Зло забараняе слова, радок, фразу, сход, канцэрт, Пагоню й сьцяг. Зло за ўсё гэта садзіць у турму. Зло б’е й выбівае фальшывыя прызнаньні. Зло запісвае ганебныя «пакаянныя відэа».
Вольскі: «У Беларусі ідзе вайна. Паміж сучаснасьцю й сярэднявеччам. Паміж дабром і злом, у рэшце рэшт»
Музыка Лявон Вольскі на budzma.org піша з нагоды смерці ў калоніі палітзняволенага Вадзіма Храсько, асуджанага на тры гады зняволення за данаты.
Ідзе вайна. У Беларусі. Ідзе вайна паміж розумам і непісьменнасьцю. Паміж тактоўнасьцю й хамствам. Паміж сучаснасьцю й сярэднявеччам. Паміж дабром і злом, у рэшце рэшт.
Што будзе з тымі, хто лічыць: хай усё будзе так, як ёсьць
Ёсьць людзі (іх, прабачце, да халеры!), якія гэтую вайну не заўважаюць. Гэтыя людзі занураныя ў свой сьвет, свой побыт, свой дабрабыт (насамрэч яго няма, але ім усё падаецца, што можа быць яшчэ горай, таму лепей хай усё будзе так, як ёсьць), якія думаюць адно пра заробкі, пра крэдыты, пра сваю «ячэйку грамадзтва».
Да гэтых людзей далятаюць водбліскі і рэха выбухаў, пах гарэлага мэталу і пошчакі аўтаматных чэргаў, але яны звыкла не зважаюць на гэта. Прызвычаіліся. Ня чуюць. Ня бачаць.
А дарэмна. Бо вайна ў любы момант можа закрануць кожнага зь іх. Таму што непісьменнасьць, хамства, сярэднявечча й зло не ваююць гуманнымі мэтадамі.
Гэта дабро абараняецца словам, вершаваным радком, трапнай фразай, мірным сходам, дваровым канцэртам, Пагоняй, бел-чырвона-белым сьцягам.
Ахвяры беларускай вайны
Зло забівае.
Яно калечыла й забівала людзей на вуліцах. На мірных сходах. Страляла ў бяззбройных людзей. Зло зьбівала да сьмерці людзей у іхных дварах за бел-чырвона-белыя стужачкі. Зьбівала й зьнішчала людзей у іхных кватэрах. Зло прэсуе, калечыць і забівае людзей у вязьніцах.
Крый Божа патрапіць туды, у «мейсцы адбыцьця пакараньня»! Там ты адразу зразумееш, што гэта — вайна, а ты — палонны. І стаўленьне да цябе — як да ворага. Палоннага ворага. А да палоннага ворага няма ніякае літасьці.
Існуюць у сьвеце ўсялякія дакумэнты-пагадненьні пра гуманнае стаўленьне да палонных, але гэта ня той выпадак. Бо, мы ж ведаем, зло не ваюе гуманнымі мэтадамі. Зло не спыняецца ні перад чым і не кіруецца ніякімі правіламі.
Зло забіла ў калёніі Вітольда Ашурка. Яно хацела проста «павучыць яго», гэтага ўпартага беларускамоўнага вязьня, і перастаралася. І якія там згрызоты сумленьня! — вось яны — забойцы — суддзі, пракуроры, супрацоўнікі калёніі — сядзяць сабе ў рэстарацыі, п’юць свой каньячок, танчаць са сваімі дамамі, ставяць лайкі ў сваіх сацсетках. Жывуць!
Зло зьнішчыла ў сваёй вязьніцы актывіста Мікалая Клімовіча. Суддзя выдатна ведаў, што зьнішчае чалавека, што ў Мікалая хворае сэрца, і ў калёніі ня будзе належнага догляду. Але хіба можна абмежавацца «хатняй хіміяй», калі перад табою вораг?!
Зло забіла выбітнага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Алесь у вязьніцы пакутаваў на язву і не атрымліваў належнае дапамогі. Зло ня ўмее дапамагаць. Карнікі завезьлі Алеся ў шпіталь ужо ў безнадзейным стане, калі выратаваць яго было немагчыма.
Цяпер зло забіла Вадзіма Храсько. Схема ўсё тая ж — суддзя ведаў, што Вадзім пакутуе ад цяжкай хваробы і турма яго заб’е. Але — усё адно — ніякае табе літасьці! — тры гады калёніі.
І гэта не за нейкае там сур’ёзнае правапарушэньне. За данаты! Чалавек проста перавёў грошы і аўтаматычна перайшоў у разрад ворага. І загінуў у палоне.
Яны выдатна разумелі, што забіваюць
Я паўтаруся: гэтыя людзі — тыя, хто прысуджаў тэрміны, тыя, хто мусіў адказваць у вязьніцы за стан здароўя палонных — яны ведалі, што робяць. Яны абсалютна разумелі, што забіваюць. І тым ня меней — «ня дрогнула рука».
Сьмяротны прысуд выкананы. А цяпер можна «адпачыць і расслабіцца» — пасядзець у рэстарацыі, выпіць-закусіць, патанчыць і пафліртаваць з супрацоўніцамі, палайкаць у інтэрнэце аголеных цётак…
Галоўнае — каб не было вайны! А вайна — вось яна!
Ёсьць людзі (іх досыць шмат), якіх ня надта хвалюе тое, што адбываецца ў краіне і за мяжою. Яны думаюць адно пра тое, каб узяць крэдыт (на набыцьцё новага тэлевізара, мультываркі (жонка патрабуе другі ўжо год!), на куплю ўсяго неабходнага для новага навучальнага году (на гэта ў Беларусі таксама бяруць крэдыт!), каб выплаціць урэшце прыватызацыю за кватэру, каб заплаціць аўтамабільны падатак… І галоўнае — каб не было вайны!
Яны не разумеюць, што вайна — вось яна! Глядзіць на іх і крыва ўсьміхаецца. А яны апусьцілі вочы ў падлогу і мармычуць нешта няўцямнае.Словы цяжка разабраць, але, відаць, там пра хату з краю, пра тое, што лепей не высоўвацца і «я палітыкай не цікаўлюся».
Читайте еще
Избранное