Скандалы
Любоў Лунёва, «Народная воля»

Восем сутак за тое, што выклікаў міліцыю

У судзе Савецкгаа раёна Мінска арыштавалі жыхара Бабруйска Сяргея Кунцэвіча. 6 ліпеня ён быў у Мінску. У парку Дружбы народаў мусіў сустрэцца са сваім знаёмым у 8 вечара.

Кунцэвіч распавёў, што прыйшоў у парк на хвілінаў 15 раней. Раптам ён убачыў як нейкія бандыты схапілі хлопца і пацягнулі ў машыну. Людзі вакол закрычалі: “Міліцыя! Міліцыя!”. Кунцэвіч узяў мабільны тэлефон і патэлефанаваў у міліцыю. Ён быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў, як літаральна праз некалькі хвілін з’явіліся міліцыянеры. Ён падбег да іх са словамі: “Гэта я выклікаў міліцыю. Тут нейкія бандыты нападаюць на людзей. Вось тут сведкі ёсць таксама”.

Міліцыянеры адразу схапілі мужчыну. Толькі ў пастарунку міліцыі ён даведаўся, што ў парку была нейкая маўклівая акцыя. Суддзя фармальна выслухала расповед мужчыны і арыштавала яго на 8 сутак.