Вольскі — пра вызваленне палітвязняў: «Хто націсне на гузік «Стоп»?»

Лявон Вольскі на Budzma.org піша пра нядаўні запамінальны абмен палітзняволенымі і гучныя дыскусіі, якія выклікала гэтая падзея.

Чаму не вызвалілі нікога з беларускіх палітвязняў? Што рабіць беларускім дэмакратычным лідарам і ўсім нам, каб спрыяць вызваленню беларускіх вязняў сумлення? Ці варта вяртацца да старой схемы «палітвязьні — як тавар»?

Лявон Вольскі

Палітвязьні пачалі зьяўляцца ў краіне адразу пасьля ўвядзеньня інстытуцыі прэзыдэнцтва. Кіраўнік дзяржавы ня проста пагражаў: «Калі што ня так — сядзеце!», ён, у гэтым выпадку, як ні дзіўна, стоадсоткава выконваў свае абяцаньні. Гэта «што ня так» мела надзвычай размаітыя адценьні — ня так выканаў пастаўленую задачу, ня так сказаў, ня так напісаў, ня так прасьпяваў, ня так падзяліўся грашыма, ня так паглядзеў...

Сярод гэтых тысячаў, пасаджаных за «ня так», трапляліся і сьвядомыя людзі, якія лічылі гэтую ўладу злом і, як маглі, змагаліся зь ёй. «Як маглі» — гэта словам, перакананьнем, заклікам, думкай. Бо ў нашай Беларусі ніколі не вялося ані пра які «сілавы сцэнар зьвяржэньня рэжыму».

І гэтых людзей, якіх, умоўна кажучы, пасадзілі «за палітыку» (хаця гэта магла быць проста неабыякавасьць да таго, што адбываецца ў краіне, ці творчае ўвасабленьне гэтае неабыякавасьці), пачалі называць «палітвязьнямі». Ці то «палітзьняволенымі». Ці «вязьнямі сумленьня».

Як працуе схема «палітвязьні — як тавар»

У розныя гады палітвязьняў было болей ці меней (цяпер дык рэкордная колькасьць — каля 2000), але не было такога часу, каб вось проста ўсіх выпусьцілі, і ніводнага палітычнага не засталося за кратамі.

Здаецца, улада заўсёды пакідала сабе некалькі вязьняў сумленьня, каб у выпадку чаго патаргавацца з Захадам. Бо для яе, для гэтае ўлады, не абцяжаранай якімі-кольвек маральнымі ці этычнымі прынцыпамі, усё ператвараецца ў прадмэт гандлю. Усё — і рэчы, і людзі. Амбасадар РБ за мяжою спрабуе «ўцюхаць» замежнікам айчынны трактар, зьняволенаму бізнэсоўцу прапануюць заплаціць мільён, каб адкупіцца ад турмы, а за адпушчанага палітвязьня ў Захаду патрабуюць зьняцьця санкцыяў.

— Дайце нам грошы на будаўніцтва дарог, мы хочам атрымаць гэты грант ад Эўразьвязу!

— Дык мы ж ня можам вам даць, калі ў вас сядзяць па турмах вядомыя асобы!

— Добра, мы адпусьцім асабліва вядомых. Тады дасьцё грошы?

— Хутчэй за ўсё, так.

І вось са скрыпам і без асаблівае ахвоты адчыняецца турэмная брама, і на волю выходзяць тыя, пра каго часта пісала прэса, чые імёны гучалі ў Эўрапарлямэнце, міжнародных праваабарончых арганізацыях, на мітынгах у падтрымку дэмакратыі...

Так было раней. Цяпер пра гранты не вядзецца. Не даюць грошай. Рэжым дэманструе заходняй дэмакратыі: глядзіце, у якіх жахлівых умовах утрымліваюцца беларускія палітвязьні, які нечалавечы ціск вытрымліваюць, дальбог, канцлягер!

Усё адно не рэагуюць гэтыя бессардэчныя чэрствыя заходнія палітыканы! Не прапануюць грошы, а наадварот, пазачынялі амаль усе памежныя пераходы і пагражаюць, што перакрыюць і апошнія. І нават рух тавараў празь Беларусь спыняць.

