Вольскі: «У Беларусі ў мяне не было паўнавартаснага музычнага творчага жыцця»

Культавы беларускі музыка – пра паўночнаамерыканскі тур, цікавасць да беларускай музыкі па ўсім свеце і крыху пра асабістае.

– Раней мы ўжо наведвалі Злучаныя Штаты, але ў Канадзе яшчэ не былі, хоць і запрашаюць нас актыўна, – распавядае ў інтэрв’ю «Е*рарадыё» Лявон Вольскі. – Гэта былі не тое што разавыя акцыі, але я заўсёды быў там кароткім складам. Я толькі адзін раз граў электрычны канцэрт у Нью-Ёрку, гэта быў далёкі 2007 год, і там быў такі цікавы склад, бо басіст і гітарыст былі з Наваполацка, якія даўно жывуць у ЗША, і быў сэсійны амерыканскі бубнач, які быў нашым слабым месцам. А калі бубнач слабое месца, гэта вельмі цяжка. Таму я заўжды ездзіў туды адзін з гітарай, а зараз мы едзем ужо поўным складам.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

Ці захоўваецца цікавасць да беларускай музыкі і беларусаў пасля 2020-га?

– Цяпер, па-першае, паўсюль вельмі шмат беларусаў. То бок, раней гаворка пра канцэрт дзесьці ў Вене не вялася зусім. Проста таму, што там было 5 чалавек. А зараз там з’явілася шмат беларусаў, якія адчулі сябе беларусамі. І якія там, можа быць, і жылі, але былі, што называецца не там і не там. А цяпер людзі збіраюцца, і гэта зусім іншая сітуацыя.

Таму цікавасць мясцовых беларусаў ёсць заўсёды, а яны з сабой безумоўна прыводзяць і карэннае насельніцтва. У любой краіне ёсць маса людзей, якія не ведаюць, што такое Беларусь і што там адбываецца наогул, але сярод людзей, якія імкнуцца да адукацыі, усе ведаюць нашу краіну і ўсіх цікавіць гэтая тэма.

Наколькі складана прызвычаіцца да пераезду ў новую краіну (з 2020 года музыка жыве ў Польшчы – «С.»)?

– Што да майго досведу, то ў Беларусі, пачынаючы з 2004 года, увесь час адбываўся нейкі татальны кантроль, увесь час то ўзнікалі, то знікалі нейкія забароны.

І, калі нават на некаторы час знікае чорны спіс, усё роўна ёсць месцы, дзе ты не мусіш выступаць. Ты не можаш выступіць на дні Швецыі на плошчы Свабоды, таму што гарадское начальства кажа, што ў цэнтры горада на адкрытай пляцоўцы вось менавіта гэтых не трэба. Нават Крамбамбулі не можа быць.

Ты можаш граць хоць у вялікім клубе, але гэта будзе толькі клуб. Але дзе-небудзь сыграць опэн-эйр, такога даўно няма, недзе з года 2008, апроч байкерскіх фестываляў.

Таму ў мяне ў Беларусі не было паўнавартаснага музычнага творчага жыцця. Да таго ж у нас паздыхала за гэты час вельмі шмат розных беларускіх «Грэмі» тыпу «Рок-Каранацыі». Апошнія каранацыі выглядалі проста агідна, калі хтосьці быў забаронены, а камусьці трэба было яе ўручаць сярод дазволеных. І на гэта было прыкра глядзець.

Таму я не магу сказаць, што ў Беларусі ў мяне было такое насычанае жыццё, а прыехаўшы ў Польшчу, я тулюся недзе па закутках. У мяне, шчыра кажучы, атрымліваецца наадварот. І тут усё абсалютна сумленна – ты збярэш залю або не збярэш.

Тут не трэба ніякіх «гастролек» – заплаціў падаткі і ўсё. А ў Беларусі трэба ісці ў гэтыя ўладныя калідоры, дзе пракатчык будзе нешта выдумляць і будзе заігрываць з гэтымі чыноўнікамі.

Потым цёткі з прычоскамі тыпу «гняздо» прыйдуць на канцэрт і ім трэба будзе паставіць тры бутэлькі шампанскага або, калі захочуць, болей і яшчэ нейкія закускі.

І яны будуць ставіць галачкі, ці прагучала гэтая песня ці іншая і будуць сядзець аналізаваць, ці можна надалей супрацоўнічаць з гэтым артыстам або ён нейкі паганы і экстрэмісцкі. І гэта я яшчэ кажу пра тое, калі была адліга і свабода творчасці. А што ж казаць пра тое, што пачалося пасля 2020-га?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(13)