Выборы-2020

«Вы нам пагражаеце?» Як ва ўстанове Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зьбіралі подпісы за Лукашэнку

У Палацы Рэспублікі прымусова і ў працоўны час зьбіралі подпісы за Лукашэнку. Паводле дырэктара Палаца, зьбіраў подпісы намесьнік старшыні прафкаму з уласнай ініцыятывы. Праведзены разбор, ініцыятар збору подпісаў звольнены, перад супрацоўнікамі выбачыліся, піша Радыё Свабода.

Радыё Свабода атрымала аўдыёзапіс сходу ў Палацы Рэспублікі, дзе ў працоўны час ідзе збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Паводле словаў зборшчыка, ён «выконвае распараджэньне дырэктара».

«Хто ня памятае свае пашпартныя дадзеныя, яны ёсьць у аддзеле кадраў»

На аўдыёстужцы, якую даслалі на Свабоду, мужчынскі голас ставіць задачу: «Кожны з вас павінен унесьці дадзеныя, паставіць подпіс, каб гэтыя сьпісы аддаць ва Ўпраўленьне спраў адміністрацыі прэзыдэнта. Каб паказаць, што ў нас самая шматлікая служба патрыётаў у Рэспубліцы Беларусь».

На стужцы чуваць пярэчаньні: «Вы пасьведчаньне на права збору подпісаў маеце?», «Кажуць, у працоўны час гэта нельга рабіць, толькі ў вольны», «Гэта парушэньне закону».

На гэтыя рэплікі мужчына адказвае: «Я выконваю распараджэньне дырэктара. Таму, калі нейкія пытаньні да мяне, я перанакіроўваю вас да дырэктара». «Хто ня памятае свае пашпартныя дадзеныя, яны ёсьць у аддзеле кадраў».

Раздаюцца воклічы: «Гэта што, прымусова?» «Я наагул не хачу нідзе ўдзельнічаць».

— Добра, ты вольны. Але памятайце: вы працуеце ў арганізацыі, падпарадкаванай Кіраўніцтву спраў адміністрацыі прэзыдэнта.

— Вы нам пагражаеце? — пытаюцца жанчыны.

Ідзе слоўная перапалка. Потым жартачкі: «А асадку дасьцё?»

— Нават налью, дадзеныя пашпарта ёсьць, — адказвае зборшчык подпісаў.

«Безь мяне мяне ажанілі»

На аўдыёстужцы выразна чуваць прозьвішчы: Літоўчанка, Мастоўскі...

Ірына Літоўчанка працуе начальнікам службы пастановачнага асьвятленьня. Свабода датэлефанавалася ёй. Ірына Паўлаўна сьцьвярджае, што яе на гэтым сходзе не было. Чаму там гучала яе прозьвішча, жанчына ня ведае.

— Можа, хтосьці кагосьці і зьбіраў. Але мяне там дакладна не было. «Безь мяне мяне ажанілі», — жартуе Ірына Літоўчанка.

— Цяпер наагул мала людзей на працы, многія сышлі ў адпачынкі за свой кошт з прычыны каранавірусу і адмены канцэртаў ды іншых масавых мерапрыемстваў. На плянэркі зьбіраемся ў Малой залі, сядаем на адлегласьці адзін ад аднаго, — кажа спадарыня Літоўчанка.

«Ты хочешь работать?» Опубликовано видео сбора подписей за Лукашенко в поликлинике

Дырэктар Палаца Рэспублікі: «Для мяне непрыемная гэтая гісторыя»

Дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі спачатку доўга тлумачыў, што ў ягонай установе няма ініцыятыўных груп ніякіх кандыдатаў. А паставіць подпіс за таго ці іншага кандыдата — гэта асабістая справа і права кожнага.

— Ніякімі прымусамі мы не займаемся, а займаемся арганізацыяй канцэртаў і відовішчных мерапрыемстваў, на працоўных месцах людзі павінны займацца працай, — кажа спадар Прыхадоўскі.

Што да канкрэтнага выпадку, які здарыўся ў Палацы Рэспублікі, Максім Анатолевіч усё ж аказаўся «ў курсе».

— Я разумею, пра што вы кажаце. Мы правялі разбор, гэты чалавек ужо звольніўся. Ён быў намесьнікам кіраўніка прафсаюзаў, сам сабраў людзей — гэта была ягоная асабістая ініцыятыва, а не ўказаньне зьверху. Ён чалавек старой фармацыі: «Мы падтрымліваем», і ўсё ў такім духу. Для мяне непрыемная гэтая гісторыя.

Што тычыцца супрацоўнікаў, якія прысутнічалі, я асабіста зь імі сустракаўся і прынёс ім выбачэньні, — сказаў дырэктар Палаца Рэспублікі.

Ініцыятар збору подпісаў ужо звольнены — па ўласным жаданьні, паведаміў дырэктар.

— Не было адміністрацыйнага звальненьня, чалавек на пэнсіі. Ніякіх захадаў да яго не ўжывалі. Ён звольніўся па ўласным жаданьні, — запэўніў Свабоду дырэктар Палаца Рэспублікі.

На пытаньне, куды падзеліся подпісы, якія сабраў былы намесьнік старшыні прафкаму, Максім Прыхадоўскі адказаў так:

— Я мяркую, нікуды подпісы не пайшлі. Удакладню гэтае пытаньне.

Старшыня прафкаму Палаца Рэспублікі Лілія Шыкер сказала Свабодзе, што яна першы раз чуе, што быў такі сход па зборы подпісаў. І дадала, што намесьніца ў яе жанчына, а ўсяго ў прафсаюзным камітэце 11 чалавек. Па голасе яна быццам бы нікога не апазнала.

Лідэрка прафсаюзу паабяцала ў панядзелак сабраць паседжаньне прафкаму.

Свабода ўсё ж спадзяецца высьветліць, што за чалавек зьбіраў подпісы ў працоўным калектыве Палаца Рэспублікі.

Как могилевчане отдали подписи за Лукашенко и отозвали их

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(68)