Вольскі: Галоўнае, што кардынальна зьмянілася за 30 гадоў — стаўленьне большасьці да нязьменнага (нібыта) лідэра

Лявон Вольскі на Budzma.org прыгадвае пра сумны юбілей. Роўна трыццаць гадоў з таго дня, як Аляксандар Лукашэнка перамог у першым туры выбараў прэзідэнта.

Як так сталася, што час надзей і творчага ўздыму 1990-х рэзка скончыўся, і надышоў новы час — «змрочны, цяжкі, неспрыяльны для жыцьця і творчасьці». І галоўнае — што змянілася за гэтыя доўгія 30 гадоў і чаму, на думку Лявона, шанцы на перамены растуць.

Лявон Вольскі

— Для кагосьці 90-я былі катастрофай, каляпсам і балючай, а часам невыноснай, ломкай звыклых жыцьцёвых схемаў. Паколькі ў мяне такіх, напрацаваных доўгімі савецкімі гадамі, схемаў не было, дык і час гэты я ўспрымаў па-іншаму — як пачатак усяго новага.

Новай зямлі, новага неба, новага жыцьця. Новай, нармальнай, не абматлянай савецкай гідрай краіны, у якой нараджаюцца новыя магчымасьці і новыя пэрспэктывы.

Новае жыцьцё і новыя творчыя праекты

Я з радасьцю ахунаўся ў размаітыя творчыя праекты — новая станцыя «Беларуская Маладзёжная» на дзяржрадыё (якая, насамрэч перафарматавалася пад новы час са старой) — з вострай аналітыкай, інтэрвію, правакацыйнымі рубрыкамі і хіт-парадам.

Штотыдзень я рабіў гадзінную радыёп’есу — адаптоўваў пад радыйны фармат дэтэктыўныя, фантастычныя і іншыя, як тады казалі, «вострасюжэтныя» творы. Нават трылеры і хорар. Я зрабіў увесь музычны дызайн каналу «Беларуская маладзёжная» — запісаў адбіўкі, шапкі, назвы рубрыкаў.

Апроч гэтага, стварыў і стаў вядоўцам містыфікацыйнае перадачы «Квадракола» і паралельна запісваў рэклямовыя песенькі для ўсялякіх, як тады казалі, «рэклямадаўцаў». А іх было безьліч — ад клясычных вытворцаў джынсавае вопраткі да буйных фірмаў, якія выраблялі газавыя і электрапліты.

У вялікай студыі таго ж дзяржрадыё мы запісвалі, як нам здавалася, эпахальны альбом гурту «Новае Неба» — «Сон у трамваі». Альбом быў шматслойны (інтэлектуальны рок!) — электронныя ды акустычныя інструменты, зьмены тэмпаў ды памераў. Я граў на клявішных, і, каб дасягнуць належнага эфэкту, трэба было ўвесь час пазычаць розныя сынтэзатары для запісу. Часьцяком я браў таксоўку, грузіў у яе чарговы клявішны інструмэнт (а яны былі вельмі цяжкія!), прывозіў на радыё і цягнуў на апошні паверх у вялікую канцэртную студыю.

Сіплы голас як сыгнал алярму

У 90-я па радыёкропцы (і, калі ня блытаю, тэлевізіі) трансьляваліся пасяджэньні беларускага парляманту. Нас мала цікавіла, што ў гэтых дэпутатаў там, у іхным Савеце (нават у Раду не перайменавалі!) адбывалася. Адно што ўвагу прыцягваў непрыемны высокі сіплы голас, які на падвышаных інтанацыях штосьці даказваў, кагосьці абвінавачваў і нападаў.

Мы пастаянна хадзілі праз прапускны пункт у старым сталінскім будынку радыё — туды-сюды, а там, на тым пункце, была ўключаная жывая трансьляцыя з паседжаньняў, і вось гэты высокі голас усё зьвінеў у вушах. Як сыгнал алярму, дальбог. Ці то паветранае трывогі?

— Хто гэта крычыць? — пытаўся я ў калегаў-журналістаў.

— Не зьвяртай увагі, — адказвалі мне. — Адзін папуліст. Тыпу, змагар з карупцыяй.

— Часта нешта яго чуваць.

— Ай, бо ўвесь час рвецца да мікрафону, не адцягнуць. Па ўсіх пытаньнях мае сваё, адрознае ад астатніх, меркаваньне.

