Вольскі: У беларускім шоў-бізнэсе праблема толькі адна, і ёй ужо 30 гадоў

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, як развіваецца шоў-бізнэс ва Украіне (Літве, Латвіі, Польшчы), якія праблемы ёсць у беларускага шоў-бізнэсу, а дакладней — адна праблема.

Чаго чакае беларуская дзяржава ад артыстаў, і чым заканчваюцца спробы гуляць па правілах, навязаных уладамі?

Лявон Вольскі

Тупік беларускай музычнай індустрыі

Нядаўна прапанавалі сустрэцца зь дзеячамі ўкраінскага шоў-бізнэсу. Паразмаўляць, распавесьці пра свае праблемы. Павучыцца ў іх, украінцаў. Бо ўсім вядома, што іхны шоў-бізнэс — вялікі й магутны, машына музычнай індустрыі працуе на сур’ёзных абаротах і не зьбіраецца спыняцца, нягледзячы на вайну.

Сустрэцца, безумоўна, можна. І паразмаўляць. Я шмат разоў сустракаўся зь дзеячамі літоўскага, польскага, латыскага шоў-бізнэсу, і размова заходзіла ў тупік: «Мы б вам дапамаглі, але ў Літве (Польшчы, Латвіі) трэба сьпяваць на літоўскай (польскай, латыскай) мове, таму шанцаў на посьпех вельмі мала. Дык, можа быць, вам трэба неяк зьмяніць сытуацыю ў сябе?».

Можа быць. Нават, дакладна трэба. Але на той час былі выканаўцы, якіх не датыкнуліся рэпрэсіі, і якія спрабавалі гуляць па правілах, навязаных уладамі. Сярод артыстаў не было адзінства — адны абураліся, іншых нібыта ўсё амаль задавальняла. Потым высьветліцца, што тыя правілы ўвесь час зьмяняюцца, усачыць за імі немагчыма, і гульня заўжды сканчаецца паразаю.

Яна заўжды надыходзіць, гэтая параза, калі артыст спрабуе гуляць зь дзяржаваю. Узяць тых самых «Песьняроў» зь дзёрзкім Мулявіным на чале — пачыналі бліскуча — з рок-апрацовак народных песень, а ўрэшце — вось яны: дзяржаўны ансамбль «Песьняры» — сьпяваюць у Маскве бяздарны выраб «Слушай, тёща, друг родной, помоги»...

Артысты мусяць быць прапагандыстамі

Малюнак Лявона Вольскага

Але лёгка сказаць: «ня трэба гуляць зь дзяржаваю», калі дзяржава ўсё кантралюе, лезе ва ўсе шчыліны і вельмі няроўна дыхае да таго, што нядаўна звалася «эстрадаю», а цяпер — поп-музыкай ці то шоў-бізнэсам.

Дзяржава хоча ня проста кантраляваць шоў-бізнэс, а быць ягонай стваральніцай. Яна ўводзіць квоту 75% айчыннае музыкі на радыё дзеля таго, каб ляяльныя творцы панапісвалі «правільных» песень, людзі іх слухалі і прасякаліся патрыятызмам, любоўю да роднага краю і яе, дзяржавы.

У ідэале гэтыя паняткі — «родны край» і «дзяржава» трэба зьмяшаць так, каб яны былі неадрыўна зьнітаваныя. Як Ленін і партыя ў Маякоўскага. Гэтае зьнітаваньне мусяць забясьпечыць рознага кшталту прапагандысты. Ну, і артысты, натуральна.

Артысты ж, на думку дзяржавы, таксама мусяць быць прапагандыстамі. І абслугаю — граць-сьпяваць на розных мерапрыемствах, дзе ўладныя дзеячы выпіваюць і закусваюць. І толькі так. Крок управа, крок улева караецца чорным сьпісам.

Дзяржаве належыць увесь мэдыясэктар — фм- і іншыя радыёстанцыі, тэлевізія, прэса. Таму, калі ты прагнеш раскруткі, дык будзеш зьвяртацца да дзяржавы. І за гэтыя паслугі давядзецца плаціць. І ня толькі грашыма.

Мадэль заходняга шоў-бізнэсу

І пакуль у нас усталёўвалася гэтая спэцыфічная мадэль «паддзяржаўнага» шоў-бізнэсу, ва Ўкраіне (у Літве, у Латвіі, у Польшчы) ўкараняўся шоў-бізнэс звычайны. Ён, гэты шоў-бізнэс — ня ёсьць нейкай засакрэчанай, вядомай толькі выбраным чальцам сусьветнай змовы (жыдамасонам) схемай — не!

Паглядзіце, пачытайце — у інтэрнэце процьма матар’ялаў на гэтую тэму! — як стварыць лэйбл ці як стварыць музыку, якая зацікавіць сусьветныя лэйблы, ці як правільна рабіць прома, ці як працаваць са сваім матар’ялам у сацыяльных сетках. Пачытайце Пасмана ці Троіцкага, і вы зразумееце, як працуе сусьветны шоў-бізнэс.

Хаця... Чаму сусьветны? Хутчэй, заходні. У Афганістане законы заходняга шоў-бізнэсу не працуюць. У Іране — таксама. І ў Зымбабвэ. І ў Беларусі яны не працуюць. Відаць, таму, што гэтыя краіны ідуць нейкім сваім, пакручастым і цярністым, адрозным ад заходняга сьвету, шляхам.

Праблема, якой ужо 30 гадоў

Пакуль у РБ адны артысты змагаліся зь дзяржавай, іншыя яе, нібыта, падтрымлівалі (у глыбіні душы, высьвятляецца — не!), ва Ўкраіне проста ўсталёўваўся нармальны шоў-бізнэс на заходні ўзор. І ўсталяваўся!

Таму можна сустракацца зь дзеячамі ўкраінскага шоў-бізнэсу і размаўляць зь імі. Пра праекты, зьдзяйсьненьні й праблемы.

Хаця для беларускай музыкі (і наагул мастацтва) праблема адна, і ўзьнікла яна трыццаць гадоў таму. І вы выдатна ведаеце, што гэта за праблема. І пакуль яна ня зьнікне, размаўляць пра беларускі шоў-бізнэс, прабачце, не выпадае.