Пра нядаўні абмен палітвязнямі

Надоечы адбыўся запамінальны абмен. Паўдзельнічалі ў гэтай акцыі спэцслужбы Злучаных Штатаў, Эўропы ды Расеі. Пуцін, якому неабыякавы лёс ягоных супляменьнікаў-кгбістаў-фсбшнікаў, выцягнуў з заходніх турмаў сваіх паплечнікаў — злачынцаў ды забойцаў — і аддаў Захаду замест іх некалькі расейскіх палітзьняволеных.

Беларусы, натуральна, пачалі абурацца: чаму нікога з нашых ня выпусьцілі?! Ну хоць бы Алеся Бяляцкага, Нобэлеўскага ляўрэата! Ці то Марыю Калесьнікаву, яна ж столькі год пражыла ў Нямеччыне! Чаму немцы выцягнулі ў межах гэтае акцыі зь беларускае (!) турмы свайго грамадзяніна Крыгера, а пра Машу ніхто й не ўзгадаў!

Прагучалі нават прапановы прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі, вярнуць амбасадараў эўрапейскіх краінаў у Беларусь і такім чынам спрабаваць вызваліць нашых палітвязьняў.

То бок, калі казаць простай моваю, вярнуцца да старой схемы: Эўразьвяз дае грошы на дарогі, на інфраструктуру, на праекты БРСМу і іншых урадавых арганізацыяў (а няўрадавых і не засталося!), а тады са скрыпам і без асаблівае ахвоты адчыняецца турэмная брама...

Бачыце, расейскі рэжым хутка скарыстаўся гэтай даўняй беларускай схемай: «палітвязьні — як тавар». У расейскім выпадку іх мяняюць на істотных для Пуціна асобаў — выканаўцаў злачынных плянаў.

У беларускім выпадку такі варыянт немагчымы. Нават калі і ёсьць за мяжою зьняволеныя беларускія кгбісты, для ўлады яны нічога ня значаць. Патрапіўся — значыцца, ня выканаў пастаўленую задачу, а ня выканаў — сядзі. Не ў беларускай вязьніцы, дык у нейкай іншай, якая розьніца?

Ці ісці паводле старых схемаў?

Дык што рабіць? Час ідзе, людзі сядзяць, кожны дзень на рахунку, а нічога ня зрушваецца зь мёртвае кропкі.

Мне здаецца, ісьці паводле старых схемаў — гэта марны занятак. Іхняя эфэктыўнасьць спраўджаная дзесяцігодзьдзямі — выпускаюць адных, бяруць за іх грошы, садзяць новых, бяруць за іх грошы, выпускаюць, хапаюць іншых... Некаторыя палітвязьні не па адным ужо разе апынуліся ў гэтым коле. І гэты канвэер можа быць бясконцы.

Калі хтосьці не націсне на гузік «Стоп» ці ня ўставіць ломік паміж зубцамі шасьцярэняк, якія, здавалася б, спраўна й адладжана сабе круцяцца. Хто гэта будзе? Польшча са сваёй рашучасьцю вызваліць Пачобута? Мы з вамі?

Трэба думаць, прапаноўваць, спрабаваць, не баяцца, здавалася б, абсурдовых падыходаў, розгаласу — а раптам нешта спрацуе? Бо тут вядзецца не пра абстрактныя паняткі — пра жыцьці людзей!

Стаўленьне да палітвязняў у Беларусі

Іншая справа, што ў самой Беларусі стаўленьне да палітвязьняў (як і да любых вязьняў) спэцыфічнае. Я б сказаў, гэткае будзённае. Бо за трыццаць гадоў кожны беларус мае сваяка (сябра, знаёмага, супрацоўніка), які сядзеў (ці то сядзіць) па палітычным, эканамічным, наркатычным, крымінальным артыкуле, і людзі да гэтага амаль прызвычаіліся. Але гэта тэма ўжо іншае, асобнае гутаркі...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(15)