Вольскі: «Любога савецкага беларускага літаратара можна абвінаваціць у супрацы з камуністычнай уладай»

Лявон Вольскі на Budzma.org піша пра тое, як жылі і стваралі беларускія літаратары ў савецкі час і як яны сустрэлі незалежнасць Беларусі. І галоўнае — ці прыйшоў час на тое, каб руйнаваць аўтарытэты?

Лявон Вольскі

Выпадак Васіля Быкава

Днямі мне трапіўся на вочы допіс пра Васіля Быкава. Паводле аўтара допісу аказалася, што Васіль Быкаў — безумоўна, таленавіты пісьменьнік і ініцыятар дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі — быў за савецкім часам тыповым прадстаўніком БССРаўскае эліты, як і розныя партыйныя кіраўнікі.

Маўляў, меў немаленькія кватэру-машыну-лецішча, набываў прадукты ў спэцыяльнай (ня як простыя грамадзяне) краме і меў шэраг розных ільготаў, дасяжных адно партнамэнклятуры і іншым (нешматлікім) прадстаўнікам савецкага істэблішмэнту. Таму, маўляў, ня трэба ляпіць з постаці Васіля Быкага «анёла-збаўцу» ці «героя-бяссрэбніка». Ён прымаў савецкія ўзнагароды, не адмаўляўся ад прэміяў і ўсялякіх прывілеяў у той час, калі Бродзкі ці Васіль Стус зазналі сапраўдныя рэпрэсіі...

Любога савецкага беларускага літаратара можна абвінаваціць у супрацы з камуністычнай уладай. Уладай, якая паступова зьнішчала ўсё беларускае. Любога.

Атрымлівалі кватэры і дружна шальмавалі калег па цэху

Усе атрымлівалі кватэры ад Літфонду, а большасьць пісала прапагандысцкія творы пра камунізм і Леніна, пра выдатнае жыцьцё ў саюзе братніх рэспублік. Калі быў загад «закляйміць пазорам» літаратара, які «адбіўся ад статку», як калісьці таго ж самага Васіля Быкава за аповесьць «Мёртвым не баліць», дружна шальмавалі. Калі трэба было публічна «асудзіць» кагосьці, напрыклад, акадэміка Сахарава, асуджалі...

Пісалі «сьмелыя» творы (на той час гэта значыла — творы, якія маглі не зусім упадабаць высокія чыны з ЦК КПБ), а калі на іх прыходзіла нэгатыўная рэакцыя «зьверху», адкупаліся майстравітымі паэмамі-аповесьцямі пра камсамол і «будатрады» ці пра якую-кольвек ляяльную да ўладаў лухту.

Папулярнасьць пры спрыяньні Бюро прапаганды

Большасьць пісала па-беларуску. І шмат якія творы (і іхныя аўтары) былі папулярныя. Папулярнасьці спрыяла Бюро прапаганды пры Саюзе пісьменьнікаў.

Яно, напрыклад, займалася тым, што арганізоўвала «гастролі» пісьменьніцкіх гуртоў па Беларусі. Гурт — гэта тры розныя літаратары (напрыклад, гумарыст, паэт і празаік), якія прыязджаюць ува ўмоўную Жабінку і робяць тур па раёне. Выступаюць на мяйсцовых заводах-фабрыках-камбінатах, у саўгасах-мільянэрах, аўтагаспадарках і школах.

Гэта працягваецца прыкладна з тыдзень. Потым літаратары вяртаюцца дахаты, а празь месяц-два можна зноў паўтарыць тур. Асабліва артыстычныя аўтары дык заваёўвалі сымпатыі публікі, іх не хацелі адпускаць са сцэны, выклікалі на біс...

Супярэчлівасьць беларускага літаратурнага жыцьця

Літаратары запісваліся ў чаргу на кватэру (на «паляпшэньне жыльлёвых умоваў»), і гэтая чарга прасоўвалася хутчэй, чымсьці ў якім ДРСУ-81, атрымлівалі ўчасткі пад лецішчы на Лысай гары і «ўзводзілі там свае харомы», друкаваліся ў «Маладосьцях» ды «Полымях», зайздросьцілі чужому посьпеху, раўнавалі («у сьпісе аўтараў часопісу яго паставілі на першае мейсца, а мяне толькі на трэцяе!»), адпачывалі ў Доме творчасьці ў Каралішчавічах, залівалі алькаголем бясконцую парадаксальнасьць і супярэчлівасьць беларускага літаратурнага жыцьця і зноў вярталіся да яго, гэтага парадаксальнага ды супярэчлівага...

А іншага жыцьця яны й ня ведалі. Хіба што паводле ўспамінаў тых старэйшых калегаў, якія прайшлі ГУЛАГ і Сыбір. Тых, хто прайшоў усе тагачасныя жахі, і выжыў, і вярнуўся — і распавядаў пра тое, іншае, вусьцішнае жыцьцё, калі за неасьцярожнае слова па цябе прыяжджаў «чорны варанок», і калі за адну ноч загінула сотня іхных братоў-літаратараў.

І цяпер — хто ведае? — гэтыя часы могуць вярнуцца. Таму лепей частку творчасьці (хаця ці гэта ўжо творчасьць?) прысьвяціць апяваньню паноўнага ладу. Так бы мовіць, абясшкодзіць сябе.

Не застацца ўбаку ад стварэньня незалежнае Беларусі

У гэтых шэрагах войска беларускіх паэтаў-пісьменьнікаў калісьці маршаваў і мой бацька. Як і ўсе, карыстаўся льготамі, пісаў пра родную партыю і іншую савецка-камуністычную лухту. Паралельна штовечар слухаў «Голас Амэрыкі» ды «Нямецкую хвалю» і напаўголасу трывожна абмяркоўваў нешта зь сябрамі. Але калі прыйшоў час, ён знайшоў у сабе сілы пакаяцца за мінулае, сказаць, што «служыў д’яблу», і пакрочыў у зусім іншых шэрагах — вэтэранаў вайны ад партыі БНФ. І так і хадзіў на ўсе акцыі, на ўсе мітынгі, на ўсе дэманстрацыі... Пакуль быў здольны.

І Васіль Быкаў, як вы ведаеце, не застаўся ўбаку ад стварэньня незалежнае Беларусі, ад Адраджэньня, у якое яны тады так верылі...

Куды хісьнецца ківач

Зрэшты — хто «яны»? Саюз пісьменьнікаў налічваў болей за 300 чальцоў. Колькі зь іх радасна падтрымалі дэмакратычныя зьмены? Хвалю беларусызацыі? Дэкамунізацыю і незалежнасьць? Хто яшчэ пакаяўся за «мінулыя заслугі»?

Адзінкі. Большасьць чакала, куды хісьнецца ківач. І яны прычакалі — савецкія часы не вярнуліся, а ў тых, што прыйшлі, сапраўднай беларускай літаратуры (і мове) не знайшлося мейсца.

Дык давайце ж зрынаць апошнія аўтарытэты! Тыя, здавалася б, сумленныя адзінкі направер былі не напоўніцу сумленныя! Хай падаюць долу яшчэ ня ўзьведзеныя помнікі!

Хай пераймяноўваюцца яшчэ не названыя вуліцы! Хай выкідаюцца са школьнае праграмы яшчэ ня ўлучаныя (ці ўжо выкінутыя цэнзурай) творы! Няма незаплямленых! Няма сапраўдных! Няма бездакорных! Дык забудзьцеся на іх усіх!

Для гэтага ж цяпер самы час. Каб мы засталіся бяз гэтых «псэўдааўтарытэтаў». Сам-насам з вайной, акупацыяй, эміграцыяй і паняверкай. У вечным зьзяньні чыстага розуму.