Коктейль
Юлія Аляксандрава

“Вольнае паветра”: “Кідайце свае пяцізоркавыя каньякі” (фотарэпартаж)

Дабрацца да хутара Шаблі, што на Валожыншчыне, даволі няпроста. Аднак ані адлегласці, ані надвор’е не спынілі аматараў музыкі на шляху да “этна-Вудстока” (менавіта так назваў “Вольнае паветра” знакаміты крытык Арцемій Троіцкі).


- Слухай, краіна! – вяшчаў са сцэны вядучы фестываля Віктар Шалкевіч. – Гаворыць і паказвае хутар Шаблі на Валожыншчыне!

З такіх высокіх словаў пачалося “Вольнае паветра-2008”, якое за тры гады свайго існавання стала не толькі музычным, але і наогул культурным фестывалем. Пацверджаннем таму – сёлетняя выстава карцін на свежым паветры, дзіцячы міні-летнік на тэрыторыі фестываля, створаны дзецьмі салон прыгажосці “Сакрэты Клеапатры”...



Паступова фестываль набывае і спартовыя рысы. Хто ведае, можа, на адным з наступных “Вольных паветраў” пройдзе чэмпіянат па фрызбі.


Каця Пытлёва і “лятучая талерка”

Разнастайныя забавы і мясцовыя краявіды настолькі захапілі прагных да “Вольнага паветра”, што напачатку канцэрта вядучаму давялося літаральна заклікаць гледачоў:

- Кідайце свае пяцізоркавыя каньякі, - прыцягваў увагу наведвальнікаў “Вольнага паветра” Віктар Шалкевіч. - 5 хвілінаў на культуру!


Распачалі канцэрт “ДетиДетей“, якія адразу запалілі слухачоў сваёй энергетыкай ды настроілі на шчырасць і цеплыню.

Масуда Талібані – наступнага выступоўцу – вядучы чамусьці назваў Махмудам. Музыка крыху пакрыўджана выправіў памылку, але каб напэўна згладзіць сітуацыю, развітваючыся са спадаром Талібані на сцэне Шалкевіч з запалам вымавіў: “Масуд, мы ведаем, што ты не Махмуд. З чым цябе і віншуем” ды пажадаў музыку стаць першым прэзідэнтам Курдыстана.


Спевы пра быццё замежнага студэнта ў інтэрнаце з прыпеўкай “Come on, дэвушка” ды курдскія рытмы, здаецца, не пакінулі раўнадушным нікога.


Добрым кантрастам пасля стаў выступ лірычнага Змітра Вайцюшкевіча, які сустрэў свой дзень народзінаў на сцэне “Вольнага паветра”. Як высвятлілася пазней, у адзін дзень са Змітром нарадзілася яшчэ і Аня з гурта “Нагуаль”.


Беларускі музычны шаман Іван Кірчук і этна-трыо “Троіца” зачаравалі слухачоў.


“Вольнае паветра” сабрала пад сваім дахам і ўдзельнікаў праекта “Я нарадзіўся тут”. Бадай, адной з самых кранальных песень праекта была “Развітанне з Радзімай”. Не менш кранальным было і яе выкананне падчас фэста: бліжэй да канца спева вочы Змітра Вайцюшкевіча заўважна памакрэлі...

Пасля лірычных матываў, якія так ці інакш схілялі да разважанняў і ўспамінаў, акурат прыйшоўся выступ этна-гарэзаў “Нагуаль”, спакойны і гіпнатычны.


У месячным святле тое, што абывалася на сцэне, а пасля і на пляцоўцы перад ёй, сапраўды нагадвала нешта лунатычнае. Ці прынамсі незямное. Дадавала імправізацыю ў выступ музыкаў і надвор’е.

- Са святам дажджоў вас, - павіншаваў нанова змакрэлых слухачоў вакаліст “Нагуаль” Леанід Паўлёнак ды з усмешкай дадаў: - грыбоў вам паболей...

Скончыўся фестываль масавымі скокамі пад акампанемент “Хуткага смоўжа”. Радасныя і канчаткова сагрэтыя слухачы разышліся хто па намётах, а хто па машынах-аўтобусах. У самых шчырых спадзяваннях сустрэцца на “Вольным паветры” праз год.


"Урачыстае адкрыццё" "Вольнага паветра"






Ахоўнік здымае са сцэны дзяўчыну, якая вырашыла пасядзець там падчас выступу гурта "Палац"



Яшчэ фота глядзіце тут.

 

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)