Таму грамадству трэба не толькі вельмі эмацыйна рэагаваць на тое, што сістэма катуе палітзняволеных, але наогул па-іншаму паглядзець на тых людзей, якія парушылі закон, без дыскрымінацыі, быццам забойца ці злодзей — недачалавек. Калі мы кажам пра правы чалавека, пра закон — то гэта для ўсіх.
Вольга Вялічка: «Пакуль не пачнём пытацца з сябе — а што я магу зрабіць, то размовы пра новую Беларусь застануцца размовамі»
Каб правы зняволеных выконваліся, а ўзровень злачыннасці зніжаўся. Пенітэнцыярнай сістэме Беларусі неабходныя змены.
Пасля 2020 года для беларусаў сталі важнымі многія пытанні, якія раней не цікавілі шырокую грамадскасць. Напрыклад, аказалася, што Беларусь — на першым месцы ў Еўропе і на адзінаццатым у свеце па колькасці зняволеных. Наўпрост цяпер за кратамі знаходзяцца каля 1500 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі, а агулам у месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 35 тысяч чалавек.
Няўрадавая арганізацыя «Урачы за праўду і справядлівасць», беларускія юрысты, медыкі і псіхолагі зладзілі даследаванне, каб высветліць, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія ў Беларусі. Вось тут можна запоўніць анкету пра тое, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў зняволенні.
Неўзабаве эксперты прэзентуюць вынікі анкетавання былых вязняў і іх сваякоў і абмяркуюць, што варта змяніць у айчыннай пенітэнцыярнай сістэме. Крыху больш аб праекце і папярэдніх высновах Филин распытаў каардынатарку ініцыятывы, псіхолага Вольгу Вялічка.
— Акрамя бачання экспертаў, якія ведаюць, як працуе пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі, і іх насамрэч няшмат, мы вырашылі паглядзець, што думаюць былыя зняволеныя. І гэта не толькі палітзняволеныя, — адзначае важную акалічнасць праекту спадарыня Вольга.
Зразумела, што з 2020 года звесткі, якія мы маем пра пенітэнцыярную сістэму, у асноўным вынеслі палітзняволеныя і іх родныя. Але няслушна казаць, што сістэму трэба змяняць толькі дзеля «палітычных». Не, яна павінна змяняцца дзеля кожнага беларуса, у тым ліку тых людзей, якія насамрэч учынілі злачынствы, калі гэта наркатычныя, крымінальныя, эканамічныя артыкулы.
На сёння працоўная група, удакладняе суразмоўца, атрымала ўжо 76 анкет ад былых вязняў і 52 — ад сваякоў асуджаных. Прычым адказы родных не менш важныя, бо даюць разуменне, як рэагуе адміністрацыя СІЗА і калоній на запыты пра здароўе, ці дазваляе перадаваць лекі, сродкі рэабілітацыі і г.д.
Большасць з тых, хто ўзяў удзел у даследаванні — мужчыны. Былыя вязні распавядаюць, што медработнікі, якія праводзяць агляд у СІЗА, часта не прадстаўляюцца, трапіць у медчастку — той яшчэ квэст, а якасць медабслугоўвання нізкая. Многія адзначылі, што не падпісвалі ніякіх медыцынскіх дакументаў альбо не ўпэўненыя, ці былі такія ў стосе паперак, якія давалі на подпіс і з якімі не дазвалялася азнаёміцца.
Большасць сваякоў зазначылі, што для іх найцяжэйшым выпрабаваннем была невядомасць — трывога і адсутнасць інфармацыі пра блізкіх людзей. Так, доўгі час нават у родных і адвакатаў няма звестак пра стан Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Сяргея Ціханоўскага і многіх іншых палітвязняў, і многія былыя зняволеныя адзначалі, што сваякам гэтая ізаляцыя давалася цяжэй, чым ім самім.
«Некаторыя робяць што заўгодна, ведаючы, што сістэма іх прыкрые»
— Асабіста мяне здзівіў пункт пра медагляд у папраўчай калоніі, — зазначае Вольга Вялічка. — Гэта абавязковы, нават ключавы момант: важна зафіксаваць, у якім стане прыбыў зняволены, ці ёсць у яго хранічныя хваробы, бо калі нешта з чалавекам здарыцца, калі ён памрэ — праверка запытае з адміністрацыі і работнікаў медчасткі медыцынскую дакументацыю.
Прыбываючы, вязні два тыдні яшчэ знаходзяцца ў каранціне і іх не можа не аглядаць урач, яны не могуць гэтага не помніць — але большасць адказаў «не» альбо «цяжка адказаць»… Тут, на мой погляд, тлумачэнні такія: альбо медагляду наогул не надаецца ўвагі, альбо гэта робіцца настолькі павярхоўна, асабліва ў дачыненні палітвязняў — бо сістэма разумее, што нічога за гэта не будзе.
Не менш пытанняў у экспертаў выклікае і праца псіхолага ў калоніях. Паводле працэдуры, той удзельнічае ў складанні выхаваўчага плану для зняволенага. А былыя вязні расказваюць, што ніякіх папер у псіхолага не падпісвалі (згодна з законам, псіхалагічная дапамога — інфармаваная і добраахвотная, нават у дзіцячых садках на працу з псіхолагам бацькі даюць ці не даюць пісьмовы дазвол), больш за тое, нават не ведалі, хто з супрацоўнікаў калоніі псіхолаг.
Пры тым 100% рэспандэнтаў сказалі, што адчувалі псіхалагічны ціск, знявагу, фізічныя пагрозы альбо абяцанні пагоршыць умовы ўтрымання.
— Тое, што дазваляюць сабе некаторыя псіхолагі ў месцах зняволення, уражвае.
