Филин

Юлія Кот

Вольга Вялічка: «Чыноўнікі рэальна думаюць, што можна ўзяць складанага падлетка, аддаць яго ў асяроддзе «добрых камуністаў», і з яго выйдзе нармальны, рабочы савецкі чалавек»

Псіхолаг паразмаўляла з Филином пра тое, чаму беларускім бацькам дазволілі «здаваць» дзяцей у закрытыя спецустановы. І да чаго прывядзе такое «перавыхаванне».

У Беларусі змянілі закон па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых. Адпаведны дакумент, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнет-партале і з 11 ліпеня ўжо набыў моц.

Адна з грунтоўных зменаў — цяпер адправіць падлеткаў у спецыяльныя школы закрытага тыпу стане лягчэй.

Дасюль «цяжкіх» падлеткаў ужо з 11 год маглі накіраваць у такія ўстановы толькі праз вырак ці рашэнне суда. Але абноўлены закон дае такое права і бацькам: фактычна, калі падлетак ужывае наркотыкі, таксічныя рэчывы, алкаголь, піва, можна «здаць»  яго ў спецшколу, — як сказана ў законе, з мэтай рэабілітацыі (на тэрмін ад чвэрці да года, пры гэтым маюць і права забраць назад раней тэрміну).

Таксама і дзяржорганам стане прасцей адправіць дзіця ў спецшколу. Напрыклад, калі супраць падлетка не ўзбуджалі крымінальную справу, але цягам года яго злавілі на адміністрацыйным парушэнні, і вызначылі «нежаданне весці правапаслухмяны лад жыцця». На сёння ў Беларусі адна спецшкола і тры закрытыя ПТВ: адна для дзяўчат, дзве для хлопцаў.

Выглядае на тое, што сістэма адукацыі не спраўляецца з «цяжкімі» падлеткамі, і адзінае, што можа прапанаваць — гэткае карнае выхаванне, ва ўмовах, набліжаных да турмы. Але што з гэтага атрымаецца?

Фота: hrodna.life

— Я бачу тут, што дзяржава натуральна спіхвае ўсю адказнасць за дзяцей на сістэму адукацыі, — зазначае ў каментары Филину псіхолаг, прадстаўніца ініцыятывы «Урачы за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка. — Але трэба разумець, што дзяржава мае і іншыя інструменты — не толькі садкі, школы, вучэльні.

У нас ёсць Мінкультуры, якое таксама магло б займацца прасоўваннем нейкіх ідэй, каб дзецям было цікава вучыцца і развівацца, каб яны былі заахвочаныя ў культуры. Іншая справа, што сённяшняе міністэрства цалкам стаіць пад ідэалогіяй. А праз яе немагчыма зайсці да дзяцей, каб ім было цікава.

Мы назіраем, умоўна, як узаемадзейнічаюць тры пакаленні: дзяцей, бацькоў і дзядуль-бабуль. Ідэалогія для дзяцей ідзе ад пакалення дзядуль-бабуль — і яна настолькі несучасная, нецікавая, не інтэграваная ў актуальныя падыходы, што сённяшнія чыноўнікі не разумеюць  рэалій.

 Таму гавораць, кшталту, «бацькі разбэсцілі дзяцей, тым усё дазволена».

Насамрэч яны проста не разумеюць, што часы змяніліся, і падыходы павінны змяняцца. І  тое, што ставяць, так скажам, сённяшніх дзяцей у шэрагі ў гальштуках — гэтыя дзеці не будуць глядзець з захапленнем на ўмоўнага Леніна. Гэта было магчыма 60-70 год таму, дзецям таго пакалення гэта было цікава.

Але чыноўнікі, якія фарміруюць у Беларусі ідэалогію, абапіраюцца на свой дзіцячы досвед, і думаюць: калі нам у дзяцінстве гэта было цікава, то будзе цікава і сучасным дзецям. Прыгадваецца стары савецкі фільм «Сем нянек», у якім група моладзі ўзялася перавыхоўваць падлетка з калоніі, і напрыканцы такі выхавалі ў добрага грамадзяніна.

Падобна, чыноўнікі рэальна думаюць, што можна ўзяць складанага падлетка, аддаць яго ў асяроддзе «добрых камуністаў», і з яго выйдзе нармальны, рабочы савецкі чалавек.  Не, так не працуе. Гэта апрыёры немагчыма.

Таму склаўся вялікі міжпакаленчы — нават не паміж суседнімі, а паміж трыма пакаленнямі — адрыў.

Пакаленне Лукашэнкі не так добра валодае тэхналогіямі, не вельмі арыентуецца ў інтэрнэце, яны гавораць пра TikTok як пра нешта далёкае, незразумелае — і гэтым падыходам падпарадкоўваюць і сярэдняе пакаленне, каму цяпер 30-40. І тыя таксама не могуць нічога іншага прапанаваць, акрамя савецкіх наратываў, інакш ім скажуць, што гэта бязглуздзіца, і ўсе павінныя хадзіць па струнцы.

А дзеці жывуць сваё дзіцячае жыццё, у тым ліку ў TikTok, і яно вельмі далёкае ад задач, якія выконвае беларуская сістэма адукацыі. Тая засяроджана на «ваенна-патрыятычным выхаванні», а таксама на ідэалагізацыі. У такіх умовах настаўнікам цяжка працаваць, а дзеці робяць тое, што робяць — і безумоўна, бацькі таксама губляюць пэўныя функцыю кантролю над імі.

Распаўсюд наркатычных сродкаў нікуды не дзяваецца. Пры тым дзяржава нічога не робіць для прафілактыкі ўжывання дзецьмі тых самых наркатычных рэчываў — адзінае, што прымяняюць 328 артыкул і даюць неймаверныя тэрміны маладым людзям.

Але гэта не прафілактыка і гэта не працуе: я не бачыла яшчэ ніводнага чалавека, які спыніўся б ужываць наркотыкі, разумеючы, што яму будзе «свяціць» тэрмін.

Вольга Вялічка згадвае пра змены ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі — стварэнне рэабілітацыйных цэнтраў для асуджаных, — і зазначае, што сама ідэя добрая. Але гэта таксама не пра прафілактыку, а пра спробу прадухіліць рэцыдыў. А ці лічыць прафілактыкай змяшчэнне дзяцей у блізкі да турэмнага асяродак, каб «перавыхаваць» іх?

— Тое, што ствараюцца ўмовы, каб бацькі маглі аддаваць у спецшколы дзяцей, з якімі яны не спраўляюцца — тут ёсць непаслядоўнасць крокаў ад самой дзяржавы ў працы з сям’ёй як з інстытуцыяй, — зазначае псіхолаг. — Спачатку доўгі час вуснамі Лукашэнкі ўлады казалі: першае дзіцё ваша, другое ваша, трэцяе — маё, то бок, нараджайце, нараджайце і нараджайце.

Затым, яшчэ зусім нядаўна, казалі, што галоўнае для дзяўчынкі — не атрымаць адукацыю, а нараджаць і ствараць сям’ю. А зараз гавораць, што бацькі могуць «аддаць» дзяцей у прытулак, і там дзяржава будзе рабіць тое, што палічыць патрэбным.

Важны аспект, на які звяртае ўвагу псіхолаг — дзеці-сіраты і дзеці, якія змешчаны ў прытулках і правы якіх забяспечвае дзяржава, а не бацькі. Бо прытулкі ў Беларусі — пад кіраўніцтвам «дзяржаўных людзей», і ідэалогія, якая ўкладаецца там у дзіцячыя галовы — тая, што цікавая, патрэбная і выгадная дзяржаве:

— Было б цікава паглядзець, колькі дзяцей-сірат паступаюць у інстытуты МУС — Акадэмію МУС, Ваенную акадэмію. На маю думку, тут будзе назірацца паслядоўны пераход ад кантролю дзяржавай дзяцей да кантролю ўжо моладзі і дарослых.

Больш за тое, нагадвае суразмоўца — у Беларусі збіраюцца адчыняць прытулкі пры манастырах:

— Маўляў, раз бацькі не спраўляюцца — справімся мы, і будзем рабіць тое, што нам патрэбна. У такім выглядзе для мяне гэта бачыцца як небяспечная гісторыя.

Калі дзеці знаходзяцца ў закрытай установе, не маюць альтэрнатыўных інфармацыйных прастораў, калі ім даюцца простыя, прымітыўныя ўстаноўкі: што, як і для чаго рабіць — гэта небяспечна. Бо з іх вырастуць альбо тыя, хто не будзе верыць — ідэалогіі, дзяржаве, нікому, альбо тыя, хто паверыць цалкам.

І калі спрагназаваць развіццё падзей, то праз 30-40 год з дзяцей, якія павераць у дзяржаўную ідэалогію, мы атрымаем тых, якія будуць настальгаваць па часах Лукашэнкі.

Што да прафілактычнага ўздзеяння спецшкол, дадае псіхолаг, то ён вельмі сумнеўны. Закрытыя спецустановы будуць прывучаць «цяжкіх» падлеткаў  да падпарадкавання і «адназначна выпрацоўваць у іх  злосць да ўсяго і ўсіх»:

— Калі ў звычайнай школе, у шырокім полі падлеткі сябе так паводзілі, то ўявіце, што будзе, калі іх закрыць? Так, з часам іх падпарадкуюць пад правілы, якія існуюць у гэтых установах. Але злосць будзе назапашвацца ўнутры, расці.

Калі мы паглядзім на досвед развітых краін з высокімі сацыяльнымі стандартамі, то ўбачым: «цяжкіх» падлеткаў на некаторы час ізалююць ад асяроддзя. Але робяць гэта, маючы выпрацаваныя рэабілітацыйныя сацыяльна-медыцынскія і псіхалагічныя праграмы.

Падлеткаў не строяць па стойцы «смірна», а прапануюць ім розныя сацыяльныя паслугі — каб яны маглі выгаварыцца, асэнсаваць свае паводзіны і ў такім разе іх выправіць. І праз такі падыход падлеткам насамрэч прадстаўляецца дапамога.

Тое, што мы сёння бачым у Беларусі: яшчэ больш ізаляваць, закрыць, падпарадкаваць — будзе рашэннем знешне і на кароткі прамежак часу.

Немагчыма трымаць падлетка ў закрытых умовах усё жыццё. Рана ці позна ён выйдзе ў грамадства. І на вялікі жаль, ёсць рызыкі маргіналізацыі такіх людзей — і небяспекі  ў шырокім разуменні, для тых, хто будзе жыць з імі ў асяроддзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(7)