Лица

Вольскі просіць дараваць абсурдовую падзею

Лідар N.R.M. звярнуўся да прыхільнікаў гурта з лістом пра апошнія падзеі.

10 студзеня высвятлілася, што тры музыкі N.R.M. -- Піт, Алезіс і Юрась – плануюць заспяваць на "Рок-каранацыі" новыя і старыя песні гурта, але без франтмэна. Як заявіў Еўрарадыё гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў, "Лявон, як ён шматразова казаў, узяў творчую паўзу і пайшоў у творчы неаплочваемы адпачынак".

-- Яўнага франтмэна ў N.R.M. ніколі не было, і зараз не будзе, — сцвярджае Піт Паўлаў. — Мы будзем спяваць усе ўтрох. Лявон не звольнены з калектыву. Ён пайшоў у творчы адпачынак сам, па сваёй ініцыятыве. Але калі адзін з удзельнікаў гурта прымае ў аднабаковым парадку рашэнне, якое ставіць гурт у двухсэнсоўнае становішча, ён можа чакаць, што гурт таксама паставіць яго ў двухсэнсоўнае становішча.

Раніцай 11 студзеня “Салідарнасць” атрымала ліст Лявона Вольскага з гэтай нагоды. Падаем яго цалкам:

“Шаноўныя сябры!

Я вымушаны зьвярнуцца да Вас з гэтым лістом, каб потым не камэнтаваць кожнаму тое, што камэнтаваць немажліва. Прынамсі, для мяне і зараз. Бо зараз вельмі цяжка. Цяжка на душы. Найперш цяжка ад таго, што адбываецца ў краіне.

А таксама цяжка з прэсы даведвацца пра тое, што я знаходжуся ў бестэрміновым адпачынку, куды мяне адправілі калегі па гурту. Даруйце, прашу Вас, ім гэты крок у гэты час. Даруйце мне, што гэткая сытуацыя сталася мажлівай.

Безумоўна, для ўсяго гэтага былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца — гэта неяк зусім не па-чалавечы.

І яшчэ раз прашу Вас: даруйце ўсім нам, датычным да гэтае абсурдовае падзеі, што яна адбылася!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)