Общество

Вольга Севярынец звярнулася да праваахоўнікаў: «Не бойцеся! У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі»

Жонка зняволенага палітыка, які 18 сутак адбывае пакаранне ў карцары на Акрэсціна, змясціла зварот да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.

«Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсць сумленныя людзі, — напісала Вольга Севярынец. — Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсцёнкі, значыць дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам.

Я хачу сказаць: дзе б вы ні працавалі, спосаб застацца чалавекам ёсць заўсёды. Можна занесці асуджанаму ў карцар бутэльку вады, не выганяць родных з залі суда, не адпраўляць сфабрыкаваную справу на дапрацоўку, адвярнуцца, прамаўчаць, захварэць, звольніцца.

Вы — частка страшнай сістэмы і, у тым ліку дзякуючы вам, яна спраўна працуе.

Улада робіць беззаконне: саджае невінаватых на суткі, катуе іх па карцарах, раздае несправядлівыя прысуды, хапае людзей на вуліцы, ні за што выпісвае штрафы. І гэтае безаконне робіцца вашымі рукамі. Скажыце, вам гэта трэба? Гэта трэба вашым сем’ям? Гэта трэба вашым дзецям?

Нягодны ўчынак нельга апраўдаць загадам.

Ілжэсведчанне, хлусня, збіццё і катаванне беззабаронных — учынкі, нявартыя ні сапраўдных мужчын, ні жанчын.

Вы цудоўна ведаеце, што людзі, якія зараз выходзяць на вуліцы, не жулікі і не бандыты, мы адукаваныя сумленныя людзі, у якіх забралі права выбіраць.

І мы не хочам больш баяцца, што за наша меркаванне ў нас забяруць дзяцей, мы не хочам чакаць месяцамі сваіх мужоў з сутак, мы не хочам адусюль цярпець недагаворкі і здзекі. Мы хочам траціць свае сілы на іншае.

Не бойцеся! У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі. Проста станьце з намі ў адзін шэраг, будзьце ўпэўненыя — людзі вас не пакінуць.

І не думайце, што ад вас нічога не залежыць, зараз час, калі ад кожнага беларуса залежыць усё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(63)