Вучань адстаяў права на «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг

У вучня 10 клясы капыльскай школы № 2 узніклі праблемы з-за зьместу ягонай старонкі ў сацсетках.

Адміністрацыя капыльскай школы № 2, дзе ў 10 клясе навучаецца Алег Занкевіч, які разьмяшчае герб «Пагоню», бел-чырвона-белы сьцяг і фотаздымкі апазыцыйных мітынгаў на сваёй старонцы «Ўкантакце», сказала, што ня мае прэтэнзіяў да пазыцыі вучня і прыносіць свае выбачэньні.

Пасьля размовы ў кабінэце дырэктара ў прысутнасьці міліцыянта хлопец палічыў, што яму пагражаюць і што яго сям’ю могуць паставіць на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

Дырэктар капыльскай школы пра вучня-патрыёта: «Пагоня» на мяне ня дзейнічае, а карыкатуры на прэзыдэнта трэба прыбраць

«Дырэктар „даў задні ход“ пасьля таго, калі я сказаў, што дзеяньні адміністрацыі незаконныя і я папярэдзіў пра гэта журналістаў», — сказаў Алег Занкевіч Свабодзе.

Пасьля публікацыі матэрыялу пра ціск на Алега Занкевіча на сайце Радыё Свабода адміністрацыя сярэдняй школы № 2 Капыля выбачылася перад вучнем.

«Я ўжо быў дома. Са мной зьвязаўся клясны кіраўнік і сказаў, што адміністрацыя прызнала сваю памылку і ніякіх прэтэнзіяў да мяне, маёй грамадзянскай пазыцыі і любові да гісторыі Беларусі больш ня будзе. Таксама прасілі больш гэты інцыдэнт не разьдзімаць».

Алег Занкевіч заявіў, што і далей будзе разьмяшчаць на сваёй старонцы выявы герба «Пагоня», бел-чырвона-белага сьцяга, малюнкі і фатаздымкі, перадрукаваныя з дэмакратычных сайтаў. Карыкатуры ж на прэзыдэнта Беларусі хлопец са сваёй старонкі выдаліў.

«Так, сваю грамадзянскую пазыцыю я зьмяняць ня буду. Няма ў гэтым пытаньняў. Але юрысты мне патлумачылі, што карыкатуры пры жаданьні можна трактаваць як абразу. Таму я выканаў просьбу дырэктара і прыбраў іх. Што тычыцца герба і сьцяга — то я сказаў адміністрацыі, маўляў, няхай толькі паспрабуюць мне што-небудзь пра іх сказаць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)