Общество

Вольга Севярынец: «На судзе Павел маўчыць, не гаворыць ні-чо-га»

Жонка палiтвязня падзялілася ўражаннямі ад суда над мужам. Нагадаем, працэс у Магiлёве максiмальна закрыты.

— Суд над Паўлам працягваецца, працэсы ідуць кожны дзень і ідуць ў даволі хуткім тэмпе, а гэта значыць, што праз пару тыдняў мы можам даведацца прысуд, — піша Вольга Севярынец. — На працэсе Павел маўчыць. Ён не гаворыць ні-чо-га, не адказвае на пытанні. Ён падкрэсліваў гэты момант некалькі разоў у лістах. Кажа, што ўсё, што хацеў, ён сказаў у сваіх кнігах. Гэта вельмі важна для яго. Прашу звярнуць на гэта ўвагу СМІ і сяброў.

Яшчэ з навінаў: Паўла паставілі на ўлік як экстрэміста.

Гэта ў тэорыі цягне за сабой цэлы комплекс мер, які падбіраецца да кожнага індывідуальна, наколькі я зразумела з апісанняў іншых родных. Патрэбна гэта толькі для таго, каб ламаць чалавека ў турме.

У выніку нам ад Пашы перасталі прыходзіць лісты, увогуле. У яго камеры правялі такі шмон, што з матрасам выставілі за дзверы не толькі яго, як «экстрэміста», але і ўсіх астатніх сукамернікаў, намякаючы, што церпяць яны вось з-за гэтага аднаго.

Але заўсёды ёсць і добрыя навіны. Вось учора я была ў Магілёве і перадала яму пернікі з любімай цытатай. Спадзяюся, што спадабаюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)