Вікторыя Целяшук

Вольга Калацкая: «Важна мець перад вачыма мэту і працаваць з усімі, хто гатовы рабіць унёсак для яе дасягнення»

Перакладчыца расказала «Салiдарнасцi» пра ўнікальныя знаёмствы, «хатнюю хімію» і важныя кнігі.

За поўхі, дадзеныя вядучаму СТБ Рыгору Азаронку, перакладчыца Вольга Калацкая атрымала два гады «хатняй хіміі». І гэта, як ні дзіка прагучыць, у цяперашніх умовах можна назваць шанцаваннем…

Праз пэўны час пасля вяртання дадому Вольга Калацкая пачала публікаваць у сацсетках «Турэмны дзённік» – хроніку падзей свайго затрымання, зняволення і суду. Допісы, якія ўдалося пранесці з вязніцы, уражваюць не толькі шчырасцю, але таксама аб’ектыўнасцю і адсутнасцю страху і негатыву. Таму перадусім я пытаюся ў Вольгі, як удалося захаваць у сабе гэту раўнавагу, не азлобіцца?

Фота Надзеi Бужан, Наша Нiна

– Тут, напэўна, некалькі прычын. Па-першае, я ад пачатку разлічвала на доўгі рэальны тэрмін і ставіла сабе задачу: выйсці з гэтай сітуацыі з мінімальнымі стратамі. Я проста ведала, што трэба максімальна захаваць сябе, сваё фізічнае і псіхічнае здарое, нармальны эмацыйны стан.  Таму, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Віктара Франкла, я шукала пазітыў, нагоду для радасці.

Па-другое, я ад пачатку не баялася зняволення. Калі чалавекам кіруе страх – гэта насамрэч страшная рэч, змяняецца оптыка і ты міжволі пачынаеш глядзець на таго ж самага следчага ці канваіраў як на ворагаў, навокал бачыш адзін негатыў – а гэта разбурае найперш цябе.

У мяне такога страху не было. Напэўна, мяжа страху ў мяне не там, дзе ў нармальных людзей, – усміхаецца Вольга. – Найперш было цікава, я да гэтага ўсяго ставілася ў пэўнай ступені  як даследчык: цікава было пагутарыць са следчым, страшэнна цікава было падыскутаваць з РУУСаўскім начальнікам, які хацеў прамыць мне мазгі, але хто каму прамыў, яшчэ вялікае пытанне; цікава было растлумачыць следчай, як паставіць беларускую мову ў камп’ютары і дзе там знаходзіцца літара «ў»…

І, натуральна, пазнаёміцца з людзьмі, якіх у нармальных умовах я ніколі б не сустрэла. Таму я ўдзячная – не ведаю нават, каму, ці Богу, ці лёсу, ці рэжыму, – што мела магчымасць пазнаёміцца пазнаёміцца з абсалютна іншым светам, з людзьмі самых розных сацыяльных слаёў, і кожны з іх са сваім унікальным досведам. Напэўна, гэта і дапамагло не тое, каб не зламацца – гэта вельмі высокія словы, але захаваць сябе і больш ці менш аб’ектыўны погляд на падзеі.

За кратамі мне пашанцавала пазнаёміцца з Кацяй Андрэевай. Пазнаёмілася яшчэ з адной жанчынай, якая праходзіць не па палітычным артыкуле, але з якой мы цяпер таксама добрыя сяброўкі, і я стараюся хадзіць да яе на суд. На Акрэсціна яшчэ сустрэлася з цудоўнымі дзяўчатамі – і «палітычнымі», і «непалітычнымі».

– Цяпер вы публікуеце дзённік як своеасаблівую «інструкцыю па выжыванні», ці гэта спроба пераасэнсаваць пражытае?

– Мабыць, і тое, і другое. Як «інструкцыя па выжыванні» ён, натуральна, не дойдзе да тых, хто там, за кратамі. Але людзі, якія на свабодзе, прачытаўшы, напэўна, зразумеюць, што няма чаго баяцца і што там таксама працягваецца жыццё. Спадзяюся, што камусьці гэты вопыт будзе карысны.

– Некаторыя пасля выхаду з «сутак» ахарактарызавалі ўмовы затрымання як дрэнны піянерскі летнік. Якім было ваша першае ўражанне?

– Так, акурат тое самае! Хто выжыў у піянерскім летніку, той турмы не баіцца.

Але мушу адзначыць, што ў мяне быў абсалютна «лайтовы» варыянт. Мяне не білі, з мяне не здзекваліся, амаль не было псіхалагічнага ціску, калі не лічыць таго, што лістоў я атрымлівала толькі маленькую порцыю ад таго, што мне пісалі.

Аднак ёсць багата людзей, якія ўтрымліваюцца ў значна горшых умовах. Я не ведаю, як бы я сябе паводзіла на іхным месцы, што б са мной было, калі б мяне білі… Можна сказаць, што мне пашанцавала.

– Цяпер мы звыкла кажам, што «пашанцавала» – гэта калі далі «хімію» замест калоніі, і абмяркоўваем, што на выпадак затрымання ці выкліку ў РУУС трэба насіць у торбе ці заплечніку запасную бялізну і сродкі гігіены...

– Калі вас выклікаюць у РУУС, не бярыце з сабой нічога, бо ўсе вашы рэчы на першым допыце ўсё роўна забяруць. Самае галоўнае – паспець паведаміць сябрам пра затрыманне. Ні ў якім выпадку не адмаўляйцеся ад адваката, хоць бы таму, што гэта сувязь з вонкавым светам і вам тады перададуць першасна неабходныя рэчы, – раіць Вольга. – Я ў РУУС узяла толькі зубную шчотку і пасту, дый тое іх хацелі забраць, ледзь угаварыла пакінуць.

Ні ў якім разе не бярыце тэлефон альбо якую іншую прыладу, дзе можа захоўвацца інфармацыя, якая можа нашкодзіць вам або іншым оюдзям!

«Каб ведаць, што цябе не кінулі і ты не адзін»

– Многія адчуваюць ірацыянальную віну перад тымі, хто зараз за кратамі, і спрабуюць хоць неяк падтрымаць іх. Цяпер шмат хто лістуецца са зняволенымі, але самае цяжкае, напэўна – з чаго пачаць? Проста напісаць незнаёмаму чалавеку «прывітанне, вы мяне не ведаеце, але я ведаю пра вас…»?

– Так-так! Не сумнявайцеся і не саромейцеся напісаць «не тое». Пішыце пра што хочаце, звяртайцеся да зняволеных, як звярталіся б да сваіх сяброў, з якімі не бачыліся шмат гадоў.

Бо найвялікшая радасць для чалавека за кратамі – атрымаць ліст. Проста каб ведаць, што цябе не кінулі, што пра цябе памятаюць і ты не адзін. Чаго мы ўсе асабліва чакалі – дык гэта пошты. І чым больш лістоў чалавеку напішуць, тым большая чыста матэматычная верагоднасць, што ён ці яна іх атрымае.

Што да мяне, то мне страшэнна сорамна, што цяпер не маю часу, ці нават сіл, пісаць усім, каму хочацца. Раз-пораз пішу Каці Бахвалавай, Вікулі Міронцавай, Ксюшы Сырамалот… Адказаў пакуль не было, і я не ведаю, ці атрымалі яны гэтыя лісты. Скажам, у Жодзіне ліст у турму ішоў недзе каля месяца, з турмы – тыдні два-тры.

Як я разумею (канешне, магу памыляцца), у цэнзараў ёсць пэўная норма выпрацоўкі, і, напэўна, яна вымяраецца не ў старонках ці словах, а адзінках перапіскі – лістах і паштоўках. Бо паштоўкі карацейшыя, і, як правіла, даходзяць часцей.

Таксама абавязкова прыносяць заказныя лісты, асабліва калі яны з паведамленнем аб атрыманні. А вось вялікай розніцы паміж першым класам і звычайным лістом няма – атрымаешь ты ліст праз 30 дзён ці 29, не вельмі істотна.

– Прысуд – два гады «хатняй хіміі» – вядома, не рэальны тэрмін у папраўчай калоніі. І ўсё адно гэта абмежаванне волі, са сваімі ўмовамі і наступствамі. Чаго вам найбольш нестае з ранейшага жыцця?

– Пакуль што ўсё выглядае досыць смешна. Я магу выходзіць з хаты ў буднiя дні з шостай раніцы да 8.30 вечара, і 24 гадзіны на дзень мушу знаходзіцца ў хаце ў суботы, нядзелі і святочныя дні. Два разы на месяц мушу таксама хадзіць адзначацца. І самае смешнае – штонядзелю мяне чакаюць «прафілактычныя гутаркі» ў РУУС.

Якраз на праваслаўны Вялікдзень была на першай з іх. Былі яшчэ два мужчыны, яны  хуценька падпісалі нейкія паперы і пайшлі, а мне сказалі: «Вольга Міхайлаўна, мы мусім правесці з Вамі групавую гутарку з праглядамі відэаролікаў. Калі хочаце, магу іх Вам паказаць. Але я так разумею, што сэнсу ў гэтым асаблівага няма?» – і я не настойвала.

…Праўду кажучы, з «таго» боку быў чалавек, які вельмі шмат для мяне зрабіў і якому я вельмі ўдзячная. Я, натуральна, не магу называць яго. Але Ірына Дубянецкая пра такіх сказала вельмі трапную фразу: «Пасля падзей жніўня 2020-га ўсе нармальныя людзі адтуль сышлі. Героі – засталіся».

Вяртаючыся да майго прысуду. Самае галоўнае: калі цягам двух гадоў «хатняй хіміі» фіксуюць тры парушэнні рэжыму – мяне накіроўваюць у калонію. Гэта тое, што ўвесь час вісіць над табой, як дамоклаў меч.

«Мужчынам за кратамі цяжэй»

У размове закранаем нядаўнюю гендэрную дыскусію, якая разгарнулася ў сацсетках і потым выплеснулася ў медыя. Вольга зазначае, што яе зачапілі некалькі рэчаў, і звяртае ўвагу на яшчэ адзін аспект гендэрнай няроўнасці ў беларускім грамадстве:

– Калі я асабіста не сутыкалася з тым, што жанчыне ў нашым грамадстве цяжэй рэалізавацца – гэта не значыць, што праблемы няма. Яна напэўна ёсць. Але калі гаварыць пра гэта  агрэсіўна, дасягнеш супрацьлеглых вынікаў – замест абмеркавання і пошуку шляхоў выйсця толькі адштурхнеш ад сябе.

Не будзе прагрэсу, пакуль мы не навучымся слухаць адно аднаго, цывілiзавана, паважліва вырашаць канфлікты, спакойна, без крыку і навешвання цэтлікаў, прапаноўваць спосабы вырашэння праблемы.

…Ці правільна казаць, што ў беларускага пратэсту жаночае аблічча? Так атрымалася, што Святлана Ціханоўская, Вераніка Цэпкала, Марыя Калеснікава сталі знакавымі асобамі, «тварамі» гэтага руху, што былі пакараныя за сваю прафесійную працу Каця Андрэева, Каця Барысевіч, Даша Чульцова, і іхнія справы сталі рэзананснымі.

Аднак ёсць і мноства цудоўных мужчын, якія вельмі годна сябе паводзяць у гэтых акалічнасцях. І мне вельмі баліць, вельмі сорамна за тое, што мужчыны цяпер, па сутнасці, за адныя і тыя ж дзеянні атрымліваюць значна большыя тэрміны за жанчын. Гэта зусім не азначае, што трэба і жанчын выракаць на рэальныя тэрміны – наадварот, лепш бы ўсіх выпусціць і разам будаваць дэмакратычную дзяржаву.

Пры тым мужчынам за кратамі аб’ектыўна цяжэй. Іх б’юць, з імі больш жорстка абыходзяцца, даюць большыя тэрміны. І яны не будуць пра гэта казаць публічна – праз абсалютна зразумелыя псіхалагічныя адрозненні паміж намі, пра стэрэатыпы, закладзеныя ў грамадстве: «ты моцны, трывай, ты не маеш права скардзіцца»…

Потым, на мой погляд, будзе вельмі карысна паглядзець гендэрную статыстыку затрыманняў, катаванняў і жорсткага абыходжання, псіхалагічнага ціску – гэта была б вельмі важная тэма для навуковых даследаванняў.

Зараз мне вельмі баліць, што чалавек, які даў поўху аператару БТ, былы тэлерэжысёр Вячаслаў Ламаносаў, атрымаў два гады калоніі – а ў яго трое дзяцей… Акурат у той дзень, калі мяне затрымлівалі, я прачытала пра ягоны прысуд, мне зрабілася проста непамысна.

Зрэшты, дзякуючы гэтай інфармацыі, была ўжо маральна падрыхтаваная атрымаць рэальны  тэрмін... У маім выпадку ўсё не скончылася калоніяй. Але мне перад ім, ягонай сям’ёй, вельмі, вельмі сорамна.

«Ніхто нас не пасварыць між сабою, калі мы не захочам гэтага самі»

– Часу стала менш. Прыбавілася абавязкаў у дачыненні да мамы, часцей сустракаюся з журналістамі, дзякуй Богу, працягваю заняткі са сваімі цудоўнымі вучнямі, большасць з якіх мяне адмыслова чакала з турмы. На вялікі жаль, не хапае часу чытаць, столькі хочацца зрабіць, але не ўсё паспяваеш.

– Чула, што зараз працы будзе яшчэ больш, бо вы ўвайшлі ў журы літаратурнай прэміі?