Багемны лад жыцьця па-за палітыкай

Калі гэта дасюль не стала відавочна, дадам, што мы на той час былі па-за палітыкай. Так-так, вам не пачулася!

Нам здавалася, што мы адзмагаліся, адстраляліся, перамаглі, маем якую-неякую, але сваю незалежную краіну з Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам, і хай сабе цяпер палітыкі займаюцца палітыкай, а мы будзем рабіць тое, для чаго створаныя — займацца творчасьцю і мастацтвам.

Балазе, усё, нібыта, гэтаму спрыяла — паўсюль адчыняліся галерэі, выстаўныя залы, незалежныя тэатры, клюбы, літаратурныя суполкі — сярод найбольш вядомых, Таварыства Вольных Літаратараў і Бум-Бам-Літ (я быў чальцом і таго, і другога), фэстывалі — ды безьліч усяго, да чаго можна было прыяднацца і напоўніцу раскрыцца! Гэта быў час вялікага творчага ўздыму, розных зьдзяйсьненьняў і цікавых нетрывіяльных задумаў.

І адначасова — багемнага ладу жыцьця. Ледзьве не штодня адбываліся банкеты-фуршэты, урачыстыя адкрыцьці, прэзэнтацыі і сьвяткаваньні.

«Клікнуць хацелася, голас замёр»

Прыгадаў, як «для праформы» паглядзеў перадвыбарчыя выступы кандыдатаў — сярод іх быў і той, галасісты барацьбіт з карупцыяй. Пабачыўшы ягоны выступ, я абсалютна пераканаўся, што такая архаічная асоба ня мае аніякіх шанцаў у нашым новым дэмакратычным грамадзтве. І працягнуў займацца сваімі справамі.

А далей — як у кепскіх фільмах, дзе на адным кадры героі танчаць-выпіваюць-сьмяюцца, і раптам — наступны кадр! — а там ужо ўсё наадварот — сьцішанасьць, паўцемра, скруха і смутак.

Вось так дакладна адбылося з намі — мы едзем у таксоўцы на радыё — дазапісваць чарговыя клявішы (гэты інструмэнт ляжыць у нас на каленях, бо не зьмясьціўся ў багажніку), сьмяемся й жартуем, бо ўчора былі на чарговай імпрэзе і настрой у нас боўдзілавата-прыўзьняты.

У таксоўцы працуе радыё. На дварэ 1994 год... Зьнянацку мы чуем адточаныя словы дыктара: «У першым туры выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь зь вялікім адрывам перамог»...

— Ды ня можа быць, — прамовіў я.

— Можа-можа! — азірнуўся таксыст. — Зараз Сашка дасьць усім гэтым буржуям-прадпрымальнікам! Хуценька хвасты папрышчамляе!

Нямая сцэна. «Клікнуць хацелася, голас замёр».

У гэтае імгненьне я з жахам зразумеў, што пачынаецца новы час — змрочны, цяжкі, неспрыяльны для жыцьця і творчасьці. І яшчэ я зразумеў, што, занятыя сабою, мы не заўважылі прыход гэтага часу. Што мы зрабіліся ахвярамі клясычнае схемы: «будзеш па-за палітыкай, і палітыка сама прыйдзе па цябе». Вось і прыйшла.

Галоўнае, што змянілася за 30 гадоў

З таго часу мінула ажно трыццаць гадоў! Хапала ўсяго — забаронаў, адлігаў, рэпрэсіяў, прывідаў дэмакратызацыі-лібэралізацыі, замарозак-размарозак, дзяржаўнага тэрору... І я разумею, што да ўсяго гэтага я ўжо быў гатовы, аднойчы паслухаўшы прамову новага народнага лідэра і паглядзеўшы яму ў вочы...

Вось з такім юбілеем застаецца павіншваць нас, дарагія суайчыньнікі! З сумным і малапрыемным юбілеем. За трыццаць гадоў у любым грамадзтве нешта зьмяняецца. Але галоўнае, што з таго часу зьмянілася, і нават кардынальна зьмянілася — стаўленьне большасьці да нязьменнага (нібыта) лідэра.

З гэтае сьвяточнае нагоды (і каб крыху вас абнадзеіць), заўважу, што з кожным новым юбілеем, як казаў герой савецкіх сатырычных раманаў, «шанцы растуць», і штодня мы так ці іначай няўхільна набліжаемся да новых часоў.

Шампанскае, прынамсі, ва ўсіх нас падрыхтаванае.