Беседка
Юрась Дубіна

Вольга Iпатава: «Забараніць нам пісаць не зможа ніхто”

22 кастрычнiка пройдзе чарговы з’езд апальнага Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. Пра сiтуацыю вакол Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, пра будучыню лiтаратурнага асяродку разважае пiсьменнiца Вольга Iпатава.

— Вольга Мiхайлауна, можна канстатаваць: эра экспрапрыяцыi маёмасцi у Саюза беларускiх пiсьменнiкау завяршылася. Улада, забраўшы напачатку пiсьменнiцкую палiклiнiку, адбірае i Дом лiтаратара. Старэйшая творчая арганiзацыя краiны засталася без даху над галавой…

— Так, улады ішлi да гэтага дванаццаць гадоў. Першыя гады яны яшчэ абяцалі вярнуць наш Дом. Пасля, увайшоўшы ў смак, толькі дзерлі і дзерлі з яго грошы, далучыўшы да Дома Літаратара яшчэ і адрамантаваную паліклініку.

— Што удалося выратаваць СБП? Якi далейшы лёс чакае унiкальную пiсьменнiцкую бiблiятэку, якая цяпер знаходзiцца у Лiдзе, i, наогул, сам Саюз пiсьменнiкау?

— СБП засталіся партрэты нашых папярэднікаў, асабовыя справы ўсіх тых, каго прымалі ў творчы Саюз пасля вайны (а гэта ўжо таксама музейныя рарытэты), ну і, вядома, кнігі. Але гэта — не маёмасць. Гэта — нашыя святыні, якія нам трэба захаваць да тых часоў, пакуль зменіцца гэтая ўлада, якая ўжо застанецца ў гісторыі культуры ( і не толькі беларускай), як пачварны нарост на целе еўрапейскай цывілізацыі.

Нельга ўзгадаць ніводнага выпадку нават у досыць аўтарытарных рэжымах некаторых постсавецкіх рэспублік, каб у пісьменнікаў адбіралі месца прыстанку, каб ім забаранялі нават выступаць перад сваімі чытачамі. Мы — самыя сапраўдныя палітычныя ахвяры і, нажаль, не першыя і не апошнія ў гэтай краіне. Падзеі, якія разгортваюцца год за годам, аптымізму не дадаюць.

— Яшчэ за Вашым старшынёствам цяперашняя улада спрабавала падмяць пад сябе СБП — не удалося. Год таму была створаная кiшэнная арганiзацыя — Саюз пiсьменнiкаў Беларусi. Цяпер сапраўдны Саюз улада дабiвае матэрыяльна — уся пiсьменнiцкая маёмасць перайшла да ГГУ адмiнiтсрацыi прэзiдэнта. Узнiкае пытанне: дзеля чаго гэта робiцца, у чым сэнс знiшчэння СБП?

— Усе, што ёсць у Беларусі, павінна схіліцца і ўпасці на калені, мець адзін голас і адну думку. Асабліва ж гэта тычыць інтэлігенцыі, бо яшчэ з часоў Леніна інтэлігенцыя аб’яўлялася не мозгам нацыі, а самі ведаеце чым.

Як паказвае сусветная практыка, асабліва пераследуюць таленавітых людзей тыя дыктатары, якія самі спрабавалі пісаць альбо вершыкі, альбо малявалі, альбо акторствавалі, як, напрыклад, Нерон. Вы ж памятаеце ягоны славуты сказ перад самай смерцю: “Які актор гіне!” Ён нават перад смерцю хацеў адчуваць сябе не правіцелем, а менавіта творчай асобай. Гэтак жа ненавідзеў незалежных творчых людзей і Гітлер. Мабыць, тут уся справа ў комплексе непаўнавартасці і ў тым. што талент, вялікі ці малы, даецца Усявышнім. І як хочацца панаваць над любімцам лёсу, свайго роду валхвом, якія “не боятся могучих владык и княжеский дар им не нужен”? Тут увесь смак у тым, каб гэты дар у князя выпрошвалі, каб рукі лізалі яму за любы драбочак цукру! А калі адварочваюцца ды імкнуцца жыць сваім розумам і пісаць пра што ім хочацца — як такое вытрымаць?

— Каб кiраваць любой арганiзацыяй, трэба мець сваю штаб-кватэру. Дзе знайшло прытулак цяперашняе кiраунiцтва СБП?

— Прытулак яно яшчэ будзе шукаць. Але знойдзецца ён ці не знойдзецца — гэта ўжо справа, як кажуць, тэхнічная. Забараніць нам пісаць не зможа ніхто, і таму, нават калі фармальна нас нідзе ў Беларусі не зарэгіструюць, то месца нам дадуць суседзі. Нездарма ж вось трох з нашых творцаў узнагародзіла ордэнамі Украіна — і гэта ў даволі складаных для яе ў палітычных адносінах час. Не першая гэта замежная ўзнагарода тым пісьменнікам, каго нават не ўзгадваюць у афіцыёзных выданнях Беларусі. Ды што там у афіцыёзных! У нашых жа былых выданнях цэнзура на імёны яшчэ большая — мабыць, улады яны баяцца болей за астатніх...

— Увосень пройдзе чарговы з’езд СБП. Краевугольнай праблемай, якую вiдавочна не абыдзе зезд, — што рабiць далей ? Не маючы даху над галавой, не маючы фiнансавання, пiсьменнiкам трэба неяк выжываць. Як?

— Думаю, якраз не гэта будзе самай вялікай тэмай для размовы на з’ездзе. Як я ўжо казала, мы выжывем усё роўна, колькі б ні пнуліся ўлады. Тут, мне здаецца, яны зрабілі ўжо ўсё, што толькі змаглі. Галоўная тэма — гэта якасць сучаснай літаратуры, гэта тэматыка і ўзровень — каб нас чыталі і ведалі, каб энергетыка любві да свайго народа, служэнне яму давалі плён і настрой ствараць, а не спажываць тое, што выпрасім у суседзяў. Калі народ вечна на раздарожжы — ён знікае, а сённяшняя ідэалогія — гэта зноў раздарожжа, зноў пошук палёту над дзірваном, у той час як шлях побач. І мы не павінны стамляцца паказваць гэтыя шляхі, яны — ў кансалідацыі на аснове дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасцей, якія даюць магчымасць нацыі самарэалізавацца, а не стаць прыдаткам ў выглядзе шасці абласцей ў іншай краіне. І ўсё больш маладых людзей разумее, што нам даўно наспела пара ісці разам з цывілізаваным светам, захоўваючы лепшае, што стварыў народ на пакручастых шляхах гісторыі.

Думаю, што наша праца не дарэмная. Цяпер не тыя гады, калі НКВД разам з пісьменнікамі забірала рукапісы і яны знікалі навечна. Цяпер ёсць Інтэрнэт, часопіс “Дзеяслоў”, радыё “Свабода” з яго рубрыкай “Дом Літаратара” ( вось жа яшчэ адна прычына знішчыць нават само гэтае паняцце!), ёсць адносна незалежныя выдавецтвы. Можа, нам варта было б стварыць Інтэрнэтаўскую бібліятэку нашага СБП... За гэтыя гады мы зразумелі, што калі змагацца, то выйсце ўсё-ткі заўсёды ёсць.

— Цяпер усё беларускае у загане: на БТ з беларускамоуных перадачау засталiся, бадай, «Гаспадар» ды «Праменад з Мiхаiлам Рэвуцкiм», усе айчынныя тэлеканалы за выключэннем «ЛАДу», — цалкам рускамоуныя. Курс дзяржаунай палiтыкi вiдавочны, i ён не на карысць нацыянальным iнтарэсам. I што рабiць пiсьменнiкам?

— Зноў жа — змагацца, як стагоддзямі змагаліся нашыя папярэднікі. Яны намагаліся вярнуць народу як гістарычную памяць, так і гістарычныя сімвалы, пад якімі нашыя продкі атрымлівалі слаўныя перамогі. Нават у страшныя ваенныя часы беларуская інтэлігенцыя змагла арганізаваць сетку беларускіх школак, што не дало расейшчыне пасля вайны змесці ўсё беларускае. Пакаленне, якое атрымала гэтую “прывіўку”, працягвала любіць сваё, роднае, хаця многія страшна заплацілі за гэтую любоў, як, напрыклад, моладзь у Паставах і Глыбокім, якіх адправілі ў сталінскія концлагеры, а некаторых расстралялі. Вельмі спадзяюся, што на гэтым этапе нашага быцця Сібір не будзе ізноўку ўгноеная беларускімі патрыётамі...

— Вольга Мiхайлауна, два гады таму пасаду старшынi СБП заняу малады Алесь Пашкевiч. Ягоная фiгура сталася кампрамiсам, якая дазволiла на той момат захаваць адзiнства Саюза беларускiх пiсьменнiкау. Цi здолеу Алесь Пашкевiч выканаць сваю мiссiю? Пры выбарах новага старшынi СБП хто з пiсьменнiкау мае шанцы узначалiць арганiзацыю?

— Думаю, што Алесь Пашкевіч выканаў сваю місію, бо раскол Саюза быў ўсё ж адтэрмінаваны на той перыяд, на якім многім маім калегам давялося перагледзець свае ранейшыя адносіны да Саюзу пісьменнікаў. І яны, нарэшце, зразумелі, што разбурыць лягчэй, чым ствараць нешта новае — без традыцый, без той патрабавальнасці да таленту, якая даецца толькі тады, калі ў адно гуртуюцца не пакрыўджаныя графаманы, а сапраўды таленавітыя людзі. Мы — не палітычная арганізацыя, нас яднае не імкненне ўзяць уладу, а імкненне спасцігнуць тыя таямніцы Слова, праз якія душа рэалізуе сябе ўсё сваё жыццё.

Што тычыць новай кандыдатуры... Сёння старшынёўскае крэсла — пакутніцкае. Вы добра ведаеце, што было з Някляевым, які ўсё ж здолеў падняцца з бездані, як даставалася мне (БДГ, памятаю, напісала, што на мяне сачынілі рэкордную колькасць даносаў), што твораць зараз з Пашкевічам (яму не не далі абараніць доктарскую дысертацыю і практычна выгналі з працы). Тут трэба казаць пра тое, хто возьмецца трываць штурвал самалёта, агорнутага полымем...

— Многiя беларускiя пiсьменнiкi, як нi прыкра, дажываюць свой век у жабрацтве, часам не маюць сродкау на уласнае пахаванне. Можа, улада не ведае пра недастойныя умовы iхняга жыцця?

— Улада ўсё цудоўна ведае, нават тое, чаго мы, можа, не ведаем самі пра сябе. Яе гэта не клапоціць — мы ж зараз перайшлі ў катэгорыю “класавых ворагаў.” У нас на няўвагу і раўнадушша скардзяцца нават тыя, хто спадзяваўся одамі ці кантатамі засяродзіць на сябе аўгусцейшую ўвагу, пр астатніх і казаць няма чаго. Кароткая падачка — і зноў тое ж раўнадушша, тая ж непавага да таленту.

— Як могуць нашыя продкi назваць цяперашнюю эпоху у гiсторыi Беларусi? Яуна, не «эрай мiласэрнасцi»?

— Эпохай назваць сённяшні час нельга. Думаю, што нічога добрага не застанецца ў народнай памяці ад гэтай сапраўды бязлітаснай і жорсткай пары, бо народная душа, якая ў 1994 годзе ірванулася насустрач пераменам, цяпер сцялася ад страху і нібы застыгла. І нават “усенародныя” святы не могуць растапіць гэтага страху і сцятасці.

Я ўжо не раз пісала пра Дні пісьменства, якія колькі гадоў запар праходзілі амаль без пісьменнікаў, пра жахліва нізкі ўзровень эстрады. Вялікую трывогу выклікае кампанія з аграгарадкамі. Так, дзе-нідзе гэта і сапраўды вырашае жыллёвыя праблемы, але часта, і я магла б прывесці шмат прыкладаў, ледзь не побач з імі пустуюць дамы, і самабытныя вёскі з даўняй гісторыяй знікаюць з мапаў, пакідаючы безаблічны, безназоўны комплекс з сабраным адусюль насельніцтвам, якое не стрымліваюць ні традыцыі, ні любоў да гэтага месца.

Я вельмі хацела б знайсці тую матывацыю, якая прымусіць аграгарадкоўцаў добра працаваць і будаваць будучыню, у якой з імі будуць разам і іхнія дзеці, але пакуль што бачыцца толькі бязмежнае жаданне выпіхнуць сваіх дзяцей у горад, далей ад зямлі, якая па-ранейшаму выцягвае ўсе жылы. Гэтыя жылы выцягваюцца і з настаўнікаў, з бібліятэкараў, якія павінны несці духоўны зарад — а іхнія вочы апушчаныя долу. Таму ў нас з навучальных устаноў выходзяць адно спецыялісты, а не грамадзяне, якія дбаюць пра будучае народу і, ведаючы памылкі папярэдніх пакаленняў, не паўтараюць іх. Шкада, што мы так і не акрыялі ад падаўлення волі і ініцыятывы ў нашых людзей, калі яны адчувалі сябе ўсяго толькі вінцікамі вялізнай дзяржаўнай машыны.

Веру ў іншы час і іншыя магчымасці, а таксама ў здольнасць нашай літаратуры будзіць у чалавеку — чалавечае...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)