Гэта ў прамым сэнсе «часам не да законаў», агалошанае Лукашэнкам, прычым «часам» — гэта не кароткі прамежак, а канстатацыя, што пасля 2020-га — не да законаў. Людзі робяць што заўгодна, ведаючы, што сістэма іх прыкрые. Узгадаем гісторыю з Вітольдам Ашуркам, смерць Алеся Пушкіна — ніякага пошуку вінаватых, камісіі, інфармавання грамадскасці: ну, памёр і памёр, «вы самі ўсё разумееце».
Ні пра які давер да дзяржавы ў цяперашніх умовах гаворка не ідзе, падкрэслівае Вольга Вялічка — усе стасункі збудаваныя на застрашванні, і ўлады наўмысна прымяняюць гэты інструмент, працягваючы рэпрэсіі і запалохваючы грамадства.
Зрэшты, заўважае суразмоўца, агулам крытыкаваць і абвінавачваць медыкаў і псіхолагаў, якія працуюць у пенітэнцыярнай сістэме, нельга. Многія спецыялісты, па водгуках былых вязняў, прыстойна і адказна выконваюць сваю працу, насамрэч аказваюць дапамогу.
— Сістэма неаднародная. І апошняе, што б мы хацелі зрабіць у праекце — мераць усіх на адзін капыл, нападаць і прыніжаць, сцвярджаць, што ў пенітэнцыярнай сістэме працуюць спрэс вылюдкі. Зусім не. Людзі там розныя. І ў цэлым сістэма адпавядае партрэту таго грамадства, якое мы самі збудавалі. Такую ўладу, такую міліцыю мы самі вырасцілі, і гэта наша адказнасць.
«Які мы народ, стане зразумела па праходжанні выпрабаванняў»
— З беларусамі адбываюцца вельмі сур’ёзныя сацыяльныя працэсы, — але большасць з нас не ўнікалі ў працу той жа пенітэнцыярнай сістэмы, не цікавіліся многімі працэсамі, і таму дагэтуль па многіх пытаннях мы застаёмся ў пункце «цяжка адказаць».
І пакуль мы не пяройдзем на іншую прыступку, не пачнём пытацца з сябе — а што я магу зрабіць, то размовы пра новую Беларусь застануцца размовамі. Трэба ў сабе вырасціць гэты новы падыход: не чакаць наіўна, што дапаможа Еўропа ці нехта іншы, што хтосьці зробіць за нас, а кожнаму пачынаць з сябе.
Бо дзесьці мы ўмеем аб’ядноўвацца, беларус беларусу беларус, а дзесьці выводзім на першы план уласныя крыўды і выносім у паблік тое, што не варта. Які мы народ, будзе зразумела падчас праходжання выпрабаванняў. Беларусы — не толькі тыя, хто прагне перамен, хто выйшаў на вуліцы. Урачы, якія працуюць у турмах — гэта ж таксама беларусы. Міліцыянты, якія білі людзей на Акрэсціна — беларусы, начальнікі калоній — беларусы, як і зняволеныя, якія жывуць унутры «па паняццях»…
Большасць былых вязняў лічаць, што ў перспектыве трэба змяніць усю пенітэнцыярную сістэму. Эксперты, аднак, нязгодныя, і Вольга Вялічка тлумачыць, чаму:
— Не атрымаецца так, што напішам новыя стандарты — і праз год у нас іншая сістэма, прававая, з чалавечым тварам. Рэфармаванне зойме гады, бо людзі ўнутры ідэйна звыклі працаваць так, а не інакш, і змяніць іх сістэму каштоўнасцяў амаль немагчыма. Спатрэбіцца доўгі час, новыя праграмы — псіхалагічныя, выхаваўчыя, каб не проста забіраць у людзей, якія ўчынілі злачынства, свабоду ў пакаранне, а каб насамрэч даць шанс усвядоміць, што ён зрабіў, пераасэнсаваць, атрымаць рэабілітацыйную падтрымку і не пайсці наноў па этапе.
У развітых краінах гэта так адбываецца. А ў Беларусі, калі паглядзець, колькі людзей выйшлі па ўмоўна-датэрміновым, і праз які час яны «заехалі» на другі тэрмін — лічбы будуць жахлівыя, па некаторых звестках, ад 50 да 70% зняволеных вяртаюцца ў месцы зняволення. І гэта, па-першае, сведчыць пра неэфектыўнасць існуючай сістэмы, а па-другое — у прамым сэнсе дорага абыходзіцца краіне.
«Іншых беларусаў у нас няма»
— На мой погляд, няправільна лічыць, што дзяржава — гэта толькі Лукашэнка і ягонае атачэнне, — гаворыць Вольга Вялічка. — Так, ён ёсць, ён наўпрост уплывае на працу дзяржінстытуцый, але ёсць і нармальныя людзі, і высакакласныя прафесіяналы, якія працягваюць працаваць.
Мы іх называем «лукашысты» альбо «ябацькі». Але ж нам усё адно давядзецца дамаўляцца, «ябацькам» і «змагарам» — бо іншых беларусаў у нас няма, мы ў сябе такія. Таму, калі ўявіць татальную люстрацыю — а хто будзе працаваць на ўсіх пасадах, як будзе функцыянаваць дзяржава?
Я вось падлічыла для сябе: мне хутка 40 год, пры добрым раскладзе, спадзяюся, дажыву да 80-90. Але пры сваім жыцці не ўбачу прыгожай карцінкі, дзе ўсе шчаслівыя — гэта ў прынцыпе немагчыма.
Безумоўна, гэта не значыць, што працаваць над пераменамі не трэба — вельмі трэба, проста зойме гэта шмат часу, працэс будзе няхуткі і комплексны. І за перамены мы заплацім вялікую цану, і нават возьмем у крэдыт у сваіх дзяцей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное