Вучыцца ня трэба было

Калі вас выключаюць з унівэру за «пропускі» ці па іншай прычыне, ня варта думаць, што жыцьцё скончана. Можа, яно толькі пачынаецца.

Як паведамляюць беларускія СМІ, прэс-сакратарку “Маладога фронту” Тацьцяну Шапуцьку 3 сьнежня адлічылі з другога курсу паліталёгіі БДУ. Рэктарат лічыць, што выдатніца Шапуцька занадта напрапускала заняткаў. Таня ж мяркуе, што прычына адлічэньня – занадтая палітычная актыўнасьць.

Таня зьбіраецца адстойваць сваё права вучыцца ў самым прэстыжным унівэры Беларусі. Хаця вопыт розных небезьвядомых людзей прымушае задумацца: а трэба?

АЛЬБЕРТ ЭЙНШТЭЙН

Хто такі: аўтар тэорыі адноснасьці, квантавай тэорыі фотаэфэкта і іншых рэвалюцыйных для навукі і сьвету рэчаў. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Зь якой сям’і: зь мяшчан. Татка меў невялікае прадпрыемства, мамка паходзіла зь нябеднага роду.

За што адлічылі: у Мюнхенскай гімназіі Альберцік быў далёка ня першым вучнем. Да таго ж часта “выёжваўся” – любіў хлопчык паспрачацца з настаўнікамі. Гэты факт папулярнасьці юнаму Эйнштэйну ў вачох адміністрацыі навучальных установаў не дадаваў. Як на бяду, Альбэрт завальваў іспыты па францускай. У выніку за “ня здадзены іспыт” яго папрасілі пакінуць памяшканьне “самай прэстыжнай установы ў Мюнхене”.

Яму б задумацца ад сваімі паводзінамі – ды дзе там! Відаць, лічыў сябе “самым разумным”…

І ў Італіі, куды малеча Альбэрт пераехаў усьлед за бацькамі, ён спрабаваў здаць францускую – нефіга. Толькі дзякуючы “валасатай руцэ” дырэктара Фэдэральнага тэхналягічнага інстытуту ў Цюрыху малады Эйнштэйн скончыў нейкую левую гімназію і паступіў ў той самы тэхналягічны.

ЭМІ УАЙНХАУС

Хто такая: двойчы ляўрэат прэміі Ivor Novello, намінантка на Mercury Prize, ляўрэатка Brit Award як “Лепшая брытанская выканаўца”, пяціразовая ляўрэатка “Грэмі”.

Зь якой сям’і: зь небагатай і, як бы ў нас яе назвалі, “праблемнай”. Тата - шафёр, мама – фармацэўт. І ўсе яны слухалі джаз – дзіўныя такія бацькі, дзіўныя...

За што адлічылі: як вы разумееце, грамадзтва мала што карыснага можа чакаць ад чалавека, які кажа: “Я б пагадзілася жыць у бруднай дзірцы, калі б мне паабяцалі, што я сустрэнуся з Рэем Чарльзам”.

Гіперактыўная дзяўчынка Эмі зь пялюшак лезла ва ўсе дзюркі. Ужо ў 10 гадоў разам зь сяброўкай скалаціла рэп-дуэт. Настаўнікі думалі: “Чым бы дзіця, абы не курыла”. Але дзе там: у 13 год Эмі заявіла, што пойдзе ў тэатральную школу. Маленькая міс Уайнхаус вырашыла, што яна “зьвяздуля”. Не прайшло і два гады, як дырэкцыя школы папёрла Эмі паганым венікам. За што? Ці то за пірсінг, ці то за дрэнныя паводзіны – хто ж вам зараз праўду скажа.

… Гэтымі самымі дрэннымі паводзінамі Эмі слаўная і зараз: на чалавекаў нападала, наркату прымала. Куды ж глядзела школа?..

МЭРЫЛІН ВОС САВАНТ

Хто такая: пісьменьніца, журналіст, па вэрсіі Кнігі рэкордаў Гінэса, уладальніца самага высокага ўзроўню IQ у сьвеце.

Зь якой сям’і: з “крутых” – па бацькоўскай лініі адзін з продкаў аўстрыйскі філёзаф і фізык Эрнст Мах.

За што адлічылі: не паверыце – кінула ўнівэр сама!!! Добрая пасьпяховасьць, мінімум прагулаў, няўдзел у розных незарэгістраваных аб’яднаньнях. Карацей, спартсмэнка, камсамолка і (хто там яшчэ?). Канешне, параўноўваць Унівэрсытэт Вашынгтона ў Сэнт-Луісе з нашым БДУ ня варта, але магла б Мэры і там сабе спакойна вучыцца.

Дзе там: сям’я сказала, што трэба бацькам дапамагаць. І ня проста дапамагаць, а дапамагаць будаваць інвэстыцыйны бізнэс. Забіла Мэры на чырвоны дыплём, запрэглася і пацягнула без вышэйшай адукацыі пост фінансавага дырэктара ў кампаніі мужа, сваю рубрыку ў папулярным часопісе. І статус Самага разумнага чалавека Зямлі.

ВІНСЭНТ ВАН ГОГ

Хто такі: пра “Сланечнікі” чулі што-небудзь? А “Ірысы” там, “Начную кавярню” бачылі? Ну а мужыка ў шапцы з адрэзаным вухам? Карацей: Ван Гог - мастак, чые карціны каштуюць мільёны небеларускіх нерублёў.

Зь якой сям’і: быццам “з прылічных”. Бацька – пратэстанцкі пастар, маці – дачка прадаўца кніг. Праўда, бацькі лічылі Вінсэнта “цяжкім дзіцёнкам”, а гувэрнёрка называла яго яшчэ і “нудным”.

За што адлічылі: не адлічваў яго ніхто. Ён сам сышоў.

У 7 год яго аддалі ў школу, але праз год забралі назад. Аж да 11 год Вінсэнт вучыўся дома, у той самай нелюбімай гувэрнёркі. А пасьля вымушаны быў пакінуць родную хатку і зьехаць вучыцца за 20 км ад роднага мястэчка. Ад’езд быў такім цяжкім, што мастак памятаў пра яго і дарослым. Праз два гады пераходзіць у іншую школу, але чамусьці кідае.

Пазьней Вінсэнт яшчэ некалькі разоў думаў працягваць адукацыю – справа не даходзіла нават да ўступных іспытаў.

“Маё дзяцінства было змрочным, халодным і пустым” – відаць таму сьвету і зьявіўся адзін з самых загадкавых мастакоў у гісторыі.

МАРК ЦУКЕРБЭРГ

Хто такі: стваральнік Facebook.

Зь якой сям’і: з прыстойнай сям’і дантыста і псыхіятара.

За што адлічылі: зваліў з унівэру сам.

Марк рос разьвітым хлопцам: пасьпяваў і праграмаваць, і старадаўнія мовы вывучаць, яшчэ і фехтаваньнем займацца. Скончыўшы школу, паступіў у Гарвард, на факультэт псыхалёгіі.

Там яго і наведала ідэя стварыць сацыяльную сетку для знаёмстваў і абмену інфой. Але на гэты свой твор хлопча патраціў бацькоўскія грошыкі, адкладзеныя на вучобу. Каб вырашыць праблемку, таварыш уматаў у Сіліконавую даліну. Дзе на сваё шчасьце знайшоў крутых інвэстараў. Як вынік – Марк стаў самым маладым мільярдэрам.

…Калі сп.Цукербэрг кідаў вучобу ў адным з самых прэстыжных унівэраў сьвету, ён кіраваўся вопытам Біла Гейтса. Апошняму, дарэчы, праз 30 зь лішкам год пасьля кіданьня вучобы дыплём такі выдалі.

Чаму ж разумнага чалавека не адзначыць. Хай і са спазьненьнем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)