць сябе лідэрамі, адстойваць беларускія інтарэсы. І тады, напрыклад, я і мае людзі мы пакладземся дзеля таго, каб у гэтых людзей былі рэйтынгі. А зараз вы куды міфічныя рэйтынгі міфічных лідэраў намазваць будзеце? Зразумейце, мы стаялі на плошчы Каліноўскага за ўсіх беларусаў, каторыя галасавалі ці не прымалі ўдзел у галасаваньні, стаялі ў тым ліку і за тых людзей, якія галасавалі за Лукашэнку, бо іхныя галасы таксама не лічылі. Чаму? Бо Лукашэнка баіцца беларускага народу. Ён лідэр толькі таму, што Масква падтрымлівае і напаўняе яго моцным забясьпячэньнем, у тым ліку піярным. Не спрабуйце надзьмуваць тое, што надзьмуць немагчыма.

— Privitanne, Iak vas mozgna znaysci na Ukraine, dayce kali laska svae kantakti Dziakuy

— Тэлефон ва Ўкраіне (8-10) 380-66-330-42-63. Ёсьць паштовая скрынка lagploshcha@yahoo.com.

Упершыню пасьля плошчы Кастуся Каліноўскага ў мяне была магчымасьць зьвярнуцца да беларусаў. Падкрэсьлю: у нас зараз толькі адна задача — не дапусьціць другога Мюнхену. Для гэтага мы мусім патрабаваць ад апазыцыі, каб было пастаўлена пытаньне перад лідэрамі найбуйнейшых дэмакратычных краінаў сьвету пра немачгымасьць удзелу іх у Санкт-Пецярбурскім саміце да таго моманту, калі Пуцін не гарантуе, што ён ня будзе праводзіць у Беларусі чарговы злачынны рэфэрэндум. Другое, я яшчэ раз зьвяртаюся да ўсіх тых людзей, якія былі на плошчы Каліноўскага, што мы мусім усе быць разам. На любых умовах. Дай бог, каб там было шмат лідэраў. Але калі мы ня будзем разам, мы здрадзім Беларусі. І трэцяе, апошняе, я веру ў Бога, я веру ў свой народ, я веру ў нашую перамогу. Людзі, не давайце зрабіць так, каб вас ператваралі ў людзей няверуючых. Зразумейце, плошча Каліноўскага была зьявай, цалкам немагчымай ва ўмовах Лукашэнкаўскага рэжыму. Калі б нехта сказаў пра плошчу Каліноўскага 17 ці 18 сакавіка, яго б палічылі вар'ятам. Але ж 23 сакавіка на нашых вачох узьнікла рэальная рэвалюцыйная сытуацыя. Няма безвыходных сытуацый. Людзі Беларусі, усё залежыць толькі ад вас. Я веру ў Вас. Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)