Вольскі даў перадвыбарчы канцэрт
На канцэрце 16 снежня ў КЗ «Мінск» Лявон Вольскі выканаў дзве новыя песні ў рамках праекту «Белая яблыня грому» на вершы класікаў беларускай літаратуры, а таксама прэзентаваў новыя песні «Крамбамбулі» з яшчэ не запісанага альбому.
Вечарам у КЗ «Мінск», як і ў сакавіку гэтага года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, дзе ўпершыню прэзентаваўся новы праект Лявона Вольскага «Белая яблыня грому», назіраўся аншлаг.
На гэты раз да песень на вершы Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна ды іншых класікаў нашай літаратуры дадаліся дзве новыя кампазіцыі на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса.
Пад песню «Гэй, наперад!» на верш Янкі Купалы Лявон Вольскі прабегся па залі, дзе не толькі паціскаў рукі гледачам, але і паспеў даць аўтограф
Другую частку вялікага канцэрту Лявон Вольскі пачаў з тлумачэння прычыны, чаму перапынак трошкі зацягнуўся.
– У наступны раз будзе лепей. Прыходзьце! У іншай краіне – у свабоднай, – адзначыў музыка пад апладысменты гледачоў.
Далей да Вольскага на сцэну падымаліся для супольнага выканання вядомых песень Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Уладзімір Пугач і Ганна Хітрык.
– Ведаеце, я нічога гаварыць не буду, – сказаў пасля выканання песні «Я нарадзіўся тут» Зміцер Вайцюшкевіч, які актыўна падтрымлівае кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. – Мяне папрасілі нічога не гаварыць. Але вы самі ўсё разумееце – усё будзе добра.
– Хто гэта Дзіму прасіў?! – здзівіўся пасля Вольскі.
Уладзімір Пугач таксама не абышоў тэму выбараў і прынёс Лявону да Новага Году своеасаблівы падарунак.
– Ведаю, што вы збіраецеся сачыць за выбарамі ў гэтым годзе. Вось вам Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, – працягнуў прэзент фронтмэн J:mors.
Скончыўся канцэрт новымі вясёлымі песнямі «Крамбамбулі» з яшчэ незапісанага альбому, пад якія танчыла ледзь не паўзалі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное