Общество
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

«Вы будзеце ляжаць у псіхушцы»: незалежнай дэпутатцы з Гомельшчыны пагражалі з тэлефона аблвыканкама

Роза Стрэльчанка — грамадская актывістка з вёскі Каплічы Калінкавіцкага раёна. Сёлета яна вырашыла балатавацца ў сельскі савет. Кандыдатам ад улады была загадчыца амбулаторыі, дык па адным з участкаў яна атрымала 4 галасы, а Стрэльчанка — 54.

Спадарыня Роза — маці траіх дзяцей. Яна беспартыйная, не далучаная ні да якіх апазіцыйных партый і рухаў, але многія актывісты дапамагаюць ёй.

20 лютага на мабільным Розы Стрэльчанка прагучаў дзіўны званок. Ёй сказалі, што тэлефануюць з Гомельскага аблвыканкама, імёнаў не называлі. Спачатку жанчына павіншавала Розу Віктараўну з абраннем у дэпутаты. «Ад гэтага моманту на вас ускладзеная вялікая задача: зрабіць усё магчымае, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця і росквіту Беларусі!» — было чуваць на другім баку.

Пазней жа прагучалі зусім незразумелыя словы. «Вы ў нас у псіхушцы будзеце ляжаць, Роза Віктараўна, і падставы мы знойдзем, вы нас зразумелі», — прагучала ў слухаўцы.

Званілі з наступнага нумара: 8 (023) 233-45-05. Роза Стрэльчанка перадала ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» скрыншот гэтага званка, а таксама аўдыёзапіс.

Простая праверка ў інтэрнэце сведчыць, што гэта нумар прыёмнай кіраўніцы справамі Гомельскага аблвыканкама Алены Клічкоўскай. Адметна, што сёлета яна сама балатавалася ў абласны савет дэпутатаў ад Камуністычнай партыі. Натуральна, перамагла.

Мы дазваніліся ў Гомель да чыноўніцы.

«Розу Стрэльчанка я ведаю, яна жыве ў аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёна. Яна па зваротах грамадзян разоў пятнаццаць праходзіла ў нас летась. Але ні сёння, ні раней яна мне не званіла, я ёй таксама. Калі вы з «Нашай Нівы», то я магу вам сказаць, што яна апошнім часам працуе з апазіцыяй, яны ёй накручваюць падтрымку, з нашымі вядомымі рэгіянальнымі блогерамі», — кажа спадарыня Клічкоўская.

«Яна ўсё дабівалася будаўніцтва новай школы ў Каплічах, альбо рамонту старой — гэта я ведаю. Наконт дэпутацкіх яе справаў нічога не ведаю. Гэта нейкая правакацыя, я сёння цэлы дзень віншавала нашых ветэранаў са стагоддзем арміі, а пасля працавала з сакратаром», — расказала чыноўніца.

Дзеля справядлівасці скажам, што голас Алены Клічкоўскай і жанчыны на аўдыёзапісе, сапраўды, не вельмі падобныя. Але гэта не адмяняе таго факта, што на тэлефоне жанчыны адбіўся званок з нумара Гомельскага аблвыканкама.

Роза Стрэльчанка выклікала супрацоўнікаў міліцыі, яны прынялі заяву аб пагрозах. Жанчына кажа, што толькі за мінулы год ёй пагражалі тройчы. Гэта ўжо чацвёртая такая спроба паўздзейнічаць на яе псіхалагічна.

Каментароў міліцыі пакуль няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)