– Так, гэта літаратурная прэмія для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана (узнагарода  заснаваная ў 2016 годзе і ўручаецца за лепшы пераклад кніг на беларускую мову – «С».). У ёй тры намінацыі – «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура».

Вядома, для мяне гэта вельмі пачэсная, але разам з тым і вельмі адказная праца, бо для мяне пераклад – у пэўным сэнсе справа жыцця. Даводзілася часта чуць і чытаць, што перакладчыку не абавязкова дасканала ведаць мову арыгінала, галоўнае – мець літаратурны талент. Я не магу прыняць такога падыходу, бо пераклад для мяне – вельмі адказная рэч, акурат таму як сябра журы папрасіла даслаць арыгіналы твораў, якія перакладаліся.

У ідэале, мабыць, варта было б, каб эксперты ацэньвалі, наколькі перакладчык здолеў перадаць стылістычныя прыёмы аўтара, наколькі стыль перакладу адпавядае стылю арыгіналу. Інакш што мы ацэньваем – добрую беларускую мову? Мне як прафесіяналу вельмі істотна, каб не было элементарных хібаў, скажэння сэнсу, важна разумець, наколькі адпаведна перадаецца задума аўтара.

– У афіцыйным рэйтынгу «Белкнігі» ў топ-10 самых прадаваных кніг увайшлі «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча і «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, а таксама перакладзеныя кнігі-антыутопіі – «1984» і «Скотны двор» Оруэла, «О дзіўны новы свет» Хакслі, «Завадны апельсін» Бёрджэса… Што яшчэ, на ваш погляд, варта было б нам перачытаць для захавання цвярозага розуму ў цяперашніх умовах ненармальнасці?

– Я сумняюся, што цвярозы розум можна захаваць толькі з дапамогай кнiг – па-за светам літаратуры ёсць мноства важных для кожнага з нас рэчаў, якія дапамагаюць не страціць  аб'ектыўнае стаўленне да падзей.

Для мяне адным з такіх сродкаў стала ўсё, што прамаўляе бліскучая разумніца, палітолаг Кацярына Шульман, таксама я страшэнна люблю глядзець і чытаць Віктара Шэндэровіча, вельмі паважаю палітаналітыка Арцёма Шрайбмана.

Што да літаратуры, на мой густ, варты перачытання Толкіен, «Чарадзей краіны Оз» Баўма, само сабою, Голдынг, п’есы Шварца… Найперш кожнаму дапамагае любімая літаратура, духоўна блізкія аўтары.

– Хто ці што вас натхняе, калі находзіць туга і апускаюцца рукі?

– Натхняе – не ведаю, бо натхнення ўжо даўно не адчувала. А дапамагае – перадусім тое, што ў мяне ёсць мама, ёсць праца, пэўныя абавязкі, якія трэба выконваць. Калі ўвесь дзень распісаны, фактычна няма часу, каб заганяць сябе ў нуду, і тугу, і скруху, і журбу, і роспач, паводле гэтага бясконцага сінанімічнага шэрагу ў беларускай мове.

Дарэчы, цікава: калі параўнаць сінанімічныя шэрагі адмоўных і станоўчых эмоцый у беларускай мове – відаць, што адмоўных на парадак больш, і гэта сведчыць у пэўнай ступені пра наш гістарычны лёс.

Мне здаецца, нам усім цяпер вельмі важна, замест таго каб заганяць сябе ў нуду, сесці і цвяроза, спакойна прааналізаваць, што мы зрабілі не так. Чаму мы мелі велізарны, фантастычны, каласальны патэнцыял пратэсту ў жніўні, канкрэтна 16-30 жніўня, але дазволілі сабе яго змарнаваць.

У мяне ёсць «мой» адказ на гэтае пытанне. Але кожнаму трэба знайсці свой, у тым ліку праз добрую палітычную аналітыку. Варта пачытаць, напрыклад, «Доўгую дарогу ад тыраніі» Віталя Сіліцкага. І зразумець, што мы НЕ зрабілі, а што варта было б зрабіць для перамогі.

Чаго я цяпер баюся – што мы пачнём шукаць вінаватых, раз’ядноўвацца. Шмат гадоў, на жаль, мы былі сведкамі, як гэта адбываецца ў «старой апазіцыі». Цяпер вельмі важна зразумець, што ніхто нас не пасварыць між сабою, калі мы не захочам гэтага самі. Важна мець перад вачыма мэту і працаваць з усімі, хто гатовы рабіць любы ўнёсак у дасягненне гэтай агульнай мэты.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:31)